Напярэдадні Калядаў і Новага года ў «Лідскага квасу» з’явіўся новы гатунак «Зімовы». Напісаў гэты сказ ды падумаў, што вельмі па-рэкламнаму ён выглядае. Не, такой мэты ў мяне зусім няма.

Я купіў «Зімовы» ды адпісаўся ў фэйсбуку, што гатунак гэты мне вельмі спадабаўся. Адметнага ў ім – характэрны смак чарнасліву. Беларускія вытворцы квасаў дараслі да таго, што здольныя вырабляць не проста напой з класічным смакам, але і крыху эксперыментаваць.

Летам з’явіўся квас «Хатні» са смакам журавін. Таксама даволі адметны. Увогуле, калі прызнацца шчыра, то з усяго сённяшняга кваснога выбару, перавагу звычайна аддаю якраз такі «Хатняму». Летам дык увогуле гэты напой ідзе літрамі.

З іншых адметных — белы квас ад усяго таго ж Лідскага завода. Ён менш салодкі, але адметнай кіслінкай, чым традыцыйны. Хаця прыходзілася чуць як некаторыя сябры ды знаёмыя называлі яго «бабскім». Хаця, прызнацца, неяк недарэчна бачыць на Лідскім квасе цытыту з Пушкіна: «Им квас как воздух был потребен».

Свой квас таксама выпускае піўзавод «Крыніца». У іх ёсць два гатункі — «Старажытны» і «Лета 988» (частка партыі выходзіць у крутых шкляных бутэлечках). Хаця сам я не вялікі аматар гэтых гатункаў. Хіба што ў вулічных шалманах няма ніякага іншага.

Раней у такіх разліўных кропках у горадзе яшчэ вельмі часта прадавалі квас «Беларускі», які вырабляў Брэсцкі піўзавод. Але гэты квас занадта салодкі. І падаваўся нейкі ну зусім ненатуральным. Усё ж квасы натуральнага браджэння, як пішуць на этыкетках, хаця я не надта разбіраюся ў рэцэптуры, у разы смачнейшыя за сваіх канкурэнтаў.

Хаця вось адзін з калег сказаў на днях, што ягоная дачка найбольш любіць «Квасыч», бо ён саладзейшы за астатнія.

Яшчэ гэтым летам у Наваградку пакаштаваў найсмачнейшы рысавы квас. Так шкада, што далей гэты прадукт нікуды не экспартуюць. І выпіць яго можна толькі ў горадзе Міндоўга і Міцкевіча.

Але папраўдзе самы смачны квас, які я піў, рабіўся ўласнымі сіламі. Штовясну нарыхтоўваўся бярозавік. Яго збіралі з дрэваў каля дома, ездзілі ў лес, ці хадзілі на засценне. Злівалі бярозавік у флягі, бочкі, нават начоўкі.

Бярозавік сам па сабе смачны, а квас з яго гэта нешта неймавернае. Дарэчы, гатавалі мы яго па сваім адметным рэцэпце. Пёкся жытнёвы праснак — гэта то якраз звычайна, — але мы дадавалі таксама крыху бурака. Ад яго квас фарбаваўся ў цудоўны ці ружовы, ці то амаль чырвоны колер. Папулярнасць такі квас сярод маіх сяброў меў неймаверную, бо ва ўсіх ён быў традыцыйнай карычневай расфарбоўкі, а то такое дзіва.

Кожны год у мяне ёсць мара. Узяць нарэшце на працы адпачынак у красавіку, каб нарыхтаваць бярозавіка, а пасля зрабіць квасу. Можа хоць налета спраўдзіцца. Сярод іншага загадаю на Новы год і такое жаданне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?