Калі верыць археалагічным знаходкам, то дэнтальнай імплантацыяй – ужыўленнем іншародных цел у костку сківіцы дзеля аднаўлення эстэтычнай і жавальнай функцый – першымі заклапаціліся яшчэ майя. Як ні дзіўна, але выразаныя каменьчыкі ды фрагменты ракавін у некаторых пацыентаў прыжываліся і выконвалі ролю страчаных зубоў.

Сучасная імплантацыя зубоў пачалася ў 1970-х гадах. Самі імпланты — імітацыя кораня зуба, яны змяшчаюцца ў зробленую ў костцы адтуліну, над імі зашываецца дзясна і, пасля перыяду прыжыўлення, на вызваленую з-пад дзясны галоўку накручваецца тое, што заменіць бачную частку зуба.

Вынік выглядае ашаламляльна: сярод уласных зубоў (якія не трэба абточваць і пакрываць каронкамі) раптам узнікаюць галівудскія прыгажуны, так крута падабраныя па форме ды колеры, што выглядаюць лепей, чым родненькія! Жуй, грызі, а галоўнае — пасміхайся на ўсе 32! Нічога з роту не выкінецца, дыкцыя не псуецца, і кожныя 3—5 год перарабляць не даводзіцца!

Дантысты эксперыментуюць з формай і матэрыяламі, з якіх робяцца імпланты і пратэзы, а таксама вынаходзяць новыя метады мадэліроўкі сківічнай косткі. Таму паказанні для аперацыі пастаянна пашыраюцца.

І ўсё ж любая аперацыя — у вялікай ступені латарэя. Нават банальнае выдаленне зуба можа абярнуцца трагедыяй. Сумленны доктар, які не мяркуе знікнуць з вашымі грашыма, абавязаны разжаваць вам усё ў дэталях і ўзяць пісьмовае пацверджанне, што вы інфармаваныя і згодныя рызыкнуць.

Каму паказаныя імпланты

Калі вы — адносна малады, параўнальна здаровы чалавек, які страціў зубы праз траўму альбо ад нараджэння маеце няпоўны камплект пастаянных зубоў; калі вы страцілі адзін ці некалькі зубоў праз адсутнасць альбо нізкую якасць стаматалагічнай дапамогі — імплантацыя ваш шлях. Не запускайце праблему, чым раней вы звернецеся да адмыслоўца, тым менш будзе каштаваць працэдура.

Людзям перадпенсійнага веку варта цвяроза ацаніць стан свайго здароўя, распытаць лекара пра ўсе магчымыя, а асабліва — датычныя вашай сітуацыі рызыкі.

Каму няварта думаць пра імпланты

Зразумела, дантысты скажуць вам, што кожнаму даросламу ад 18 і да 85 гатовыя падарыць белазубую ўсмешку. Але гэта, па шчырасці, рэкламны ход. Калі вы — звычайны беларускі пенсіянер, які ўжо год як дваццаць страціў асноўную частку зубоў і не карыстаецца зубнымі пратэзамі традыцыйных канструкцый, спроба зрабіць імплантацыю нясе вам шэраг сюрпрызаў. Пакінуўшы ў баку астранамічныя кошты, зазначым: устаноўка імплантаў — даволі доўгі працэс, працягласць якога можна прадказаць толькі прыблізна. Каля 6 месяцаў зойме толькі прыжыванне унутрыкоснай часткі імплантаў. Калі вам давялося яшчэ і мадэляваць костку — магчыма, у вас узнікне запаленне, залячыць яго — справа месяцаў, адпаведна, і нагрузку на такую костку можна будзе даваць пазней.

Адчуўшы поўны рот зубоў, вы можаце замест шчасця атрымаць шматмесячны нясцерпны галаўны боль з-за аднаўлення вышыні прыкусу (гэта датычыць тых, хто страціў заднія зубы, але працягваў жаваць пярэднімі, не ставячы пратэзаў, цягам некалькіх гадоў). Улічвайце, што да кожных 2—3 мм вышыні прыкусу даводзіцца прызвычайвацца каля 1—2 месяцаў (абнаўляючы назубныя накладкі), а страты вышыні бываюць і 1,5—2 см, а то і болей, таму падрыхтоўка да пратэзавання можа заняць больш за год. Ігнараванне гэтага этапу — адна з прычын, па якой частка людзей не можа карыстацца нават якаснымі пратэзамі.

Калі вы — сардэчнік альбо дыябетык з вялікім стажам, шанцы на прыжыўленне імплантаў і доўгі тэрмін іх службы даволі прывідныя. Калі вы ў нейкім узросце мелі працяглыя (хранічныя) запаленчыя ўскладненні пасля выдалення зубоў альбо пасля адкрытых пераломаў сківіцы (астэаміяліт), калі вам выдалялі наватворы сківічнай косткі (остэабластакластома і т.п.), — гэтыя ўчасткі малапрыдатныя для імплантацыі і патрабуюць дадатковай уважлівасці.

Калі ў вас анкалагічныя праблемы ў вобласці твару ці шыі, і раптам узнікне неабходнасць апраменьвання — з імплантамі давядзецца развітацца, як і з металёвымі пломбамі ды пратэзамі.

Няварта рызыкаваць тым, хто ведае за сабой алергію на металы — прынамсі без дадатковых тэстаў.

І, зразумела, калі для вас атрымаць у зубы — рэгулярная і неад’емная падзея жыцця (вы — баксёр, у вас хвароба, праз якую вы часта і няўдала падаеце, альбо вы жывеце па законах джунгляў) — не выкідайце грошы на вецер.

Вам скажуць, што імпланты — гэта раз і назаўжды. Практыка паказвае адваротнае.

Выдаляць імпланты шляхам аперацыі даводзіцца, калі з-за атрафіі косткі ўтвараюцца «кішэні» і анкер пачынае хістацца (тое, што адбываецца з парадантознымі зубамі), калі імплант з-за лекарскай памылкі альбо з-за паталагічнага працэса ў костцы пад жавальнай нагрузкай праваліўся ў гаймараву пазуху (на верхняй сківіцы) ці ў канал нэрва (на ніжняй). Калі адбыўся пералом сківіцы альбо развіўся астэаміеліт ці наватвор у месцы ўстаноўкі імпланта. Паўторная імплантацыя магчымая не заўсёды і не адразу.

Так, імплантацыя — перадавы метад, але ніводны метад не можа пасаваць кожнаму. І калі вам апісваюць толькі перавагі лячэння, не спыняючыся на недахопах ды рызыках — задумайцеся. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?