Забарона на пастаўкі заходніх прадуктаў харчавання ў Расію — часовая з'ява. Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін сёння на нарадзе з членамі ўрада.

Прэзідэнт Расіі выказаў незадаволенасць ростам цэн у краіне. Пры гэтым ён выказаў разуменне, што шэраг пытанняў, звязаных з ростам цэнаў, маюць аб'ектыўны характар. У прыватнасці гэта тычыцца імпартных тавараў, цэны на якія растуць у сувязі з падзеннем курсу расійскага рубля з-за зніжэння сусветных коштаў на нафту.

У якасці другой аб'ектыўнай прычыны росту цэн Пуцін назваў абмежаванне ўвозу ў РФ імпартнага харчавання. «Мы лічым, што гэта часовая з'ява», — сказаў ён, дадаўшы, што цяперашняя сітуацыя па цэнах звязана з выдаткамі расійскіх кампаній, з неабходнасцю павялічыць вытворчасць. У канчатковым выніку гэта пойдзе на карысць і сельгасвытворцам, і ўсім грамадзянам краіны, лічыць прэзідэнт РФ.

На нарадзе Пуцін запатрабаваў ад Федэральнай антыманапольнай службы пракантраляваць рост цэн у Расіі на бензін пры агульным зніжэнні кошту нафты. «Некаторыя рэчы выклікаюць пытанні. Вось на 10% на 1 снежня павялічыліся цэны на нафтапрадукты пры зніжэнні сусветных коштаў на 35%», — сказаў ён. «Але і гэта яшчэ не ўсё, гэта б не выклікала асаблівых пытанняў, хоць яны, безумоўна, ёсць, асноўны рост зафіксаваны ў рознічным сектары, у той час як у аптовым цэны зніжаюцца», — падкрэсліў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?