МУС рапартуе пра масавыя затрыманні валютчыкаў. Але няхітры аналіз міліцэйскай статыстыкі сведчыць пра тое, што ніводная буйная рыба на кручок не патрапіла. Усе ці амаль усе затрыманыя — не валютчыкі, а простыя грамадзяне, якія не хацелі развітвацца са сваімі валютнымі ашчаджэннямі за бясцэнак.

Міліцыя рапартуе пра канфіскацыю ў дванаццаці грамадзян 2363 долараў ЗША, 26 тысяч расійскіх рублей і 30,8 мільёна беларускіх рублёў. З гэтых сум на чатырох чалавек, на якіх міліцэйская зводка спынілася асобна, прыпадае 1265 долараў і 30,4 мільёна рублей.

Такім чынам, у астатніх пятнаццаці «валютчыкаў» канфіскавалі трохі больш за 1500 долараў у эквіваленце. 100 долараў на чалавека! Вы можаце сабе ўявіць прафесійных валютчыкаў, змесціва кішэняў і партфеляў якіх абмяжоўваецца такімі сумамі?

Паказальна, што ў пятнаццаці няўдах канфіскавалі амаль выключна валюту (калі не лічыць няшчасныя 300 тысяч рублей). Значыць, размова ідзе не пра пары «купец — прадавец», а толькі пра адзін бок здзелкі.

Выглядае, што гэтыя «злачынцы» — ахвяры правакатараў у цывільным. Яны паддаліся на прапанову атрымаць трохі больш, чым ім абяцаюць абменнікі. Правакатары і былі другім бокам здзелак, таму іх грошы не былі сканфіскаваны і не трапілі ў міліцэйскі рапарт.

Сапраўдныя валютчыкі, пэўна, гучна рагочуць над такімі поспехамі беларускага МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?