Супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры Азербайджана сёння ў 10.30 па мясцовым часе пачалі праводзіць ператрус у бюро азербайджанскай рэдакцыі Радыё Свабода ў Баку.

Супрацоўнікі пракуратуры, якія прыйшлі ў суправаджэнні міліцыянтаў, заяўляюць, што ў іх ёсць судовае рашэнне «закрыць бюро».

Кенан Аліеў, дырэктар азербайджанскай службы РС, кажа, што праваахоўнікі сабралі 20 супрацоўнікаў бюро ў адным пакоі і запатрабавалі доступу да дакументаў і асабістых папак журналістаў у сейфе, перадае «Радыё Свабода».

Супрацоўнікі пракуратуры заяўляюць, што пастанова суда звязаная з працягам расследавання азербайджанскай службы Радыё Свабода як СМІ, якое фінансуецца з-за мяжы.

Азербайджанскія пракуроры правялі падобныя рэйды ў апошнія месяцы ў дачыненні да іншых арганізацый, што фінансуюцца з-за мяжы, у тым ліку арганізацыі грамадзянскай супольнасці IREX і Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута.

Абедзве згаданыя арганізацыі былі ў выніку закрытыя.

Некалькі тыдняў таму азербайджанскія ўлады арыштавалі Хадыжу Ісмаілаву — журналістку азербайджанскай службы РС, якая займалася расследаваннямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0