Беларускі калегіюм у партнёрстве з Інстытутам «Палітычная сфера» (Беларусь), грамадскімі аб’яднаннямі «Ліберальны клуб» і «Еўрапейскі клуб» (Беларусь), Універсітэтам Вітаўта Вялікага (Літва) і Інстытутам ВКЛ (Літва) абвяшчае набор на новую адукацыйную праграму «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура». Праграма прадугледжвае выкладанне асноваў сучаснай еўрапейскай палітыкі, эканомікі і культуры. Заняткі праводзяць вядучыя беларускія спецыялісты ў гэтай галіне. Апроч лекцыяў і семінараў, праграма ўключае майстар-класы, практычныя заняткі і летнюю школу.

Заняткі будуць праходзіць з 14 студзеня па 31 траўня 2015 года (штосераду з 18.30 да 21.30)

Летняя школа праграмы пройдзе ў чэрвені 2015 года.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя ў атрыманні новых ведаў пра Еўрапейскі Саюз. Прыярытэт надаецца студэнтам старэйшых курсаў і асобам з вышэйшай адукацыяй ва ўзросце да 30 гадоў.

Праграма «Еўрапейскі саюз: палітыка, эканоміка, культура» арыентаваная на засваенне сучасных ведаў і тэхнік інтэлектуальнай працы і не дублюе існуючыя праграмы дзяржаўных і недзяржаўных навучальных установаў.

Сертыфікат Калегіюму не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі. 

Навучаньне ў Калегіюме – бясплатнае.

Набор навучэнцаў ажыццяўляецца на конкурснай аснове і базуецца на выніках сумоўя. Каб атрымаць запрашэнне на сумоўе, неабходна:

1. запоўніць анкету;
2. напісаць матывацыйны ліст.

У матывацыйным лісце вы мусіце апісаць ўласны досвед вывучэння еўрапейскай праблематыкі, матывацыю паступлення на праграму, планы далейшай прафесійнай кар'еры, а таксама ролю навучання ў Беларускім калегіюме ў вашым далейшым жыцці. Памер матывацыйнага ліста – каля 0,5–1 старонкі.

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на kalehium@gmail.com

Асноўныя навучальныя курсы:

- Уводзіны ў сучасную еўрапейскую палітыку (Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, Інстытут «Палітычная сфера»);

- Уводзіны ў еўрапейскую інтэграцыю (Алесь Лагвінец, Вераніка Мазуркевіч, «Еўрапейскі клуб»);

- Усходняя палітыка Еўрапейскага саюза. Дачыненні ЕС і Беларусі (Яўген Прэйгерман, «Ліберальны клуб»);

- Еўропа і яе «іншыя»: культурнае памежжа і сутыкненне цывілізацый (Ігар Бабкоў, кандыдат філасофскіх навук, Інстытут філасофіі НАН Беларусі);

- NATO (АПАД) і еўрапейская палітыка бяспекі(Вячаслаў Пазняк, кандыдат філасофскіх навук, ЕГУ);

- Палітыка памяці ў аб’яднанай Еўропе (Аляксей Ластоўскі, кандыдат сацыялагічных навук, Інстытут «Палітычная сфера»);

- Гісторыя і тэорыя дэмакратыі ў сучаснай Еўропе (Уладзімір Роўда, кандыдат філасофскіх навук);

- Палітыка ЕС ў дачыненні да краінаў Блізкага Ўсхода і Кітая (Аляксандр Філіпаў, кандыдат палітычных навук, Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў);

- Уводзіны ў эканоміку Еўрапейскага саюза (Антон Болтачка, «Ліберальны клуб»);

- Публічная палітыка Еўрапейскага саюза (Вадзім Смок, Інстытут «Палітычная сфера»);

- Еўрапейская медыя-прастора (Аляксей Крывалап, кандыдат культуралогіі, Інстытут «Палітычная сфера»);

- Еўрапейская і еўраатлантычная інтэграцыя (на прыкладзе краін Балтыі) (Андрэй Валодзькін, кандыдат гістарычных навук, Інстытут гісторыі НАН Беларусі).

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0