КДБ на мінулым тыдні падзяліўся з грамадскасцю вынікам свайго ўдалага палявання ў чарнобыльскай зоне: у цянёты чэкістаў трапілі браканьеры з пагонамі і пры пасадах.

Паводле афіцыйнай інфармацыі спецслужбы, службовыя асобы, у тым ліку начальнікі з інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце, супрацоўнікі ДАІ, аб'яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» ды іншыя асобы сістэматычна стралялі ў зоне адсялення і адчужэння Веткаўскага раёна ласёў, дзікоў і казуль. На тэрыторыях радыяцыйнага забруджвання паляванне забаронена.

Службовых асоб затрымалі пры перавозцы ласінага мяса, былі забітыя чатыры ласі. Упалявалі іх каля адселенай вёскі Гарысты Веткаўскага раёна, дагналі ж браканьераў чэкісты каля вёскі Жалезнікі.

Рассякалі па зоне службоўцы, якія лічылі сябе «гаспадарамі зоны», на аўтамабілі «УАЗ» з рэгістрацыйным нумарам «СЕРЁГА», які належыць намесніку начальніка Гомельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

КДБ пры затрыманні страляла па браканьерах, у выніку адзін з іх атрымаў лёгкае раненне. Па месцу жыхарства аднаго з браканьераў канфіскавалі чатыры карабіны, восем адзінак паляўнічай гладкарульнай зброі і сотні патронаў.

Сума нанесенай шкоды прыродзе склала 540 мільёнаў рублёў.

Калі ахвочыя да «дармавога» мяса выплацяць гэту суму да суда, то гэта ўлічыцца пры вынясенні пакарання, якое будзе мякчэйшым. Санкцыі артыкула «незаконнае паляванне» прадугледжваць да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Упраўленнем КДБ па Гомельскай вобласці распачаты крымінальныя справы, абвінавачанне прад'яўлена 11 асобам.

БТ прысвяціла затрыманню пярэваратням у пагонах і без рэпартаж,

дзе паміж іншым адзін з жыхароў Свяцілавічаў распавядаў, што тыя браканьеры, а асабліва мясцовыя —

егер і яго сын, намеснік начальніка інспекцыі аховы прыроды трымалі ў страху вёску, ладзілі тут бязмежжа, хадзілі з ружжамі не хаваючыся, стралялі сабак і пагражалі людзям. Казалі, што яны прадавалі ласяціну мясцовым — па 40 тысяч за кіло.

Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, мы накіраваліся ў Свяцілавічы – жылую буйную вёску сярод мноства адселеных і пахаваных пасля выбуху на ЧАЭС.

У мясцовай краме пры нашым з'яўленні пачаўся пярэпалах.

«Карэспандэнты прыехалі! Карэспандэнты!», — перадавалі інфармацыю з вуснаў у вусны. «Нічога не будзем гаварыць, нічога! Зараз такі час, што лепш маўчаць, а то задушаць яшчэ!», — адрэзала мясцовая жанчына ля крамы.

«Задушаць. Застрэляць. Заб'юць. Спаляць хату!» — так аргументавалі сваю адмову падзяліцца меркаваннямі наконт начальнікаў-браканьераў мясцовыя.

Праўда, не ўдакладнялі — хто менавіта можа выканаць такія страшныя пагрозы. А на пытанне: «А што — ужо палілі некаму хату, некага душылі?», мясцовыя адводзілі вочы і адмаўляліся далей размаўляць. «Зараз такі час – зачыніся ў хаце, і сядзі моўчкі», - яшчэ раз падвяла рысу пад размовай мясцовая кабета.

Ахвотна адгукнулася на прапанову паразмаўляць пенсіянерка Вера Іванаўна, суседка затрыманага егера.

«Стралялі яны звера па лясах увесь час! Кожны тыдзень тут, у іх пад хатай мноства машын збіралася, расіяне прыязджалі. Потым ужо смалілі тут на панадворку, ці ласёў, ці кабаноў – я не ведаю. Тут і смалілі на панадворку, і тушонку рабілі. А дзе прадавалі мяса і тушонку – я не ведаю, нам не прадавалі. Можа, у Расію вазілі. Добра, што іх нарэшце пакаралі! Страшныя людзі былі», —дзеліцца старая.

Сустрэты ля яе хаты малады жыхар Свяцілавічаў Яўген наадварот пра затрыманых – бацьку-егера і сына-начальніка з аховы прыроды адгукаецца толькі ў станоўчым ключы.

«Мне яны нічога благога не рабілі. А як людзі яны былі добрыя, і нікому нічога благога не рабілі. Я вось проста скажу – я іх паважаю! Можа, іх падставілі, дарогу некаму перайшлі», - лічыць Яўген.

Ляснік Мікалай Гатальскі, які распавядаў па БТ пра тое, што затрыманыя трымалі вёску ў страху, у размове з намі больш стрыманы ў ацэнках. «Вёску трымалі ў страху? Такога не было. Яны сабе недзе ў лесе палявалі. Што нам да іх. Плёткі розныя ходзяць, гэта ж вёска. І мяса яны тут не прадавалі, прынамсі, я такога не ведаю», - адзначыў ляснік.

Тэарэтычна ён мог бы ведаць — хто чым дыхае, яшчэ да затрымання браканьераў супрацоўнікамі КДБ. «Ну ў лесе я працую, але ў мяне больш за паўтары тысячы гектараў участак. Дзе я ўсё убачу? Мы глядзім, каб парубак не было незаконных, наша задача – лес захаваць, каб пажараў не было. Мы і затрымліваць нікога не маем права», - дадае Мікалай.

Ласёў яму шкада. «Яны ж такія даверлівыя! Падыходзяць хоць за 20 метраў, стаяць і глядзяць. Так і казулі. Спалохаюцца нечага, адбягуць, а потым абавязкова вернуцца на гэтае месца каб паглядзець – чаго яны спалохаліся. Гэта ж прырода. Чалавек залежыць ад прыроды», — тлумачыць ляснік.

Тэарэтычна многія павінны былі ведаць пра браканьерства чыноўнікаў. Але маўчалі.

Па розных, напэўна, прычынах. Напрыклад, у «зоне» працуюць леснікі, якія маглі паведаміць у «органы» пра незаконнае паляванне. Назірае за парадкам на тэрыторыі адчужэння і адсялення адмысловы ўзвод пры мясцовай міліцыі. Сочаць, каб не парушалі заканадаўства, асобны прававы статут радыяцыйных тэрыторый, супрацоўнікі Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння. І яны, і спецыяльны ўзвод міліцыі перыядычна ладзяць рэйды па забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Але нічога не бачылі, не чулі?

Усё-такі не з пустога месца, відаць, з'явілася ў кастрычніку публікацыя ў раённай газеце «Голас Веткаўшчыны» — зварот да паляўнічых ад супрацоўнікаў Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння. Варта прывесці некаторыя вытрымкі.

Адміністрацыя зон нагадала праз газету, што Веткаўская раённая арганізацыйная структура «Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» мае «нядрэнныя паляўнічыя ўгоддзі, што дазваляе паляўнічым паспяхова займацца паляваннем».

Разам з тым тэрыторыя паляўнічай гаспадаркі мяжуе з зонамі першачарговага і наступнага адсялення, дзе ўзроўні забруджвання радыенуклідамі складаюць больш за 15 кюры на квадратны кіламетр, і паляванне тут забаронена. «На жаль, ёсць частка паляўнічых, для якіх правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання да выканання не абавязковыя. Часцяком яны наўмысна не хочуць ведаць межаў паляўнічай гаспадаркі, што ва ўмовах Веткаўскага раёна вельмі актуальна. Спецыялісты Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення просяць і кіраўніцтва Веткаўскай РАС РДГА «БТПР» не дапускаць выпадкаў, калі егера, з'яўляючыся кіраўнікамі калектыўных паляванняў, ненаўмысна, магчыма, з-за недастатковага веды межаў паляўнічай гаспадаркі, самі парушаюць патрабаванні Закона «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергнуліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на ЧАЭС», - акцэнтавалі ўвагу супрацоўнікі Адміністрацыі.

Такія асцярожныя выразы кшталту «ненаўмысна, магчыма, з-за недастатковых ведаў межаў» гучалі як папярэджанне браканьерам.

Але, як відаць, «князькі зоны» не ўспрынялі сур'ёзна і на свой рахунак дадзены артыкул ў раёнцы. Хаця канечне публікацыя з'явілася невыпадкова.

«Ды ў іх была «дах» - у Гомелі і Мінску! Нікога яны не баяліся. Вось таму іх раней ніхто і не браў. А зараз чаму ўзялі? Нейкі перадзел ідзе», - падзяліўся думкамі адзін з жыхароў Свяцілавічаў.

Варта адзначыць, што здабытыя ў зоне адсялення паляўнічыя трафеі ўтрымліваюць радыенукліды, канцэнтрацыя якіх у мясе перавышае дапушчальныя ўзроўні ў дзесяткі і сотні разоў. Вось толькі на чый стол траплялі гэтае «таннае» мяса?

 

Дарэчы, Дзяржаўная інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце дала сваю ацэнку дзейнасці «пярэваратням» яшчэ да афіцыйнага каментара КДБ, размясціўшы на сваім сайце паведамленне «Недатыкальных няма». У стылі пра «унтэр-афіцэрскую ўдаву, якая сама сябе высекла». «Раней кіраўніцтвам Дзяржаўнай інспекцыі адзначаліся недахопы ў кіраўніцкай дзейнасці Гомельскай абласной інспекцыі. За недахопы ў працы ў кастрычніку 2014 года па выніках праведзенай праверкі быў звольнены начальнік абласной інспекцыі. 12 снежня калегія Дзяржаўнай інспекцыі прыняла рашэнне аб звальненні намесніка начальніка абласной інспекцыі, паніжэнні ў пасадзе начальніка Гомельскай міжраённай інспекцыі», — дала справаздачу Дзяржаўная інспекцыя.

Дарэчы, грашаць браканьерствам у Гомельскай вобласці не толькі інспектары аховы прыроды, супрацоўнікі ДАІ і іншыя.

Так, зараз Следчы камітэт праводзіць расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні пракурора Петрыкаўскага раёна. Дзеянні падазраванага кваліфікаваныя па па ч. 4 арт. 281 - незаконная здабыча рыбы.

А пяць гадоў таму на ўсю краіну прагрымела іншая «паляўнічая справа», якая стала вынікам канфлікту КДБ з МУС.

У глухім кутку Жлобінскага раёна было знойдзена паляўнічая хатка, куды прыязджалі адпачыць ды дзікіх жывёл пастраляць мясцовыя начальнікі і міліцыянеры. Міліцыянераў, у тым ліку высокіх чыноў з гомельскага УУС абвінавацілі ў перавышэнні ўлады і арганізацыі незаконнага палявання. Міліцыянеры пазбавіліся пасад і пагонаў, некаторыя атрымалі турэмныя тэрміны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?