Ад 1 студзеня пачынаецца чарговы страйк прадпрымальнікаў
Акурат скончыцца пераднавагодняя пакупніцкая ліхаманка і запануе на рынках зацішша.
Калі да новага году ня будзе ўведзены мараторый на ўказ прэзыдэнта №760, які забараняе дробным гандлярам мець наёмных рабочых, то ад 1 па 15 студзеня прадпрымальнікі будуць праводзіць страйк. Пра гэта на сёньняшняй прэс‑канфэрэнцыі паведаміў старшыня кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.
Максымальнай задачай, якой прадпрымальнікі будуць дамагацца ў наступным годзе, будзе зьяўляцца прыняцьцё палатай прадстаўнікоў у першым паўгодзьдзі 2008 году закону «Аб малым і сярэднім бізнэсе». На думку Віктара Гарбачова, 2008 год стане апошнім у існаваньні індывідуальных прадпрымальнікаў. «Праз год іх ня будзе зусім», — кажа ён.
Што будзе пасьля 15 студзеня, калі ўлады ня пойдуць на саступкі, гандляры пакуль гаварыць ня хочуць, каб загадзя не рассакрэчваць свае пляны.
Зьміцер Панкавец
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ