27 сьнежня на паседжаньні Сьвятога Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы было прынятае рашэньне аб стварэньні ў Гомельскай япархіі новага вікарыяцтва і прызначэньня вікарыя з тытулам «Япіскап Рэчыцкі». Дагэтуль ніколі такое пасады не існавала.
Новым беларускім япіскапам стаў архімандрыт Леанід (у сьвецкім жыцьці — Феадосій Філь), які цяпер займае пасаду рэктара Менскіх духоўных акадэміі і сэмінарыі. У рапарце мітрапаліта Філарэта адзначалася:
«Гэтая прапанова грунтуецца на неабходнасьці актывізацыі місіянэрска‑асьветніцкай дзейнасьці на Гомельшчыне. Ёсьць упэўненасьць, што архімандрыт Леанід, маючы вялікі жыцьцёвы досьвед, будзе надзейным памочнікам архіяпіскапу Гомельскаму і Жлобінскаму Арыстарху».
Архімандрыт Леанід нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Несьцераўцы Хмяльніцкай вобласьці (Украіна). Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю (1985), а таксама Маскоўскую духоўную акадэмію (1989). Кандыдат багаслоўя, дацэнт. Выкладчык Сьвятога Пісьма Новага Запавету.
Сан япіскапа архімандрыт Леанід атрымае ў Менску.