На гэтым тыдні зімы па-ранейшаму не будзе, зазначыў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў падчас відэабрыфінгу 15 снежня. 

«Надвор'ем будзе кіраваць Атлантыка і пастаўляць не па сезоне цёплыя і вільготныя масы паветра ў Беларусь, якія ўтрымаюць тэмпературны рэжым вышэйшым за норму на 3—8 градусаў», — сказаў сіноптык. 

У аўторак у многіх раёнах невялікія ападкі (дождж, мокры снег). На большай частцы тэрыторыі туман. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 1 — плюс 4°С, днём плюс 1—6°С. 

У сераду ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу мінус 2 — плюс 3°С, днём 0 — плюс 5°С. 

«У другой палове тыдня цераз нашу краіну на вялікіх хуткасцях будуць зрушвацца атмасферныя франты, і да цяпла і ападкаў дабавіцца яшчэ і парывісты вецер», — паведаміў Рабаў. 

У чацвер ноччу па паўночна-заходняй палове, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж). Месцамі слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Па паўночна-заходняй палове месцамі ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ноччу мінус 4 — плюс 2°С, днём плюс 1—6°С. 

Самым цёплым днём чакаецца пятніца: тэмпература паветра ноччу 0 — плюс 5°С, днём плюс 2—9°С, але пры гэтым на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы. Месцамі будзе ўзмацняцца вецер парывамі да 15—18 м/с. 

У выхадныя дні захаваецца анамальнае цёплае, сырое і ветранае надвор'е: у суботу часам ападкі, у асноўным дождж. У асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак 0 — плюс 5°С, днём па поўдні месцамі да плюс 7°С. 

У нядзелю часам ападкі (мокры снег, дождж). Месцамі слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак ад мінус 3 да плюс 3°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?