Хілары Клінтан,
змучаная выбарчай кампаніяй

У ЗША стартавала найбольш інтрыгоўная прэзыдэнцкая кампанія апошніх дзесяцігодзьдзяў. Прадказаць яе вынік немагчыма. Прэзыдэнтам можа стаць першы ў гісторыі мулат (Барак Абама), першы пастар (Хакабі), першы мармон (Ромні) або найстарэйшы прэзыдэнт у гісторыі ЗША (Маккейн, якому 71 год). А вось першая кабета траціць шанцы на вачах. Піша Алесь Кудрыцкі.

Неяк наведаўся да дзядоў у вёску. Палесьсе, Чарнобыльская зона, праблемаў хапае. Зайшла ў госьці знаёмая цётка, пагаманіць. Прысела тэлевізар паглядзець, а там – навіны. Ужо праз якую хвіліну ажно ўсхадзілася ўся: «А што ён, Буш енты, усё лезе ды лезе? Што яму трэба?» Вось жа, не пра цану на торфабрыкет, не пра тое, што каня няма ў каго ўзяць, ці што пэнсія малая – а пра Джорджа Буша пачалася размова. Сьвярбіць нам тая Амэрыка зь яе прэзыдэнтамі, як той мазоль.

А можа, і ня варта сьмяяцца з той цёткі? Усё-ткі, глябалізацыя на двары, і нават цана на торфабрыкет, хоць і ўскосна, але залежыць ад таго, колькі тэрактаў адбываецца ў акупаваным амэрыканцамі Іраку, прымушаючы вагацца кошт нафтавага барэля, а зь ім і іншых энэрганосьбітаў. Можа, і сапраўды, каб ня лез «Буш енты» куды ня трэба, то і не расьлі б цэны на чорнае золата? Так ці іначай, а за падзеямі на іншым баку зямной паўкулі сачыць варта, тым больш, калі там распачынаецца перадвыбарчы марафон.

Па традыцыі, першыя перавыбарчыя зборы партыйных актывістаў адбыліся ў чацьвер у Аёве. Партыйцы вызначаліся з кандыдатам, якога яны жадаюць выставіць на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. Вынікі аёўскіх перадвыбараў сапраўды сэнсацыйныя. Сэнатарка Хілары Клінтан, якую лічылі фаварыткай гонкі, апынулася ажно на трэцім месцы ў сьпісе кандыдатаў ад дэмакратаў, а на першым – чарнаскуры сэнатар Барак Абама, які апярэдзіў былую першую лэдзі на 9 %, набраўшы каля 38 % галасоў выбаршчыкаў.

У Клінтан, якая год трымалася лідэрам нацыянальных апытаньняў, толькі 29 %, і ў яе штабе пануе паняверка. Яе абагнаў яшчэ й няўдачнік папярэдняй выбарчай кампаніі Джон Эдвардз. Праўда, Біл Клінтан нагадвае, што ён у свой час у Аёве заняў толькі чацьвертае месца.

У рэспубліканцаў нечакана перамог былы губэрнатар Арканзасу Майкл Хакабі (34 %), пра якога яшчэ пару месяцаў таму за межамі ягонага роднага штату мала хто чуў. На другім месцы былы арганізатар Алімпійскіх гульняў Міт Ромні (25 %). Трэцяе і чацьвертае падзялілі сэнатары Джон Маккейн і Фрэд Томпсан (па 13 %). Іншы фаварыт, Рудзі Джуліяні, прыйшоў на фініш толькі шостым.

Вынікі перадвыбараў у Аёве не перадвызначаюць сыход кампаніі, але прымушаюць зрабіць сякія-такія высновы, а дзе-нідзе нават правесьці паралелі зь беларускай сітуацыяй. Апошнім часам усё часьцей і часьцей у сьвеце пакепліваюць з амэрыканскай сыстэмы. Маўляў, гэта такая дэмакратыя, дзе ўсё перадвырашана, дзе палітыкі перамагаюць адно дзякуючы сувязям ды ўплывовым дынастыям, дзе ўсёмагутныя лабісты торгаюць лідэраў за нітачкі, бы тыя лялькі, дзе ў выніку ўсё вырашаюць грошы, укладзеныя ў кампанію. Але аёўскія перавыбары пацьвердзілі: у дэмакратычнай сыстэме – той самай, якая, паводле Чэрчыля, «найгоршая, калі не лічыць усіх астатніх» — ня ўсё вырашаюць грошы.

Лабісты, агрэсіўны палітычны маркетынг і іншыя заганы дэмакратычнай сыстэмы сапраўды існуюць у ЗША. Больш за тое, у часе прэзыдэнцтва Буша-малодшага яны, бадай, ўзмацніліся. І калі Буш гэтак турбуе цётку з Палесься, то лёгка зразумець, як ён абрыд амэрыканскім прыхільнікам дэмакратычнай партыі. Поўныя рашучасьці не дапусьціць рэспубліканцаў кіраваць краінай яшчэ чатыры гады, яны мабілізавалі ўсе свае сілы, і вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. На перадвыбары ў Аёве зьявіўся рэкордны лік дэмакратаў – больш за 239 тысячаў чалавек (у 2004 г. было толькі 125 тысячаў). Рэспубліканцы, дарэчы, змаглі сабраць толькі 108 тысячаў выбрцаў — але гэта таксама рэкрод. Калі ўлічыць, што ў Аёве, аддаленым сельскагаспадарчым штаце, жыве толькі 3 мільёны чалавек, гэта вельмі добрыя паказчыкі палітычнай актыўнасьці.

46-гадовы Барак Абама – малады палітык. Здавалася, як мулат ён ня меў вялікіх шанцаў перамагчы Хілары Клінтан у штаце, населеным пераважна беласкурымі амэрыканцамі. Ажно выявілася, што нават Хілары не дапамагае нават жаночая салідарнасьць: жанчыны-дэмакраткі ў Аёве былі больш схільныя галасаваць не за яе, а за Абаму. У чым тут справа? Бадай, у тым, што і Абама, і Эдвардз абяцаюць радыкальна зьмяніць краіну. Яны здолелі абудзіць у людзях энтузіязм.

Хілары Клінтан рабіла акцэнт не на зьменах, а на сваім палітычным досьведзе, прыдатнасьці да прэзыдэнцкай пасады. Ажно, як выявілася, амэрыканцы жадаюць ня проста зьмены прэзыдэнта, але змены палітыкі краіны. Фэрмэры з Аёвы праявілі сябе дастаткова грамадзянскай нацыяй, якая глядзіць на сутнасьць кандыдата, а не на пол ці колер скуры.

Ёсьць яшчэ і іншы нюанс, які грае не на карысьць Хілары Клінтан. Яе перамога дала б падставы казаць, што Амэрыка ператвараецца ў свайго роду дынастыйную дэмакратыю: калі Хілары зробіцца прэзыдэнткай, то ад 1989 да як найменш 2012 году ўлада ў краіне будзе належаць па чарзе сем’ям Клінтанаў ды Бушаў. Перадвыбары ў Аёве сьведчаць: мець тату ці мужа – сабраць рэкордныя 100 мільёнаў даляраў на перадкампанію, як Клінтан, яшчэ ня значыць гарантавана перамагчы. Экс-губэрнатар штату Масачусэтс, рэспубліканец Міт Ромні інвэставаў у сваю кампанію ў Аёве 20 мільёнаў даляраў, а экс-губэрнатар Арканзасу Майкл Хакабі – у 15 разоў меней, але ўсё роўна атрымаў першае месца сярод рэспубліканцаў. У чым сакрэт Хакабі? У тым, што яго падтрымала актыўная сетка вернікаў-пратэстантаў — сам ён баптысцкі пастар. Але таксама ў асабістай сымпатычнасьці. Ён іграе на бас-гітары і мае выдатнае пачуцьце гумару. Арганізаваная і добра матываваная каманда падтрымкі можа зрабіць тое, чаго не дасягнуць мільёнамі даляраў.

У беларускіх пытаньнях найбольш абазнаны сэнатар Маккейн. Пра дэмакратаў гаварыць складана: Барак Абама ў галіне замежнай палітыцы – абсалютнае белае поле. Якой была б ягоная замежная палітыка, невядома.

Сыстэма перадвыбараў у ЗША цікавая. У кожным штаце яна свая, прычым людзі трымаюцца за традыцыі. У Аёве выбары адбываюцца на сходах партыйных актывістаў, якія дужа нагадваюць шляхецкія соймікі.

Рэспубліканцы агітуюць за сваіх кандыдатаў лямантам, хто каго перакрычыць. Так «галасуюць» у першасным сэнсе гэтага слова хвілінаў 10, а часам і гадзіну. Пасьля таго галасуюць, укідваючы паперкі ў капялюш. Учора такіх соймікаў адбылося 1787 — столькі ў штаце адміністрацыйных адзінак.

А ў дэмакратаў людзі галасуюць, зьбіраючыя ў розных месцах залі, аддзеленых лініямі. Пасьля пачынаюць агітаваць адзін другога, урэшце праз пэўны час зьлічаюць, колькі ў якой частцы народу засталося.

Наступнымі эстафэту перадвыбараў пераймаюць жыхары малога штату Нью-Гэмпшыр. Тут ужо адбываецца звыклае прамое галасаваньне.

Кандыдаты ад абедзьвюх партый схляснуцца між сабой, прайшоўшы праз чысьцец стамляльнага марафону. У кожным штаце перад галасаваньнем яны ладзяць сотні сустрэчаў з выбарцамі. Часам апошняя сканчаецца а 2.30, а 6.00 ужо адбываецца наступная ў суседнім мястэчку. Амэрыканскія СМІ поўняцца пералікамі праколаў і памылак, зробленых кандыдатамі, якія тыднямі сьпяць па тры-чатыры гадзіны ў суткі. Трэніроўка! Прэтэндэнты выступаюць у актавых залях школаў, у судах, у пажарных станцыях – дзе заўгодна, абы сабраліся людзі. Выбарцы слухаюць іх, задаюць пытаньні, спрачаюцца да хрыпаты. Які кантраст зь беларускімі выбарамі, калі ўлады імкнуцца абмежаваць кантакт кандыдатаў з народам да мінімуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?