Першае ўражанне, калі даведаўся, што Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў прызначаны міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь — шок! З аднаго боку — вельмі добра, а з другога — чалавека шкада.

Увогуле, не разумею вось такія масавыя змены ў кіраўніцтве. Так, магчыма годныя людзі, але сутнасць жа не ў іх, сутнасць у тым, што сістэму, падыходы да працы трэба мяняць. Людзі мяняюцца, а краіна ўсё там жа… Адно цешыць, што за адукацыю ў бліжэйшы час можна не хвалявацца.

Як першы прарэктар БДУ, Міхаіл Жураўкоў заслужыў вялікую павагу супрацоўнікаў і студэнтаў. Акуратны, адкрыты спартыўны – гуляў у валейбол, рэктарат супраць студэнтаў. У свае 53 гады Жураўкоў — падцягнуты мужчына.

Не ўсе ведаюць, але Жураўкоў апошнія гады шмат увагі надаваў Балонскаму працэсу. Дзякуючы яму, БДУ зрабіў велізарны рывок у гэтым накірунку. Як старшыня грамадскага аб'яднання «Студэнцкі саюз БДУ» я 16 мая 2013 года прысутнічаў на інфармацыйна-адукацыйным семінары «Балонскі працэс і правядзенне рэформы вышэйшай адукацыі ў агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы», які быў арганізаваны Еўракамісіяй у рамках 4-й платформы Усходняга партнёрства і быў моцна здзіўлены зацікаўленасцю Жураўкова ў гэтым пытанні.

Дарэчы, ён валодае замежнай мовай. Ці многія міністры гэтым могуць пахваліцца?

Кажучы пра чалавечыя якасці новага міністра адукацыі, хачу яшчэ распавесці гісторыю з асабістага жыцця. Увесну гэтага года звярнуўся да Жураўкова М.А. з асабістым пытаннем. Пры ўсёй занятасці тады яшчэ першы прарэктар БДУ, знайшоў некалькі гадзін для мяне і дапамог.

Карацей, будзем мець міністра, за якога сорамна не будзе. Раней такі быў міністр культуры — Латушка. Зараз і ў адукацыі могуць быць змены да лепшага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?