На сайце Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня) зьявілася нізка новых матэрыялаў. Яны грунтуюцца на выніках сьнежаньскага апытаньня.

Сацыёлягі адзначаюць "інфляцыйны спалох" беларусаў. Калі ў чэрвені 2006-га (апошні год танных энэрганосьбітаў!) рост цэнаў хваляваў 60,1% жыхароў, то ў мінулым месяцы — ужо 84,2%. За гэты жа пэрыяд ад 19,5% да 34,7% вырасла доля тых, каго хвалюе праблема згаленьня насельніцтва. 19,9% заявілі, што зьведваюць ад росту цэнаў "сапраўдны шок".

Аўтары дасьледаваньня прызнаюцца, што такая вострая рэакцыя грамадзтва на адносна памяркоўную інфляцыю стала нечаканай.

З аднаго боку, казаць пра эканамічны абвал пакуль што сапраўды не выпадае. Але суайчыньнікі, мусіць, болей арыентуюцца на хуткасьць спусташэньня сваіх кашалькоў, чым на афіцыйныя лічбы інфляцыі. Яны бачаць, што "працэс пайшоў" і можа пайсьці яшчэ шпарчэй. Зьнікла славутае пачуцьцё "стабільнасьці". Прыходзіць асэнсаваньне хісткасьці "беларускай мадэлі": яна зьведала вялікія праблемы, варта было Расеі толькі трохі прыкруціць кранік…

Беларуская стабільнасьць, адзначаюць сацыёлягі, грунтуецца на дзяржаўным патэрналізьме (дарэчы, паказальна, што 74,2% нашых суайчыньнікаў — супраць скарачэньня льготаў). Таму "найменшая пагроза росту матэрыяльнага дабрабыту, які стаў апошнімі гадамі звыклым, і выклікала настолькі хваравітую рэакцыю беларускага грамадзтва".

На гэтым тле падае давер да палітыкі ўлады. Калі ў верасьні летась 50,2% беларусаў лічылі, што становішча спраў у краіне разьвіваецца ў правільным кірунку, то ў сьнежні — толькі 41,2%.

Ну і нарэшце што да пэрсаналіяў.

Зь верасьня па сьнежань 2007 году электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зьменшыўся з 44,9% да 39,9% (для параўнаньня: у красавіку 2006-га, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, гэты паказчык складаў 60,3%). Рэйтынг даверу да прэзыдэнта цягам траўня — сьнежня 2007 году таксама зьнізіўся: ад 56,9% да 50,9% (чаму назіраюцца такія "нажніцы" між рэйтынгамі — цікаўныя могуць прачытаць непасрэдна на сайце НІСЭПД).

Зрэшты, нагадваюць сацыёлягі, рэйтынг афіцыйнага кіраўніка зьведваў і горшыя часы. "Пасьля другіх прэзыдэнцкіх выбараў на мяжы 2002 — 2003 гг. ён дасягнуў свайго абсалютнага мінімуму — 27%. Аднак да чаканага многімі апазыцыйнымі палітыкамі росту пратэставай актыўнасьці гэта не прывяло. Аўтарытарны рэжым у Беларусі абапіраецца ў значнай ступені не на падтрымку насельніцтва, а на ягоную пасыўнасьць", — рэзюмуюць аўтары дасьледаваньня.

Сапраўды, вось тут вы знойдзеце табліцу, дзе апазыцыйныя партыі паводле рэйтынгу даверу — у самым хвасьце. Не растуць, паводле сацыёлягаў, і рэйтынгі апазыцыйных палітыкаў. А вось незалежныя мэдыі ў сэнсе даверу — наперадзе дзяржаўных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?