Тры чалавекі загінулі і чацвёра атрымалі раненні ў выніку захопу закладнікаў у кавярні Lindt у бізнэс-квартале Сіднэя.
Прыкладна а другой гадзіне ночы па мясцовым часе аўстралійская паліцыя штурмавала кавярню, дзе ўзброены мужчына больш за 16 гадзін утрымліваў закладнікаў. Як толькі пачаўся штурм, пачуліся выбухі і стральба.
Як паведаміла паліцыя, былі забітыя двое закладнікаў і сам захопнік. Як мяркуецца, паліцыянты таксама выкарыстоўвалі выбуховыя пакеты, каб дэзарыентаваць злачынцу.
Перад гэтым з кавярняў выбеглі, прынамсі, шэсць чалавек. Неўзабаве пасля пачатку штурму выбеглі яшчэ больш за дзесяць. Некалькі чалавек вынеслі на насілках.
Прадстаўнік паліцыі паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Сіднэі, што спецпадраздзяленні пачалі штурм пасля таго, як з'явіліся асцярогі, што жыццё закладнікаў апынулася пад рэальнай пагрозай.
Паводле яго слоў, спачатку паліцыя лічыла, што непасрэдна пагрозы для жыцця закладнікаў у ходзе перамоваў з захопнікам не было. Але проста перад штурмам сітуацыя змянілася.
Раней паліцыя Аўстраліі назвала імя чалавека, які ўтрымліваў закладнікаў - гэта 50-гадовы Ман Харон Моніс, бежанец з Ірана, які атрымаў у Аўстраліі палітычны прытулак.