Аматары статыстыкі здагадаюцца, пра што перадача з назвай «54%», якая выходзіць на тэлеканале «Белсат». Менавіта столькі ў Беларусі, паводле перапісу, жанчын.

Жаночы погляд на войска. Як прыгожа апранацца ў Беларусі. Ці лёгкая справа нараджаць, ці няправільна быць нязамужам і калі кабета становіцца старой бабай. Натуральна, пра асалоду ў жыцці жанчыны… Гэтым ды іншым тэмам прысвечаная перадача. Пра тое, як жывецца гендэрнай большасці, ці сапраўды грамадства і дзяржава няроўна дзеляць паміж жанчынамі і мужчынамі, мы паразмаўлялі з аўтаркамі і вядоўцамі перадачы «54%» Алінай Коўшык і Кацярынай Барушкай.

«У перадачы хацелася не развязваць праблемы (бо гэта часцяком немагчыма), не прапаноўваць нейкі панацэйны адказ, а найперш ставіць пытанні і даваць глебу падумаць», —

кажа Аліна Коўшык.

Кацярына Барушка зазначае, што праграма не мае на мэце паказаць мужчынам, што яны ў нечым вінаватыя: «Мэта — развіваць уражлівасць беларусаў да меркавання іншых. У нас усіх паўсюль грабуць пад адну грабёнку, усім мусіць усё пасаваць. А кожны ж мае свае адметныя праблемы. Нам хочацца прыцягнуць увагу да гэтай разнастайнасці. І пачаць з самага відавочнага адрознення — полу.

Толькі калі мы навучымся прыслухоўвацца да меркаванняў усяго грамадства, а не толькі да праўладнага або апазіцыйнага мэйнстрыму, тады насамрэч будзем заслугоўваць прэзідэнта іншага, чым Лукашэнка».

Перадача «54%» — і дарадча-прыкладная, і светапоглядна-праблемная. Ці маюць беларускія жанчыны час на здумленні пасярод побытавых і працоўных завіханняў?

«Гэта і было нашай задачай — перадусім падштурхнуць да мыслення, нягледзячы на нашую занятасць, зацяганасць і часам безвыходнасць. Пабачыць нешта большае, чым штодзённасць, і заўважыць у гэтай штодзённасці новыя колеры», —

гаворыць Аліна.

А ці мяняюцца неяк роля і статус жанчын у Беларусі апошнім часам?

«Нас 54%. Жанчыны заўсёды рулілі Беларуссю, але іх роля ніколі не падкрэслівалася, а наадварот — заніжалася, — перакананая Аліна Коўшык. — Цяпер мы вельмі актыўныя і прадуктыўныя, і хочацца, каб мы самы ведалі найперш нашую вартасць. Каб маглі жыць уласным жыццём, а не дзейнічаць паводле стэрэатыпаў».

 

«Фрыгідныя» і «мужчыны-анучы»

Кацярына Барушка лічыць, што ў беларусак ёсць цудоўная магчымасць карыстацца заходнімі дасягненнямі фемінізму і пазбягаць тамтэйшых памылак:

«Напрыклад, у 70-х у Штатах жанчыны марылі працаваць на роўных з мужчынамі. Але хатняя гаспадарка як была суцэльна іхняй адказнасцю, так і засталася. Так жанчыны атрымалі падвойную нагрузку.

Дый пачаўся дэструктыўны ацэначны дыскурс: хто насамрэч паспяховая жанчына — тая, што прысвячае сябе дзецям, ці тая, каторая мае высокую пасаду? Сапраўдная роўнасць — не ацэнка жанчынаў па мужчынскіх крытэрах. Паспяховасць жанчыны можа ацаніць толькі яна сама».

Вядучая «54%» перакананая: «Варта не проста рабіць усё, як мужчыны, а дамагацца пашаны да сваіх заняткаў. Хай гэта будзе гадаванне дзяцей (будучыні нацыі) ці дабрачыннасць (праца на карысць грамадства).

Плённае і справядлівае тое грамадства, у якім абавязкі падзеленыя па дамоўленасці і з увагай да патрэбаў, здольнасцяў і жаданняў максімальна большай колькасці грамадзянаў.

Ды мы б проста развіваліся куды больш гарманічна, каб умелі эфектыўна выкарыстоўваць жаночы патэнцыял. Напрыклад, гнуткі графік працы, калі ўлічваецца вынік, а не колькасць гадзінаў за «кампом». Пакуль большасць хатніх абавязкаў і так на жанчынах, такі падыход дазволіў бы большай колькасці з нас рабіць інтэлектуальны ўнёсак у развіццё грамадства, спрычыняцца да фінансавага дабрабыту, дый проста весці больш разнастайнае жыццё. Таму не магу зразумець тых беларускіх палітыкаў, якія нібы і імкнуцца да дэмакратыі, але на практыцы не жадаюць зважаць на адметныя патрэбы 54% беларускага грамадства».

Кацярыне Барушцы наогул абрыдла, па яе словах, вычварэнскае разуменне фемінізму: «Усе гэтыя «незадаволеныя жыццём», «фрыгідныя», «імкнуцца стаць мужыкамі», «бабы на сябе цягнуць» і іншая сексісцкая атрыбутыка.

Фемінізм — гэта рух, які змагаецца за роўныя правы мужчынаў і жанчынаў. Ключавое слова — роўныя і правы. Роўныя — каб не ствараць ані жанчынам, ані мужчынам нейкія выключныя ўмовы.

Каб мужчыны мелі права на, скажам, такі ж адпачынак па даглядзе за дзіцем. Або тыя, хто выбраў займацца домам, а не кар’ерай, жылі вольнымі ад стыгматызацыі «мужчыны-анучы». Роўнасць таксама азначае змену стаўлення да мужчынаў як абавязаных паставіць жанчынам футра, золата ці махіта.

Людзі пагарджаюць фемінізмам або ад неразумення, што гэта такое, або з-за інфантыльнасці.

Так, часта сустракаю актыўных, паспяховых, ініцыятыўных жанчынаў, якія жывуць жыццём ідэальна феміністычным, але чамусьці папярэджваюць, што не феміністкі, бо любяць сукенкі і клапаціцца пра дзяцей. Даражэнькія! Гэта нічым фемінізму не супярэчыць. Густ у вопратцы і жаданне гадаваць дзяцей — гэта менавіта тое права на выбар, за якое феміністкі і змагаюцца».

Дык якія і хто яны, узорныя беларускі?

«Узоры — яны па-над гендэрам і па-над нацыянальнасцю. Узоры — тыя, хто ставіцца да іншых з пашанай, не навязваюць нейкія абстрактныя ролі і чаканні. Узоры — тыя, хто мае адвагу быць сабой і працуе на карысць грамадства», — лічыць Кацярына Барушка. І прыводзіць такі прыклад: «Мэрыл Фрэнк — амерыканская палітык і дыпламатка. Яе карані — на Гродзеншчыне. Яна 10 год была губернатарам гарадка ў штаце Нью-Джэрсі, а перад гэтым 12 год займалася выключна гадаваннем сваіх траіх дзетак. Яна вырашыла заняцца палітыкай, бо хацела змяніць якасць адукацыі ў сваім горадзе. Яна перамагла ў колішняга губернатара, бо мела фантастычны сацыяльны капітал, вельмі жаноцкі: часта бывала на бацькоўскіх сходах, вазіла дзяцей на футбольныя гульні і дні народзінаў, дзе і пазнаёмілася з будучымі выбаршчыкамі».

«Безумоўна, нам ёсць кім ганарыцца, хоць жанчыны не так бачныя ў публічнай прасторы. Важна быць найлепшай у тым, што ты робіш, нават калі гэта нешта сціплае. Узор — гэта жанчыны, якія не баяцца ісці насуперак стэрэатыпам. Пра такіх мы ў «54%» і распавядаем», — кажа Аліна Коўшык.

* * *

Перадачу «54%»

можна глядзець у эфіры «Белсата» кожную другую сераду месяца а 22.05, а таксама на сайце тэлеканала belsat.eu.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?