Тэлеканал «Белсат» ад 1 студзеня пачаў вяшчанне ў кабельнай сетцы польскай Гайнаўкі . Там жыве шмат этнічных беларусаў, і, пэўна, беларускамоўнае тэлебачанне будзе ім даспадобы. Але ці змогуць беларусы ў Беларусі глядзець «Белсат» без спадарожнікавай антэны? Ці магчыма пабачыць незалежны телеканал у звычайных кабельных сетках?

У Польшчы дамагчыся ўключэння беларускага тэлеканала «Белсат» можа просты жыхар любога горада. Так і адбылося ў Гайнаўцы. Вось што распавёў Рацыі выкладчык гісторыі гайнаўскага ліцэя Яўген Янчук:

— Гэта была ініцыятыва жыхароў нашага горада. Яны звярнуліся да кіраўніцтва кабельнага аператара і папрасілі ўключыць у сетку вяшчання беларускамоўны тэлеканал «Белсат».

Ці магчыма гэта ў Беларусі? Для таго каб «Белсат» трапіў у спіс каналаў кабельных сетак, патрэбная згода кіраўніцтва кабельнага аператара. Пакуль не будзем чапаць ідэалагічны складнік. Найперш Рацыя паспрабавала дазнацца, як адбываецца адбор таго ці іншага канала для ўключэння яго ў пакет вяшчання. Начальнік аддзела маркетынгу самага папулярнага кабельнага аператара — кампаніі «Космас ТВ» Аляксандр Карнавух распавёў пра тое, як адбываецца працэс адбору канала.

— Мы кожны год праводзім апытанне нашых абанентаў наконт таго, якія каналы яны б жадалі ўключыць у пакет і якія каналы яны б хацелі з пакета прыбраць.

Аляксандр Карнавух тлумачыць, што рашэнне аб лёсе канала ў сетцы «Космас‑ТВ» прымаецца з улікам меркавання абанентаў. Але вынік галасавання гледачоў не з’яўляецца канчатковым. Усё вырашае кіраўніцтва кампаніі. А вось адказ на пытанне аб тым, ці разглядаецца пытанне аб уключэнні ў пакеты вяшчання тэлеканала «Белсат»:

— Скажу шчыра, мы гэтай магчымасці не разглядалі.

— А ці была заяўка ад «Белсату»?

— Не, мы пакуль ад іх заяўкі не атрымлівалі.

Па тлумачэнні Рацыя звярнулася да дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай. Яна паведаміла, што бліжэйшым часам канал мае намер звярнуцца да кабельных аператараў з прапановамі аб супрацы. Адбудзецца гэта пасля скачэння тэставага вяшчання і пачатку паўнавартаснага. Але Агнешка Рамашэўска таксама кажа пра праблемы, з якімі можа сутыкнуцца «Белсат» у гэтым пытанні. Калісьці з кабельных сетак у Гродне пад націскам уладаў былі выкінутыя польскія «Програм першы» і «Палонія», узгадвае спадарыня Рамашэўска:

— Я нават не думаю пра тое, паставяць ці не паставяць нас у праграму уладальнікі кабельных сетак. Бо будзе ж так, як вырашаць цэнтральныя ўлады. Гэта ж не вольная воля кіраўніцтва кабельнага аператара.

Калі б канал змог транслявацца праз кабельныя сеткі ў буйных гарадах, то яго аўдыторыя змагла б стаць значна большай, чым пры вяшчанні праз спадарожнік. У тым, каб беларусы змаглі без перашкодаў атрымліваць незалежную інфармацыю праз «Белсат», мусіць быць зацікаўленае не толькі кіраўніцтва канала. Ці плануюць палітыкі рабіць нешта, каб «Белсат» пабачыла як мага больш людзей? Такое пытанне Рацыя задала старшыні Партыі БНФ Лявону Баршчэўскаму:

— Ад вас даведаўся пра тое, што «Белсат» будзе спрабаваць прабіцца ў кабельныя сеткі. Мне трэба азадачыць тых, хто займаецца інфармацыйнай палітыкай у нашай партыі. Калі будзе патрэба, то мы, безумоўна, падтрымаем.

Дарэчы, ад наступнага аўторка ў эфіры «Белсату» з’явяцца тэлесерыялы. Пачнецца вяшчанне новых праграмаў. Навіновая праграма «Аб’ектыў» павялічыць сваю прысутнасць у эфіры да 5 хвілінаў. А прыкладна праз месяц, пасля сканчэння рамонту студыі, у «Аб’ектыва» з’явіцца паўнавартасны вядучы. Пакуль камэнтаванне відэашэрагу ў гэтай праграме адбываецца па‑за кадрам.

Аляксей Мінчонак, Радыё РАЦЫЯ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0