Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Міністэрства замежных спраў Беларусі дыверсіфікаваць экспарт, знайсці новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі. Такую задачу ён паставіў перад МЗС падчас сустрэчы 12 снежня з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Мы не маем ніякіх амбіцый на міжнароднай арэне, не пазіцыянуем сябе глабальным гульцом, не лезем у чужыя праблемы і справы. Дай бог, вырашыць свае, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы не хочам ствараць ніякіх праблем не толькі нашым суседзям, але і любой дзяржаве ў свеце, ды і не здольныя гэтыя праблемы ствараць. Мы не прыгадаем ніводнага выпадку, каб хтосьці з суседзяў нам выставіў прэтэнзіі, што мы перашкаджаем жыць». 

«Наша эканоміка адкрытая, і пераважная большасць усяго, што вырабляецца ў краіне, прадаецца на знешніх рынках. Адсюль наша знешнеэканамічная стратэгія», — падкрэсліў Лукашэнка. 

«Учора мы дамовіліся, што павінны вызначыцца ва ўрадзе і звярнуць яшчэ больш увагі знешнепалітычных прадстаўніцтваў Беларусі на вырашэнне гэтых праблем. Трэба, каб кожны пасол цяпер быў азадачаны праблемамі экспарту, асабліва ў сувязі з тым, што адбываецца на расійскім рынку. Гэта наш асноўны рынак, амаль палову прадукцыі мы прадавалі туды. І вы бачыце, што там адбываецца. У Казахстане таксама сітуацыя няпростая, не так нядаўна яны дэвальвавалі сваю нацыянальную валюту. Зусім разбітая Украіна, гэта таксама адзін з нашых асноўных рынкаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Дыверсіфікацыя экспарту, пошук новых рынкаў — пытанне першараднай важнасці, пытанне выжывання нашай краіны, і з гэтага трэба зыходзіць, перш за ўсё, Міністэрству замежных спраў», — заявіў ён. 

«Для вырашэння гэтых пытанняў вы асабіста павінны задзейнічаць усе рэсурсы, якія ёсць у Беларусі, — звярнуўся Лукашэнка да Макея. — Калі ёсць неабходнасць — увесці мяне ў курс справы, і я гатовы ў гэтым кірунку дзейнічаць. Гэта важныя задачы, якія стаяць сёння перад знешнепалітычным ведамствам і ўрадам у цэлым». 

«У сваю чаргу, — паведамляе прэс-служба, — міністр адзначыў, што МЗС імкнецца праводзіць шматвектарную палітыку, палітыку дыверсіфікацыі. Ён звярнуў увагу на пачатак нармальнага прагматычнага дыялогу з краінамі Еўрапейскага саюза, Амерыкі, Азіі і пазітыўныя тэндэнцыі па экспарце. Так, па выніках 10 месяцаў гэтага года назіраецца паляпшэнне экспартных паказчыкаў з краінамі Амерыкі, Азіі і, што немалаважна, з краінамі ЕС». 

Кіраўнік ведамства таксама звярнуў увагу на такі важны з яго пункту гледжання фактар — на фоне павелічэння экспарту ў краіны ЕС назіраецца зніжэнне імпарту, амаль на 10%. 

Макей праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб выніках дзейнасці міністэрства ў гэтым годзе, аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і рознымі рэгіёнамі, аб працы інтэграцыйных структур. 

Паводле яго слоў, МЗС ужо падрыхтаваў прапановы па новых формах працы на знешніх рынках, якія ўлічваюць спецыфіку цяперашняй міжнароднай сітуацыі, у тым ліку эканамічнай. У найбліжэйшы час гэтыя прапановы будуць накіраваны ва ўрад. 

На сустрэчы размова ішла таксама аб знешнепалітычных мерапрыемствах з удзелам Лукашэнкі, якія плануюцца на 2015 год. 

Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы быў унесены шэраг кадравых прапаноў, паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?