Прытуліся, сынок, да матулі —
Табе заўтра ў дарогу ад ранку, —
Пасядзі побач з ёю на ганку,
Аніхто, як яна, не прытуліць.
Пацалуй, сынка, матчыны рукі,
Што пяшчотна цябе гадавалі
І хвіліны спакою не зналі:
Сёння дзеткі, а заўтра і ўнукі.
Папрасі, каб скупеча-зязюля
Ёй гадочкі лічыла як трэба,
Бо заўсёды лагоднае неба,
Калі побач з табою матуля.
Памаўчы: непрыдатныя словы,
Іх тут будзе, напэўна, замала.
Лепш успомні, як маці спявала, —
Гукі вечнай і ласкавай мовы.
Можа, стрэне бяда за парогам,
Можа — лёс як усмешка дзіцяці,
Але толькі Айчына і Маці
Прыдадуць накірункі дарогам!
І, насуперак снам і трывогам —
Цяжка з сынам заўжды расставацца, —
Маці здолее заўтра стрымацца,
Толькі скажа адвечнае:
З Богам…