У пярэдадзень Калядаў і навагодніх сьвятаў зусім ня хочацца думаць пра сумнае. А тым больш пра палітыку. Але што рабіць, калі не даюць спакою кепскія прадчуваньні. Можа, прычына — ва ўспамінах пра недалёкае мінулае?

25 сьнежня 1998 году прэзыдэнты Беларусі і Расеі падпісваюць Дэклярацыю пра «далейшае яднаньне дзьвюх краінаў».

8 сьнежня 1999 году (на гадавіну Белавескіх пагадненьняў) Ельцын і Лукашэнка падпісваюць у Крамлі Дамову пра стварэньне Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

31 сьнежня 1999 году Барыс Ельцын абвяшчае пра сваю адстаўку з пасады прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Улада пераходзіць у рукі Ўладзімера Пуціна.

31 сьнежня 2006 году з боем курантаў у Маскве падпісваюцца пагадненьні паміж РБ і «Газпромам» пра пастаўкі расейскага газу ў Беларусь па цане 100 даляраў за кубамэтар.

Сёлета ніякіх перамоваў пад Новы год не плянуецца. І эпахальных заяваў, можна спадзявацца, таксама ня будзе. Больш за тое, Расея паднесла Беларусі навагодні падарунак — крэдыт у паўтара мільярда даляраў. І прапануе яшчэ. Што й трывожыць.

Але пра гэта — крыху ніжэй.

Hasta la Vista

У мінулую сераду легенда беларускага фолк‑року гурт «Палац» заняў трэцяе месца па выніках галасаваньня ў паўфінале адборачнага конкурсу, пераможца якога паедзе на конкурс «Эўрабачаньне»‑2008. Рок‑гурт сабраў у той вечар 2438 галасоў. Гэта куды больш, чым сакральная лічба «дэструктыўных элемэнтаў», названая старшынём КДБ Жадобіным, — 1767.

Але адзіны гурт, які сьпяваў на тым конкурсе па‑беларуску, у фінал усё‑такі не патрапіў.

Аўтару гэтых радкоў давялося на свае вочы бачыць, як за беларускіх музыкаў перажывалі й галасавалі ў яго дома. Перажываў і сам аўтар, што для яго ў такіх выпадках не характэрна. Можна не сумнявацца, што гэтаксама за «Палац» перажывалі ў той вечар у сотнях іншых дамоў па ўсёй Беларусі… Але ўсё дарэмна.

Алег Хаменка з партнэрамі нібыта атрымалі галасоў значна менш, чым Руслан Аляхно (звыш 6 тысячаў за кампазыцыю «Hasta la Vista») і Litesound (амаль 4‑ы тысячы). Як вядома, паводле рашэньня журы, разам зь імі ў фінал былі дапушчаныя таксама Гюнэш (якая набрала на 21 голас менш за «Палац») і гурт «По глазам» (420 галасоў).

Думаецца, што вынікам гэтага галасаваньня гледачоў можна давяраць больш, чым вынікам галасаваньня на выбарах. Наўрад ці тут былі падтасоўкі. Цяжка ўявіць, каб журы на чале з шаноўным Міхалам Фінбергам атрымала загад з прэзыдэнцкай адміністрацыі: «Палац» з паўфіналу не выпускаць. Але — на шчасьце ці няшчасьце для «Палацу» — гэтага не адбылося, і на «Эўрабачаньне» ён не паедзе.

Можна было б паразважаць, а дзеля чаго жывым клясыкам беларускай фолк‑рок‑музыкі патрэбны быў удзел у конкурсе папсы? Але ж пра беларускіх рокераў і пра славуты іхны паход да Праляскоўскага сказана, дальбог, дастаткова. Дадаць можна хіба адно — мала хто з удзельнікаў тае грамадзкае дыскусіі ўсьвядоміў, што справа не ў музыках — справа, найперш, у самой публіцы. Якая галасуе, напрыклад, за «девочку трёхтысячных лет».

Зразумела, аднаго выпадковага тэлегаласаваньня занадта мала, каб рабіць нейкія сур’ёзныя высновы. Яно, як сказалі б сацыёлягі, нерэпрэзэнтатыўнае і тычыцца, найперш, густаў глядацкае аўдыторыі ў Беларусі. Але, паклаўшы руку на сэрца, трэба прызнаць, што тыя дзьве з паловаю тысячы галасоў — гэта тое, што мы маем на сёньня.

«…Timeo Danaos et dona ferentes!»*

Прызнацца, спачатку аўтару, як і некаторым ягоным калегам, здавалася, што значэньне візыту Пуціна перабольшваецца ў незалежных СМІ. Тое, што Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы ў Менску не падпішуць, было зразумела, відаць, усім і адразу.

А вось сам візыт, усіх падрабязнасьцяў якога мы дагэтуль ня ведаем, пакінуў дваістае ўражаньне. Абодва ўдзельнікі саміту выглядалі аднолькава незадаволенымі і раздражнёнымі. Здавалася, аднак, што перамовы скончыліся большай няўдачай для Пуціна, чым для Лукашэнкі.

Але вось факт — расейскі крэдыт на 1,5 мільярда даляраў тэрмінам на 15 гадоў Беларусі пераказаны. І міністар фінансаў РФ Кудрын пры сустрэчы зь беларускім калегам Корбутам абяцае, што ў 2008 годзе РБ могуць вылучыць яшчэ 2 мільярды. Трэба было бачыць твар Мікалая Корбута, які яўна ня быў гатовы да падобнай шчодрасьці расейскага ўраду — прынамсі, ня меў на гэты выпадак адпаведных інструкцыяў.

Цяжка не пагадзіцца зь Вінцуком Вячоркам, які пракамэнтаваў вынікі перамоваў так: «І гэты паўтарамільярдны крэдыт, і анансаваныя Кудрыным наступствы азначаюць, што пятля на шыі беларускай эканомікі ўсё больш зацягваецца. Пасьля доўгага тармажэньня гэтай справы — прадстаўленьня Беларусі расейскіх крэдытаў — яна раптам пайшла вельмі лёгка. Адначасова мы атрымліваем з Наваполацку інфармацыю пра перадачу «Нафтану» ў рукі расейскага «Лукойлу»… Мы можам толькі ўявіць, якую страшную для беларускай незалежнасьці, для міру на нашай зямлі цану пагадзілася заплаціць Расеі цяперашняя ўлада за гэтыя срэбранікі».

Гэта кажа беларускі палітык, «зацяты нацыяналіст» — як сказалі б расейскія палітолягі альбо адмыслоўцы ў адміністрацыі Лукашэнкі.

А вось што гаворыць галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў: «Трэба зразумець ступень няпрыязі Ўладзімера Пуціна да Аляксандра Лукашэнкі. Асабістай няпрыязі. Колькі разоў ён яго кідаў, я маю на ўвазе, Лукашэнка кідаў Пуціна. Колькі разоў ён абяцаў і не выконваў. Колькі разоў абяцаньні ішлі адносна газу і адзінай валюты і адносна сыстэмы энэргетычнай бясьпекі… Што трэба зрабіць з чалавекам, каб ён з такім партнэрам гаварыў сем гадзінаў сам‑насам, без памочнікаў, не кажу ўжо — безь перакладчыкаў. Гэта значыць, гандаль датычыў іх будучыні, будучыні Аляксандра Лукашэнкі і будучыні Ўладзімера Пуціна. Думаю, што гэтая дамоўленасьць, хутчэй за ўсё, пакуль не завершылася, мяркуючы з усяго. Менавіта таму прэм’ер (згода Пуціна заняць пасаду прэм’ер‑міністра ў выпадку, калі Мядзьведзеў будзе абраны новым прэзыдэнтам Расеі — ВТ) — запасны крок. Але думаю, што перамовы будуць працягнутыя на нечуваных умовах — тыя паўтара мільярда крэдыту, якія атрымлівае Лукашэнка, не Беларусь, заўважу я, але Лукашэнка…»

Гэтае салодкае слова «anschluß»

Менавіта «Эхо Москвы», заўважым мы, першай выпусьціла ў этэр, са спасылкаю на сваю крыніцу «ў блізкім атачэньні Лукашэнкі», навіну пра тое, што на перамовах у Менску можа быць падпісанае пагадненьне, згодна зь якім Пуцін становіцца прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы, а Лукашэнка ўзначальвае саюзны парлямэнт. А фактычна — становіцца разам зь Мядзьведзевым адным з двух віцэ‑прэзыдэнтаў новай дзяржавы.

Але тое, што гаворыць рэдактар Венядзіктаў — гэта ўжо не спэкуляцыі, гэта ўжо развагі пост‑фактум. Акт перадачы крэдыту Лукашэнку адбыўся. Яму абяцаюць яшчэ й новыя крэдыты. (Як тут не прыгадаць старажытную гісторыю з дарункам данайцаў. Пасьля дзесяці гадоў беспасьпяховай аблогі Троі, Адысэй даў данайцам параду дзейнічаць падманам. Данайцы схаваліся ў вялікім драўляным кані, пакінутым на беразе мора, і калі траянцы завезьлі яго ў крэпасьць, лазутчыкі напалі на горад знутры.)

Венядзіктаў лічыць, што размова ідзе не пра саюз, а пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. Меншае Пуціна не задаволіць.

Слова «аншлюс» ужывае ў перадачы Яўгенія Кісялёва «Ўлада» і палітоляг Вадзім Малкін: «Усе разумеюць, што Аляксандар Рыгоравіч ня вечны, для яго мэханізм пераемніцтва ўнутры ягонай сыстэмы значна больш складаны: куды большы ціск Захаду і замежнага сьвету на Беларусь. І шляхам такога збліжэньня з Аляксандрам Лукашэнкам можна ажыцьцявіць апэрацыю аншлюс, тым самым стварыць некалькі рабочых месцаў у Крамлі, назавем гэтак так».

Праўда, паводле Малкіна, гэты працэс не прывязаны да цяперашняга выбарчага працэсу ў Расеі і доўжыцца ў часе. Іншымі словамі — ён можа пачацца ў кожны момант, які Крэмль палічыць для сябе найбольш зручным.

Ускосна пра амбіцыі Пуціна гаворыць і ягонае інтэрвію часопісу «Тайм», які абвясьціў расейскага кіраўніка «чалавекам году». На пытаньне (інтэрвію было запісанае да паездкі яго ў Беларусь), ці можа ў пэрспэктыве зьмяніцца дзяржаўная канструкцыя Расеі за кошт Беларусі, Пуцін адказвае: «У пэрспэктыве ўсё магчыма».

Што найбольш трывожыць у сёньняшняй сытуацыі, дык гэта тое, што расейская інтэлектуальная эліта, выглядае, занепакоеная меркаванымі плянамі Крамлю, Пуціна ў дачыненьні Беларусі ці ня больш за беларускую апазыцыю.

Не, адных лёзунгаў — «Бацькаўшчына ў небясьпецы!» — недастаткова. Куды важней зразумець, адкуль непасрэдна зыходзіць небясьпека. Што можна ёй проціпаставіць? Які плян дзеяньняў можа прапанаваць апазыцыя?

І самае галоўнае, што рабіць, калі пераважная частка народу за чаркай і скваркай можа нават не заўважыць ніякага аншлюсу, бо ў тэлевізары будзе ўсё тое самае — тыя ж дыктары, тыя ж палітыкі, тыя ж «песьні пра галоўнае»?

Складанасьці перакладу

Калі чытаеш водгукі на форумах, прысьвечаных тэме незалежнасьці на сайтах «Нашай Нівы», «Хартыі», некаторых іншых, ахоплівае дваістае адчуваньне. З аднаго боку, верыш у абсалютна шчырыя пачуцьці ўсіх гэтых хлопцаў і дзяўчат, гатовых, падобна да маладафронтаўцаў, ахвяраваць сабой дзеля Беларусі. А з другога боку — ці хопіць ім сілаў, ведаў, цярплівасьці для доўгай і ўпартай барацьбы. І ці ёсьць каму гэта ім растлумачыць?

Часам мы ў нецярплівасьці прагнем бачыць тое, што нам падаецца зрухамі да лепшага. Што БТ, нібыта, стала менш лаяць апазыцыю, што Лукашэнка павіншаваў Цімашэнку з прэм’ерствам, што зрэдку зьяўляюцца перадачы на беларускай мове, што недзе запісваюць гурт «Крама», што на транспарце гучаць абвесткі па‑беларуску. А ў той самы час міліцыянты зьбіваюць да страсеньня мазгоў хлопца, які выйшаў на мітынг за незалежнасьць, іншаму хлопцу, аўтару графіці, за парушэньні рэжыму на «хіміі» даюць яшчэ паўтара году калёніі, трэцяга судзяць у турме за адмову выдаць паплечнікаў. А ўсе разам, як казаў герой адной літаратурнай пародыі, мы простыя савецкія людзі. То бок, прабачце, грамадзяне незалежнай Беларусі.

А чаго ж мы хацелі? Колькі гадоў змагаўся Ольстэр, перш чым атрымаў у 2007‑м свой легітымны парлямэнт, а значыць, і самакіраваньне? І гэта ў складзе Брытанскай імпэрыі — ня самай горшай і ня самай разьюшанай у гісторыі… У нас ёсьць пакуль адна перавага перад Паўночнай Ірляндыяй. На тэрыторыі Беларусі няма акупацыйных войскаў. Але складанасьць — у іншым.

Наўрад ці варта апазыцыйным беларускім палітыкам выступаць з шапказакідальніцкімі заявамі: «Беларусь сваю незалежнасьць нікому ня здасьць, апазыцыя гэтага не дазволіць, нас мала, але мы ў цяльняшках і г. д.»

Успамінаюцца заявы напярэдадні прыезду Пуціна ў Менск пра тое, што ў справе незалежнасьці Беларусі яна, апазыцыя, не саступіць ні на крок. Справа ня ў тым, што на Кастрычніцкую плошчу тады выйшла зусім няшмат людзей. Адзін зь лідэраў, які заклікаў іх да пратэсту, дазволіў сабе ў той вечар да іх не прыйсьці. Чым бы ні кіраваўся лідэр, якія б важныя сустрэчы ці іншыя абставіны ні заміналі яму зьявіцца на плошчы, ён павінен ведаць: для моладзі, гатовай пратэставаць, гэта стала проста яшчэ адным прыкладам разыходжаньня паміж словам і справай. Сталеньне прыходзіць хутка.

Калі няма што супрацьпаставіць палітыцы ўладаў, калі людзі не разумеюць, дзеля чаго яны павінныя выходзіць на вуліцу, калі няма ўпэўненасьці, што іншыя пойдуць за табой — тады лепей ня клікаць людзей на барыкады. Больш сумленна было б заставацца дома і разам з большасьцю тэлегледачоў галасаваць, скажам, за Аляхно.

Як казаў Тэрмінатар: «Аста ля віста, бэйбі»!

* «…баюся данайцаў, якія прыносяць дары» (Вэргілій — лац;)

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0