Наданне статусу невыязных асобам, у дачыненні да якіх распачата грамадзянская справа, парушае прэзумпцыю невінаватасці. Такую думку ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў старшыня беларускай калегіі Міжнароднага арбітражнага суда пры Міжнароднай камісіі па ўрэгуляванні няўрадавых спрэчак Сяргей Луканін.
Юрыст зазначыў, што ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта аб адмене з 1 студзеня 2008 года дазвольнай адзнакі ў пашпартах беларускіх грамадзян, якія часова выязджаюць за мяжу, вызначана шэсць катэгорый асоб, каму забаронены выезд з краіны. "Сярод іх — грамадзяне, у дачыненні да якіх распачата грамадзянскае судаводства. З моманту падачы іску ў суд адказчык становіцца невыязным, хаця раней такое правіла прымянялася толькі пасля вынясення судовага рашэння", — падкрэсліў С.Луканін.
Такім чынам, паводле яго слоў, заканадаўца ігнаруе асноватворны юрыдычны прынцып — прэзумпцыю невінаватасці грамадзян. "Паводле беларускага заканадаўства падаць іск на чалавека можна па любой прычыне і без усякіх падстаў. Так што я не выключаю выкарыстання такой магчымасці жадаючымі "насаліць" бліжняму. Яны могуць за невялікую суму з дапамогай юрыста падрыхтаваць іскавую заяву ў суд і тым самым сарваць запланаваную замежную паездку адказчыка, бо толькі падрыхтоўка справы да разгляду займае ад аднаго да двух месяцаў. А судовы разбор наогул можа цягнуцца гадамі", — зазначыў юрыст.