Паводле карнавальнай традыцыі, якую культывавалі на Каляды ў беларускіх гарадах, у адным катле будуць завараны абрадавы фальклёр, сярэднявечныя танцы, вулічны тэатар і замкавая музыка. Статуі мітычных істотаў на сцэне, даўнія строі, маскі тацораў і музыкаў створаць настрой апантанай весялосьці!
Сцэнар фэсту насычаны навінамі. Упершыню выступіць музычны склад тэатра «Яварына». «Ліцьвінскі хмель» прапануе новазасвоеныя сярэднявечныя танцы. «СтараЛітва» напісала некалькі кампазыцыяў на старабеларускія вершы і выканае іх у выглядзе шаманскіх заклінаньняў. «Келіх кола» і «Рада» выступяць з фальклёрнай каляднай праграмай. «Стары Ольса» выканае падрыхтаваныя адмыслова да Калядаў творы з «Полацкага сшытку». Тestamentum Terrae пазнаёміць з творамі нядаўна запісанага дыску і новаразыгранымі кампазыцыямі. «ЛітвінТроль» выступіць з новым гітарыстам і ўпершыню вынесе на суд грамадзкасьці некалькі новых песьняў, які зараз гурт запісвае ў студыі.
Задача кожнага музыкі паказаць характэрную для Калядаў барацьбу хаосу і парадку. Адпаведная задача і ў танцавальных гуртоў «Яварына» і «Гістрыён», якія будуць пэрыядычна пераводзіць публіку з хаосу ва ўпарадкаваныя танцы і наадварот. Арганізатары чакаюць такіх жа асэнсавана‑хаатычных паводзінаў і ад наведвальнікаў!