Мне вядома, дэвальвацыі ў краіне няма, але ўсё ж тыдзень таму напісала ў сябе ў «Фэйсбуку» два сказы: «А мне шкада пенсіянераў. І не каментуйце «яны галасавалі». Вядома, пракаментавалі.

На наступны дзень пабачыла ў Юрыя Зісера перапіску на гэтую тэму. Жанчына апісала, як яе мама мучыцца з ціскам і арытміяй з-за страчаных грошай на пенсійным дэпазіце, і першы каментар: «Толькі людзі ў сваіх слабых мам і тат увесь час забываюць спытаць, за каго ж яны галасавалі».

Па маіх назіраннях, «як галасавалі» ў падобных дыскусіях усплывае заўсёды. Пры гэтым ніхто не сумняваецца, што гэта «як» ужо даўно нікім не лічыцца. І ўсё ж «вы галасавалі, а нам расхлёбваць», «вы са сваім «абы не было вайны» пазбавілі нас будучыні», «вас толькі бясплатны праезд у электрычках хвалюе, а не чым за гэта расплачваюцца». Часта развагі пераходзяць да «быдла-народца», які не заклапочаны сваімі правамі і свабодамі, а, наадварот, мяняе іх на «стабільнасць» і набіты страўнік. Проста набіты, калі абы-чым — «значыць, так і трэба» або «што зробіш».

Ведаеце, мая бабуля з такіх. Праўда, калі я пра яе каштоўнасці задумваюся, успамінаю гутарку з двума беларускімі эмігрантамі. Гэта адукаваныя людзі, у 90-я гады ўвесь свой час і сілы аддавалі на жаданыя перамены ў краіне. Жылі гэтым, ахвяравалі сям'ёй, а потым у адзін момант зразумелі, што час сышоў, топчуцца на месцы, «дзякуй» ніхто не скажа, і яны захацелі пажыць «для сябе».

Жыць для сябе хацелася, як ні парадаксальна, у «стабільнасці». Толькі іншай якасці, чым на радзіме. Яны з'ехалі па гэта ў Еўропу, жыць так, як хочуць і маглі. Бо маюць права.

Мая бабуля, вядома, іншае пакаленне і іншы выпадак. Пра перамены ў краіне не клапацілася, пра жыццёвы выбар не задумвалася. Яна, найстарэйшая з чацвярых дзяцей, вырасла без бацькі. Тата быў высланы ў Сібір. Апошні ўспамін пра яго — узмах рукі з акна таварнага вагона. Маме перадалі, калі будуць этапаваць, і яна выйшла з трыма дочкамі, цяжарная чацвёртым дзіцём, сынам, да чыгуначных шляхоў развітацца. Малодшыя сёстры і гэтага не памяталі, толькі лісты з просьбай высылаць яму бульбяныя ачысткі і сабачы тлушч. Паводле яго разумення, гэтыя «прадукты» не абяднілі б рацыён яго вялікай сям'і, якую карміць прыйшлося адзінокай жанчыне. Ён хутка памёр там. Потым вайна, у якую выжывалі на нямецкіх прадуктах — прабабка прыбірала хаты ў немцаў, а яны перадавалі ежу «кіндарам». У 14 гадоў мая бабуля пачала свой працоўны стаж з працы на балоце — здабывала торф па пояс у вадзе. Далей — калгас і праца за «палачкі», у «другую змену» ў сябе ў агародзе і з быдлам, каб забяспечыць ежай сябе і дзяцей.

Галоўная бабуліна мара споўнілася: мая мама паступіла і скончыла ўніверсітэт, «выбілася ў людзі». А зараз для яе галоўнае — так, стабільнасць, адлюстраваная ў пенсіі, так, «абы не было вайны», і так, яна гатовая прыняць любы крызіс як належнае, не папракнуўшы ўладу. Таму яна ў катэгорыі «быдла». Толькі, калі ўважліва паглядзець, у гэтага «быдла» з чатырма класамі адукацыі ёсць годнасць. Як ні дзіўна, яго маёй бабулі дапамагае захаваць тая самая пенсія, за якую, лічыцца, яна яго пазбавілася.

Рэгулярная пенсія гарантуе ёй незалежнасць ад дзяцей і ўнукаў, магчымасць рабіць ім падарункі, не стаць клопатам і ў рэшце рэшт годна сысці, пакінуўшы «пахавальныя». Вось у гэтым яе годнасць. Ведаеце, мае права.

У «быдла» ёсць сінонім. «Ты заступаешся за «ватнікаў»? Якія правы?! Каго ты хочаш змяніць? Распусніц, якія фарбуюцца тушшу са збітага самалёта?! Вырадкаў, якія расстрэльваюць параненых?! Што значыць «з імі так нельга»? Гэта вайна! Іх проста трэба вычысціць з украінскай зямлі і ўсё!» — мой сябар у адказ на рэпліку, што ў сепаратыстаў ёсць правы. Шчыра, я проста накрычала на яго, што ён такі ж «ватнік». А павінна была спакойна спытаць: «А ў чым жа паміж вамі розніца? Яны ж таксама лічаць, што чысцяць сваю зямлю ад «карнікаў», і паколькі «укропы» не людзі, а вырадкі, то з імі можна як заўгодна паступаць і параненых дабіваць. Калі мы прэтэндуем на тое, што будуем іншую сістэму, дзе галоўная каштоўнасць — чалавек, а не абстрактныя «ідэя» ці «дзяржава», то любы чалавек — гэта аднолькавая каштоўнасць з усімі правамі, а не толькі той, што з «правільнымі» поглядамі, адпаведнымі сённяшняй ідэалогіі. А калі «правільныя» і «няправільныя» для цябе ўсё ж існуюць, то ты ўжо ў такой сістэме жывеш, проста з другога боку барыкад», і змагаешся толькі за тое, каб памяняцца месцамі». 

«Быдла», «ватнікі» — рэдка, але я казала так пра людзей. Пра старых, якія хочуць у СССР, пра міліцыянтаў, якія збіваюць людзей проста за іншыя погляды, пра суддзяў, якія судзяць «па званку», а не законе, пра дэпутатаў, тых, хто галасуе «як трэба», пра кіроўцаў з расійскімі сцяжкамі на панэлі, пра тых, хто жыве тут і не лічыць Беларусь дзяржавай, а беларусаў нацыяй.

«Не кажы «быдла» пра людзей. Яны робяць так ці інакш, зыходзячы са сваіх сённяшніх пераваг, ведаў, бачання свету. Заўтра яны могуць стаць іншымі, зрабіць выбар, за які ты будзеш іх паважаць», — мне пашанцавала гэта пачуць ад чалавека, чыё жыццё кажа гэтымі словамі.

Гэта сказала мне чачэнка, дарослая дзяўчына, якая страціла на вайне маці і дваіх 17-гадовых братоў і некалькі гадоў горача жадала годна памерці, забраўшы з сабой жыцці іншых, рыхтуючыся да гэтага. Я не спытала ў яе, што адбылося, што яна пачула, убачыла, адчула, каб прайсці шлях ад свядомасці годнай «нявесты Алаха» да таго, кім яна стала. Я проста больш ніколі не кажу «быдла» і са шкадаваннем гляджу на людзей, якія так кажуць. Пакуль так кажуць — мала шанцаў на перамены. Нашы чаканні ад людзей ствараюць нашу рэальнасць.

«Калі чалавека доўга называць свіннёй, ён у рэшце рэшт зарохкае», — паўтарала мая настаўніца рускай літаратуры ў 5-м класе. «Калі мы прымаем чалавека такім, які ён ёсць, мы робім яго горш; калі мы прымаем яго такім, якім ён павінен быць, мы дапамагаем яму стаць такім», — пісаў Гётэ.

«Таму калі вы не прызнаеце ў чалавеку яго жаданне мець значэнне, яго пошук значэння, вы робіце яго горш, а калі вы дапускаеце ў гэтым так званым крымінальніку або непаўналетнім злачынцы, або наркамане наяўнасць хоць бы іскры пошуку значэння… Давайце дапусцім гэта! І тады вы выклічаце ў яго гэта, вы прымусіце яго стаць тым, кім ён у прынцыпе можа стаць», — дапаўняў, цытуючы Гётэ, на сваіх лекцыях сусветна вядомы вучоны Віктар Франкл. Гэта даказвалі многія навукоўцы ў сваіх працах і эксперыментах, але Франкл сцвярджаў гэта не з лабараторый, а маючы унікальны вопыт псіхолага, які прайшоў канцлагеры нацыстаў, практыкуючага там разам з калегамі на мяжы смерці.

«Вы ўсе саромеецеся спытаць, ці дапамагаю я «ватнікам»? Так, вядома. Усім. Мне ўсё роўна, якіх гэтыя людзі поглядаў. Ды і пакуль я высвятляю, ці не хворыя дзеці, ці ёсць чым накрывацца, ці патрэбен абагравальнік, ці ёсць дзецям што есці, мне няма калі спытаць аб палітычных перавагах і поглядах на нацыянальную ідэю.

Усім нагадваю, што ваюе Украіна з Расіяй, а не са сваімі грамадзянамі. Пляваць на іх палітычныя погляды, ім трэба дапамагаць. Яны маюць такое ж права на годнае жыццё, гарантаванае канстытуцыяй. Вы памятаеце, як усё запалі на лагатып «Адзіная краіна» па ўсіх каналах? Памятаеце, як фарбавалі платы сінім і жоўтым? Памятаеце, як усё заляплялі сацыяльнай рэкламай аб тым, што мы адна краіна? Грош — вось кошт усяму гэтаму адзінству, калі мы не палюбім іх, а яны не палюбяць нас», — валанцёрка з Херсона кажа гэта сваім суграмадзянам. Проста, як чачэнка, Гётэ і Франкл, яна дапускае, што яе суграмадзяне, сёння гатовыя забіваць, здольныя любіць.

У нас ёсць выбар, ці жыць сярод «быдла».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?