У 2008 годзе «Свабодны тэатр» плануе стварыць у Мінску тэатральную студыю: набраць маладых людзей і заняцца іх адукацыяй. Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Халезін.

Паводле яго інфармацыі, у студзені «Свабодны тэатр» правядзе тры тыдні на гастролях у Нью‑Йорку і Лос‑Анджэлесе. Таксама ў ЗША плануецца рэалізаваць сумесны педагагічны праект з Каліфарнійскай школай мастацтваў.

Тэатр чакаюць трохтыднёвыя гастролі ў Англіі. У Лондане і Лідсе калектыў пакажа пастаноўкі «Быць Гарольдам Пінтэрам» і «Пакаленне Jeans». М.Халезін зазначыў, што будзе рэалізаваны педагагічны праект з Брытанскай школай сцэнічнай мовы і драматургіі: беларускаму тэатру прапанавалі правесці тыднёвы курс са студэнтамі.

У красавіку ў Салоніках (Грэцыя) «Свабоднаму тэатру» будзе ўручана тэатральная прэмія Еўропы. Перад гэтым калектыў пакажа прэм’еру трылогіі «Зона маўчання», а таксама спектаклі «Быць Гарольдам Пінтэрам» і «Пакаленне Jeans».

Як паведаміў М.Халезін, сёлета ў Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі перакладаў п’ес маладых драматургаў Беларусі «Пакаленне Jeans», выдадзенай «Свабодным тэатрам». Кніга выйшла на беларускай мове ў перакладзе прафесара Андрэя Каляды. У выданне ўключаны п’есы Дзіяны Балыка, Паўла Пражко, Канстанціна Сцешыка, Яны Русакевіч, Наталлі Каляды, Мікалая Халезіна і інш. «Мы адправім па пяць асобнікаў кнігі ў кожны беларускі тэатр, каб больш не было выказванняў аб тым, што ў Беларусі няма сучаснай драматургіі», — сказаў М.Халезін.

«Свабодны тэатр» быў створаны два з паловай гады таму. Трупа не мае ўласнай сцэны, памяшкання для рэпетыцый, фінансавання, таму спектаклі «Свабоднага тэатра» ў Беларусі праходзяць на розных пляцоўках. Як правіла, такія паказы шырока не афішуюцца.

Тацяна Дарашчонак, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0