У мяне ніколі не складваліся адносіны з украінцамі. Мякка кажучы, не складваліся. Так выходзіла, што я з імі персанальна не мог дачыняцца, захоўваючы псіхіку здаровай болей за 5 хвілін. Пры гэтым я вельмі паважаў украінцаў агулам. Як нацыю. З рускімі сітуацыя была роўна адваротнай. У мяне з рускімі былі у 9 выпадках з 10 цудоўныя адносіны, пры гэтым я заўсёды разумеў парадокс. Парадокс заключаўся ў тым, што нацыя іхная была заўсёды большай за суму сваіх частак. Большай і страшнейшай. Я гэта разумеў. Адначасова з тым мне ніколі не прыходзіла ў галаву называць украінцаў братамі (ім, заўважу, таксама), а калі рускія лезлі з братэрскімі абдымкамі, я неяк зусім не хацеў плаціць узаемнасцю. Была ў гэтай брацкай вакханаліі нейкая кампанента на стыку парнухі (у якой я ніколі, як чалавек гідлівы, не марыў удзельнічаць нават падчас пубертату) і ўсходняга базару, ад якога я проста вар'яцею.

Што датычыць украінцаў, то мне, для пачатку, не падабалася украінская мова. Вось проста не падабалася, і ўсё. Гэтая завочная нелюбоў, як звычайна і адбываецца, знікла тады, калі я яе (украінскую мову), уласна кажучы, пачуў. Калі я паехаў ва Украіну і пабачыў маладых дзяўчат, хлопцаў, мам, тат, бабуль і дзядуль. І пачуў іх цудоўную мову, на якой яны сварацца, мірацца, вырашаюць, што купіць у краме ці хваляць сваіх дзетак.

Але першага любімага мною ўкраінца я сустрэў (што само сабой смешна) у Тунісе. Гэта быў (і ёсць) найцудоўнейшы, найдабрэйшы, найдушэўнейшы хлопец Андрэй з Івана-Франоўска: на выгляд падобны да маладога, вясёлага, сытага і лагоднага Жана Рэно. Я яго за цялесную валасатасць называў «махнаткам», а ён мяне за тагачасную патлатасць — «патлаткам». Ён размаўляў па-ўкраінску, я па-беларуску. Разам мы ставілі на месца рускіх турыстаў (якія ў Афрыцы абуралісяі з прычыны адсутнасці рускай музыкі), бухалі, загаралі. Ах.

Пасля адбылося шмат яшчэ чаго і завяршылася Майданам-Данбасам, за якімі я, глытаючы камяк у горле, назіраў амаль год. І я убачыў украінцаў. І я пазнаёміўся з украінцамі. З усялякімі рознымі, вельмі мне дарагімі. З аднымі я шмат размаўляю і зараз, за іншымі падглядаю нібы праз замочную адтуліну — праз Ютуб. Чытаю пра іх, чую пра іх. Бачу, што яны кажуць пра беларусаў на сваіх форумах і я разумею: вось людзі з якімі я думаю неяк падобна. Неяк сінхронна.

Такога няма на рускіх форумах. Там, дзе скрэпы, дзе славянскі свет. Там нейкае, я бачу, братэрства? Толькі па-руску. Там рускае братэрства паміж славянамі. Паміж усімі, але рускае. У кагосьці яны выклікаюць тоесныя пачуцці. Я бачыў такіх людзей. На пытанне: «Што такое братэрства паміж беларусамі і рускімі?» — мне адказвалі — «Гэта — калі я люблю ўсіх рускіх».

Гэта мяне не натхняе. Натхняе іншы спосаб узаемадачыненняў, якому я стаў сведкам. Гэта ўзаемаспачуванне, узаемная ветлівасць і ўзаемапавага. Гэта калі ты ўкраінец, а я беларус. Калі ты размаўляеш са мной, седзячы на афрыканскім/беларускім/украінскім пясочку па-ўкраінску, а я з табой па-беларуску. І мы адзін аднаго разумеем і нам няма сэнсу высвятляць, якая з нашых моў ад якой утварылася, наколькі трывалыя ў нас скрэпы. Мы і так ведаем, што такое добра, а што такое кепска. Нам няма чаго дзяліць і няма ў чым адзін аднаго папракаць. Калі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!». Мы разам спяем на стадыёне песні, якія ніколі не зможам спець з рускімі. Ды і з літоўцамі, на жаль, «нікогда мы не будем братьямі, ні по Вітовтасу, ні по Альгердасу». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?