У панядзелак 8 снежня у Дрэздэне прайшла чарговая антыісламская дэманстрацыя, арганізаваная грамадскай ініцыятывай PEGIDA (Patriotischen Europäer gegen die Islamisierung des Abendlandes), што значыць «Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захада».

Дадзеная ініцыятыва ладзіць такія мерапрыемствы ў Дрэздэне ўжо трэці тыдзень запар, і кожны раз колькасць удзельнікаў павялічваецца. Калі на першую дэманстрацыю прыйшло каля 5 тысяч чалавек, на другую – больш за 7, дык учарашняя сабрала больш за 10 тысяч удзельнікаў.

Прыкладна 11 тысяч чалавек прайшлі маршам увечары ў цэнтры Дрэздэна, каб выказаць сваю пазіцыю наконт радыкалізацыі мусульман у Германіі, а таксама павелічэння колькасці імігрантаў у Германію. Цікава, што ініцыятыва PEGIDA стараецца праводзіць свае мітынгі і маршы менавіта па панядзелках. Магчыма, гэта паралель з панядзелкавымі дэманстрацыямі, якія мелі месца перад разбурэннем Берлінскай сцяны 25 год таму.

Варта падкрэсліць, што дэманстрацыя насіла цалкам мірны характар. Не было бачна прадстаўнікоў ультраправых субкультурных элементаў. На фатаграфіях з мітынгу можна пабачыць звычайных немцаў сярэдняга ўзросту. Гэта не было субкультурным зборам кшталту дэманстрацый футбольных хуліганаў і іншых радыкальных элементаў, якія праводзіліся ініцыятывай HoGeSa (Hooligans gegen Salafisten) – «Хуліганы супраць салафітаў». Арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемстваў PEGIDA у сваіх заявах дыстанцыруюцца ад радыкальна правых сілаў.

Гэта бачна не толькі па іх заявах, але таксама па характары дэманстрацый і тых лозунгах, якія яны выкарыстоўваюць. Так, на адным з плакатаў намаляваны чалавечак, які выкідвае ў сметніцу свастыку, чырвоную зорку, сімвал так званага «антыфашысцкага супраціву», а таксама сцяг «ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта». Гэта азначае, што PEGIDA адмаўляе любыя формы радыкалізма. Таксама на расцяжках і транспарантах дэманстрантаў магчыма было прачытаць лозунгі кшталту «Мы – народ», «Супраць рэлігійнага фанатызму», «Супраць рэлігійных войнаў на нямецкай зямлі», «За будучыню нашых дзяцей».

Цікава, што адначасова з антыісламскай дэманстрацыяй PEGIDA была арганізавана дэманстрацыя супраць дадзенай ініцыятывы, якая таксама сабрала некалькі тысяч прыхільнікаў. Яе ўдзельнікі выступілі з лозунгамі «Я не нацыст… Але… Але хто?» і «Рады бачыць бежанцаў». Сярод удзельнікаў контр-дэманстрацыі ў Дрэздэне былі члены мясцовага ісламскага цэнтра, яўрэйскай абшчыны, асацыяцыі замежных жыхароў і групы пад назвай «Дрэздэн без нацыстаў».

Адной з прычын узростання антыісламскіх настрояў у нямецкім грамадстве эксперты называюць вялікую колькасць бежанцаў, якія прыбываюць у Германію. Так, толькі ў гэтым годзе краіна папоўнілася прыкладна дзвюма сотнямі тысяч бежанцаў, што на 60% перавышае падобны паказчык мінулага года. «Паводле наяўных ацэнак, усяго 230 тысяч прашэнняў аб прадастаўленні прытулку з’яўляецца цалкам дасяжным паказчыкам», – так Манфрэд Шміт, кіраўнік Федэральнага ведамства па справах міграцыі і бежанцаў, пракаментаваў планы па прыёме бежанцаў Германіяй на 2015 год у інтэрв'ю нямецкай рэгіянальнай газеце Rheinische Post.

На сённяшні момант колькасць членаў суполкі PEGIDA ў сацыяльнай сетцы Facebook налічвае больш за 37 тысяч чалавек. Таксама ў ініцыятывы ёсць уласны сайт, на якім яны інфармуюць аб сваіх дэманстрацыях і іх рэзультатах. Нямецкія праціўнікі ісламізацыі спрабуюць арганізоўваць акцыі не толькі ў Дрэздэне, але і ў іншых гарадах краіны – так, ужо прайшла першая невялікая дэманстрацыя ў Дзюсельдорфе, якую на сайце назвалі «прагулкай». Да таго ж ёсць спробы арганізаваць антыісламскія дэманстрацыі і ў Берліне – другім пасля Стамбула горадзе ў свеце па колькасці пражываючых там турак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?