Заўтра, 16 снежня, Нацыянальны банк Беларусі пачне рэалізацыю памятных манет «Канстанцін Астрожскі» з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы». У Мінску манеты будуць прадаваць у касах цэнтральнага апарата НБ РБ па адрасе: вуліца Талстога, 6. Касы пачынаюць працаваць з 9:30.

Таксама манеты можна будзе набыць у Баранавічах, Брэсце, Пінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску. Наяўнасць манет у касах можна спраўдзіць па тэлефонах, указаных на сайце Нацбанка.

Нагадаем, што пяць тысяч памятных манет з выявай гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага былі адбітыя ў канцы мінулага месяна на манетным двары Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан. Дызайнам манеты займалася Святлана Заскевіч.

Дзве тысячы з іх — са срэбра (сплаў 925) наміналам 20 рублёў. Астатнія зроблены з медна-нікелевага сплаву. Яны маюць меншыя дыяметр і намінал — 1 рубель.

На аверсе манеты змешчаны дзяржаўны герб Беларусі, намінал манеты, а таксама выявы пергамента з пячаткай і булавы — сімвала гетманскай улады. Рэверс аздоблены партрэтам Канстанціна Астрожскага і фамільным гербам.

Цана срэбнай манеты складае 380 тысячаў, медна-нікелевай — 50 тысячаў рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?