Электрамеханік літоўскай дзяржаўнай кампаніі «Паветраная навігацыя» (Oro navigacija) Рамуальд Ліпскі, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць Беларусі, знаходзіўся ў поле зроку спецслужбаў на працягу трох гадоў.

Пра гэта распавяла маці 56-гадовага Ліпскага, які амаль год знаходзіцца ў Лукішкскім СІЗА, Яўгенія Ліпская, піша Delfi. Пенсіянерка, якой сёлета споўнілася 80 гадоў, ніяк не можа паверыць, што яе сын мог перадаваць беларускім спецслужбам важную інфармацыю аб стратэгічных аб'ектах.

Гэтаму не верыць і жонка абвінавачанага, якая таксама працуе ў «Паветранай навігацыі».

Між тым супрацоўнікі ДГБ і Генпракуратуры Літвы сцвярджаюць, што сабралі дастаткова інфармацыі, якія даказваюць віну Ліпскага. У судзе справа пачнуць разглядаць у студзені 2015 года. Слуханне будзе праходзіць за зачыненымі дзвярыма.

— Калі Вы даведаліся, што сына падазраюць у шпіянажы?

— Сын два месяцы не вяртаўся дадому — яго жонка казала, што ён у камандзіроўцы. Я не магла паверыць - ніколі не ад'язджаў, а тут так раптоўна, не развітаўшыся. І яшчэ кудысьці далёка.

Ён не нават не патэлефанаваў — я зразумела, што нешта тут не так. Патэлефанавала яго супрацоўніку, але той нічога не сказаў. Я збіралася ехаць у «Паветраную навігацыю», хацела пагаварыць з дырэктарам, што гэта за камандзіроўка? Але тады прыехалі дзеці, нявестка — сказалі, што ён затрыманы.

— Ён затрыманы ўжо год. Вы ведаеце, у чым яго абвінавачваюць?

- Нічога не ведаю, нам нічога не кажуць, толькі ў газетах чытаем. Якую інфармацыю ён мог перадаваць? Ён з кабелямі працаваў, быў электрыкам. Можа, яго напалохалі, шантажавалі, пагражалі?

Даведаліся, што за ім сачылі тры гады. Але ён нават у Беларусь не ездзіў — ён там 10 гадоў не быў, толькі ў мінулым годзе разам ездзілі прыбрацца на магілах дзядоў і бабуль.

Мы з сынам там былі два дні, мае бацькі там купілі зямлю — 36 га. Верне яе нам Лукашэнка? Ніколі. Я памру, а ніхто гэтую зямлю не ўбачыць.

— Можа, Вы заўважылі, што ён перад арыштам змяніўся — бо яго нешта павінна было гнясці, бо ён працаваў на іншую дзяржаву?

- Не веру, што ён шпіёніў на карысць Беларусі. Ён пра яе ніколі добра не адгукаўся. Што гэта за сябрук Лукашэнка, каб яму інфармацыю перадаваць?

Калі б ён шпіёніў на карысць Беларусі, ён туды часта ездзіў бы. Але ў яго нават візы не было. Была толькі тая аднаразовая, калі ехалі на могілках.

— Калі сцвярджаюць, што ён займаўся шпіянажам, зразумела, што рабіў гэта не за дзякуй. Можа, у апошні час ён стаў лепш жыць?

- Вы жартуеце? Ён заўсёды быў у даўгах — даўгі і даўгі. Нават жонка кватэру заклала, каб узяць крэдыт, я казала, што вы робіце, бо грошы трэба вярнуць.

Якую ён мог збіраць сакрэтную інфармацыю, калі ў яго нават кабінета не было? Ён сядзеў у падвале. Што ён мог фатаграфаваць? Кабель?

(…) Калі яго прызнаюць вінаватым, калі суд абвесціць, што ён - шпіён, мы не супакоімся, будзем шукаць праўду. Можа, Еўрапейскі суд нам дапаможа.

Генпракуратура Літвы паведамляла, што Ліпскага падазраюць у шпіянажы на карысць Беларусі. Падазраюць, што ён таемна фатаграфаваў дакументы ў кампаніі «Паветраная навігацыя» і іншыя аб'екты і перадаваў іх галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню Генштаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

Ліпскаму пагражае турэмнае зняволенне на тэрмін да 15 гадоў.

Кіраўнік Дэпартамента бяспекі Літвы Гедымінас Грына таксама адзначаў, што інфармацыяй, перададзенай шпіёнамі, магла карыстацца і Расія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?