Недзе два тыдні таму спатрэбілася мне па журналісцкіх справах паразмаўляць з адным фермерам. Цікава было, што ён, самастойны, так бы мовіць, гаспадар, думае пра тое, чаму катастрафічна старэе калгасная вёска.

Спярша, зразумела, стэлефанаваўся. Што праўда, толькі пад вечар — увесь час фермер быў «часова недаступны». Нарэшце ў мабільніку прарэзаўся сіпаты голас: «Што вам трэба?» Праз трэск і піск чулася, як недзе паблізу працуе тэлевізар. Я назваўся, папрасіў прабачэння і пачаў тлумачыць, дзеля чаго турбую і прашу аб сустрэчы. Маўляў, хачу ведаць ваш пункт гледжання… «А што, ва Украіне нешта залежыць ад майго пункту гледжання?!» І раптам, не паспеў я запярэчыць, што Украіна тут ні пры чым, як мабільнік ці не ўзарваўся: «Усё з-за такіх, як ты, підарасаў!.. Пайшоў ты..!»

«Так, — падумаў я, — такога ў тваім журналісцкім жыцці яшчэ не было. Было, што настаўлялі «пушку». Дык тады справа мелася з крымінальнікам, рэцыдывістам, якому, смеху варта, намагаўся дапамагчы ўладкавацца на працу. А тут?!». Нават калі п’яны, дык ці не з цвярозай думкі скінуліся на язык тыя праклёны? А якая яна, ягоная цвярозая думка пра Украіну, на які схіляецца бок?.. Ці гэта тэлевізар дастаў?..

Яно, канечне, забыцца б на непрыемны выпадак: ну, нявыхаваны чалавек, бескультурны… Але чамусьці не забываецца. Усё часцей і часцей я ўяўляю сабе, як ён, зрабіўшы ўсе свае штодзённыя фермерскія справы, цяжка валіцца ў крэсла, бярэ пульт і націскае кнопку за кнопкай…

Нібыта на гашэтку.

Так, падумаў я, нават калі ён адзіны такі нявыхаваны на ўсю краіну, у іншай, нармальнай рэчаіснасці гэты нястрымны выкід агрэсіі быў бы немагчымы. І наадварот: магчымы толькі ў той рэчаіснасці, асяродак якой — вайна, а ўсе мы ў той ці іншай ступені, у тым ці іншым сэнсе яе ўдзельнікі і ахвяры.

Удзельнікі і ахвяры вайны, распачатай яшчэ задоўга да пуцінскай, калі агрэсіўнасць сталася ўсеабдымным сродкам адносін беларускай улады з грамадствам.

Ёсць відавочныя ахвяры гэтай вайны — збітыя дэпутаты колішняга Вярхоўнага Савета, зніклыя з жыцця папулярныя палітыкі, сотні злупцаваных амапаўскімі дручкамі ўдзельнікаў Плошчы, дзясяткі палітычных вязняў… Нават лукашэнкаўская наменклатура — відавочная ахвяра гэтай вайны, нягледзячы на катэджы і прывілеі…

Але ёсць і невідавочныя ахвяры — ці не ўсе мы. Бо над усімі і ва ўсіх пануе яўны ці загнаны ў падсвядомасць Вялікі Страх.

Знешне — мітуслівая абыякавасць. Насамрэч — страх.

Сёння да безлічы маленькіх страхаў дадаўся Вялікі Страх рэальнай вайны і канчатковай страты незалежнасці. Што праўда, розны ў розных яго носьбітаў.

Страшыцца фермер — згубіць сваю гаспадарку…

Страшыцца нацыянальная апазіцыя — згубіць Айчыну…

Страшыцца Лукашэнка — згубіць дзяржаву.

Мо ўпершыню за 20 гадоў страх згубіць уладу стаўся роўным са страхам згубіць дзяржаву. Нават памяняўся месцамі, з чаго і пачаўся нібыта пошук падтрымкі з боку «хороших националистов»…

З таго боку ўжо хто толькі ні выказаўся — ад сур’ёзных аналітыкаў да апазіцыйных палітыкаў і публіцыстаў. Сяргей Навумчык нават зрабіў спробу псіхааналізу, што, па шчырасці, асабіста мне падаецца найбольш набліжаным да разумення лукашэнкаўскіх нечаканасцей і супрацьлегласцяў накшталт «добрых нацыяналістаў» і «ненавіджу нацыяналізм». Ды іншых, усім добра вядомых…

Але ці сапраўды, як лічыць Пётра Рудкоўскі, адчынена «акно», калі не робіцца а-ні-чо-га практычнага ў кірунку стварэння нацыянальнай і грамадскай еднасці? Па фактах — роўна наадварот: ад утрымання за кратамі палітычных вязняў да расійскіх авіябазаў.

Ці сапраўды нечаканасці, калі нязменнай застаецца створаная ў краіне сістэма кіравання праз своеасаблівы пульт: хачу — націсну кнопку «жэстачайшэ», хачу — «лібералізацыя»… За дваццаць гадоў тых кнопак не пералічыць. Сёння ліхаманкавае націсканне кнопак на пульце самаўладнага кіравання тлумачыцца, па-мойму, тым самым Вялікім Страхам. Не апазіцыі, не, тут амаль усе «харошыя». Страхам Вялікай Вайны і разяўленай пуцінскай пашчы. Страхам таго, што не ў ягонай магчымасці прадухіляць фатальнае развіццё падзей, няма на ягоным пульце такой кнопкі. Вось і застаецца націскаць на кнопку «страх» – пужаць народ вайной і Майданам.

Між тым, менавіта з Вялікага Страху нараджаюцца Вялікія Войны.

…Колькі гадоў таму на сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных расійскіх СМІ Аляксандр Рыгоравіч прызнаўся: «У галоўных рэдактараў буйных беларускіх выданняў ёсць прамая кнопка сувязі з прэзідэнтам». Не ведаю, ці скарыстаўся ёю галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты, калі ў сваёй калонцы «Жизнь по уставу» (нумар «СБ» за 2 снежня) пужаў Майданам, тым, які ён «бессэнсоўны, бязлітасны і злы». «Нам… гэта трэба?» — пытаецца Павел Якубовіч, забыўшыся на тое, што Майданы з націскання кнопкі не ўзнікаюць.

І сапраўды, адкуль яму ўзяцца, гэтаму бязлітаснаму Майдану, калі, па Якубовічу, у нашай краіне «цалкам нармальны жыццёвы лад, якім ёсць штодзённы беларускі быт»?

Хачу параіць Паўлу Ізотавічу ўдакладніць гэты аптымістычны тэзіс у згаданага фермера.

Нумар тэлефона ў мяне захаваўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?