«Вялікай падтрымкай была перадача ад пратэстанцкай царквы са словамі ўдзячнасьці», – успамінае акрэсьцінскі побыт 39-гадовы Зьміцер Марчук.

Я, Зьміцер Марчук, 39 гадоў, бацька 2 дзяцей, эканаміст-мэнэджэр зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, былы талаковец і народны франтавік (з 1989 г.), сацыял-дэмакрат (з 1995) і хрысьціянскі дэмакрат (з 2005). Палітычным вязьнем стаў у трэці раз, калі не лічыць некалькіх арыштаў на тры гадзіны.

Упершыню я патрапіў у турэмную камэру на Акрэсьціна ў Менску ў 1996 г. у 10-я ўгодкі чарнобыльскай катастрофы. Нас схапілі тады ў штабе БНФ. Двухмэтровыя гарылы ў масках выносілі нас за рукі і ногі, кідалі ў перапоўнены аўтобус і пужалі, што павязуць у Курапаты. Празь некалькі гадоў я быў асуджаны на 3 сутак за выкрыкваньне антыдыктатарскіх лёзунгаў падчас дэманстрацыі 1 Мая. Апошнім разам я быў схоплены на Плошчы імя К.Каліноўскага – 24 сакавіка, а 3-й ночы – калі стаяў у ланцугу вакол намётавага гарадку. 20 сакавіка я ўзяў адпачынак на працы і ад самага пачатку быў на Плошчы.

Гэтым разам нас набілі ў крытыя грузавікі так, што мы сядзелі адзін на адным. Нас было столькі, што рэпрэсіўная сыстэма, расьпіхваючы нас па судах і камэрах цэлыя суткі, не пасьпела нават пакарміць. Камэры былі перапоўненыя, хоць і ёсьць новы корпус на Акрэсьціна, а шмат каго разьвезьлі па іншых турмах. У пяцімясцовыя камэры саджалі па 8 чалавек. Але й гэта прагрэс, бо ў 1996 г. у 8-мясцовую камэру саджалі 23 чалавекі. Разам са мной у камэры №37 сядзелі: доктар-тэрапэўт Віктар Вееўнік (1955), дантыст Сяргей Жлоба (1970), эканаміст Павал Рахманаў (1983), праграміст Аляксандар Брадзінскі і студэнты: Мікіта Васількоў, Павал Сінькевіч і Іван Садоўскі.

Судзьдзя Н.Пясенка з Кастрычніцкага раёну Менску асудзіла мяне на 10 сутак на падставе рапартаў работнікаў міліцыі А.Цітова і А.Дарковіча.

Прыходзілася спаць у вопратцы, у якой нават на майдане ў маразы было цяплей. Пасьля першай ночы я прастыў, а ў многіх зьявіўся насмарк і кашаль. У апошні дзень майго знаходжаньня захварэў апошні здаровы хлопец.

Мы кашлялі ня толькі ад холаду, але і ад пылу, які назьбіраўся пад ложкамі таўшчынёй у 3–5 см. Для фармальнасьці прыходзіла доктарка, але лекаў у яе не было. Яна параіла, каб я папрасіў у бацькоў прынесьці лекі. Але нам забаронена было тэлефанаваць дамоў!

Такім чынам мае бацькі і жонка цягам трох дзён ня ведалі, дзе я. Мой 75-гадовы бацька, шукаючы мяне, тэлефанаваў і прыходзіў на Акрэсьціна, але міліцыянты кідалі слухаўку або хлусілі, што мяне няма ў сьпісах вязьняў. Так прастаяў дзень на холадзе. Бацька так і сказаў, што іншага і ня можна чакаць ад дыктатуры. Лічу, што і сваякі вязьняў таксама – героі і пакутнікі.

Мы як маглі змагаліся за свае правы ў турме. Патрабавалі ўключыць мацней ацяпленьне, даць магчымасьць патэлефанаваць дамоў, прынесьці нам швабру і анучу, даць лекаў, звадзіць у душ і на прагулку, палепшыць харчаваньне, выключаць святло ў начы і ўключаць удзень. Некаторыя патрабаваньні былі выкананыя.

Пратэставалі мы як маглі. Вярталі няякасную ежу, крычалі «Жыве Беларусь», сьпявалі патрыятычныя песьні, маліліся супраць д’яблавай улады ў Беларусі, на хамства міліцыянтаў адказвалі добразычлівасьцю, гумарам і абяцаньнем паскардзіцца ў адпаведныя органы і ў АБСЭ.

Адзін зь міліцыянтаў, ад якога мы патрабавалі ставіцца да нас, як да людзей, адказаў, што ён таксама не сабака. І гэта гучала сьмешна, бо ён не гаварыў, а лаяўся.

Адзінае, на што мы не адважыліся, дык гэта на галадоўку, як некаторыя ў іншых камэрах. Вырашылі, што гэтаму антычалавечаму рэжыму напляваць на нашае здароўе і нашае жыцьцё.

Вялікай падтрымкай была перадача ад пратэстанцкай царквы з брашуркай «Хлеб наш надзённы», дзе зьмешчана была цыдулка са словамі ўдзячнасьці і падбадзёрваньня, што вернікі за нас моляцца і посьцяцца, называючы нас героямі Беларусі і абаронцамі праўды, якая ад Бога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0