Гісторыя з «Інтэрв’ю», пэўна, пачалася 24 лістапада, калі хакеры ўзламалі камп’ютары кінакампаніі Sony Pictures. Супрацоўнікі кампаніі тады пабачылі на сваіх камп’ютарах паведамленне:

«Увага! Мы папярэджвалі вас, і гэта толькі пачатак. Мы не спынімся, пакуль нашыя патрабаванні не будуць выкананыя. Мы авалодалі вашымі звесткамі, у тым ліку сакрэтнымі і звышасакрэтнымі». 

Адказнасць за атаку на сябе ўзяла групоўка #GOP. На выкананне патрабаванняў давалася меней за дзень.

Але бяда: хакеры не выставілі патрабаванняў ні да, ні пасля «часу ікс». 

Праз пэўны час у вольным доступе з’явіўся шэраг фільмаў Sony, а таксама фрагменты прыватнай перапіскі.

Са скрадзеных звестак кінаманы даведаліся аб многіх планах Sony, зарплатах супрацоўнікаў і інтымных падрабязнасцях іх жыцця. Магчыма, хакеры выйшлі на сувязь з кампаніяй, але Sony не згадзілася на іх патрабаванні.

Кім Чэн Ын. Фота: NBC News

Кім Чэн Ын. Фота: NBC News

Ва ўзломе адразу западозрылі Паўночную Карэю. Па-першае, у кодзе, што выкарыстоўвалі хакеры, знайшліся сляды карэйскай мовы. Па другое, прыгадалася, што Паўночная Карэя нядаўна скардзілася ў ААН на малавядомы на той момант фільм «Інтэрв’ю». І хаця фільм «агідны народу Карэі», Кім Чэн Ын яго «хутчэй за ўсё паглядзіць».

КНДР спачатку адмаўляла ўдзел у атаках, затым выказала сімпатыю ўзломшчыкам («правае дзела!»).

У каментарах прадстаўнік Дзяржкамітэту абароны КНДР патлумачыў: справа ў тым самым «Інтэрв’ю». Тое, што паказваецца ў фільме, чыноўнік назваў «заклікам да тэрарыстычнага акту».

Кадр з фільма «Інтэрв’ю»

Кадр з фільма «Інтэрв’ю»

Па сюжэце «Інтэрв’ю» журналіст Дэйв і яго сябра Ааран хочуць узяць інтэрв’ю ў Кім Чэн Ына, але ЦРУ дае ім заданне забіць дыктатара. У інтэрнэт трапіла маляўнічая сцэна пагібелі Бліскучага Таварыша — такой абразы КНДР не пацярпела.

Тэорыя пра сувязь атак з «Інтэрв’ю» пацвердзілася 16 снежня: хакеры прыгразілі «паўтарэннем 11 верасня», то значыць масіўнымі тэрактамі, у выпадку выхаду «Інтэрв’ю» ў пракат.

Прэм’ера спачатку была адмененая ў шэрагу кінатэатраў Нью-Ёрка, а затым і па ўсіх Штатах. Фільм не будзе выпускацца і на дысках ці ў анлайн-кінатэатрах.

Многія кінатэатры не здаліся і абяцалі паказаць замест «Інтэрв’ю» стужку «Каманда Амерыка: Сусветная паліцыя» ад стваральнікаў «Саўт Парка», дзе галоўным злодзеем з’яўляецца Кім Чэн Ір, бацька Кім Чэн Ына.

Але Sony забараніла паказваць і гэты фільм.

Чарлі Чаплін у фільме «Вялікі дыктатар»

Чарлі Чаплін у фільме «Вялікі дыктатар»

З крытыкай на такую цэнзуру накінуўся Джордж Марцін, аўтар «Песні льда і полымя» («Гульня тронаў»), ды прыгадаў фільм Чарлі Чапліна «Вялікі Дыктатар» з Чарлі Чапліным, які не адмянілі напярэдадні Другой сусветнай вайны. Ён прапанаваў паказаць «Інтэрв’ю» ў сваім прыватным кінатэатры.

Крытыкаваў Sony і славуты пісьменнік Паўла Каэлья. У сваім твітары ён прапанаваў выкупіць правы на фільм за 100 тысяч даляраў, каб самастойна яго распаўсюджваць, а Кім Чэн Ына назваў «новым гендырэктарам Sony».

Нарэшце, аб адмене фільма выказаўся і прэзідэнт ЗША Барак Абама.

Ён мяркуе, што Sony, пагадзіўшыся на адмену фільма, паддалася на спробы дыктатара ўвесці цэнзуру ў ЗША, ды што перад гэтым варта было параіцца асабіста з ім. У сваю чаргу Sony нагадалі, што кінатэатрамі валодаюць не яны, а пракатчыкі.

***

Нядаўна ФБР афіцыйна абвінаваціла Паўночную Карэю ва ўзломе па выніках расследавання. Магчыма, узлом адбываўся не без дапамогі Кітая. Але выказваюцца меркаванні, што атака не звязаная з фільмам, а проста працягвае шэраг выпадковых кібератак.

Для таго, каб фільм дайшоў да гледача, кампанія BitTorrent прапанавала кампрамісны варыянт: раздаць кіно праз тарэнты за пэўную плату.

Такім чынам і атакаваць не будзе каго (фільм распаўсюджваюць самі карыстальнікі, усіх не перавешаеш), і Sony атрымае прыбытак.

Адказу Sony на гэтую прапанову не праследавала, але кампанія раней сцвярджала, што будзе шукаць любыя шляхі для распаўсюджу стужкі.

Верагодна, выпуск фільма анлайн зараз застаецца адзіным ратаваннем Sony ўжо не ад хакераў, а ад крытыкі.

Запуск балонікаў на тэрыторыю Паўночнай Карэі. Фота з архіву Reuters.

Запуск балонікаў на тэрыторыю Паўночнай Карэі. Фота з архіву Reuters.

Змагары за свабоду Паўночнай Карэі маюць свае шляхі распаўсюду «Інтэрв’ю»: яны прапанавалі запусціць у КНДР балонікі, да якіх будзе прычэпленая копія фільма. Такімі шляхамі раней яны распаўсюджвалі і харчаванне, і звыклую папяровую прапаганду, і флэшкі з архівам Вікіпедыі.

Кінакрытыкі тым часам прынялі «Інтэрв’ю» халодна.

Некаторыя сцвярджалі, што фільм толькі і створаны для скандалу, другія казалі, што глядзець такі фільм — катаванне самога сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?