21 лютага прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падпісаў пагадненне, дзякуючы якому спадзяваўся пратрымацца ва ўладзе яшчэ некалькі месяцаў, піша The New York Times, што правяла расследаванне апошніх гадзін праўлення Януковіча ва Украіне.

Але проста падчас перамоваў «кіраўнікі паліцыі і сілавых структур спешна тэлефанавалі дэпутатам-апазыцыянерам, выразна тлумачачы, што клапоцяцца больш пра сваю ўласную бяспеку, чым пра абарону Януковіча і яго ўрада», сцвярджаюць журналісты Эндру Хігінс і Эндру Крамер.

Да вечара таго ж дня Януковіч пакінуў Кіеў. Расія сцвярджае, што Януковіч быў зрынуты ў выніку гвалтоўнага перавароту, які падтрымліваўся і нават быў зрэжысіраваны Захадам.

The New York Times піша, што яе расследаванне паказала: «прэзідэнт быў не столькі скінуты, колькі кінуты на волю лёсу яго ўласнымі саюзнікамі, а заходнія афіцыйныя асобы былі здзіўленыя гэтым крахам не менш, чым усе астатнія».

Уцёкі саюзнікаў паскорыліся з прычыны таго, што пратэстоўцы захапілі шмат зброі, але гэтак жа важную ролю адыграла паніка ва ўрадавых колах з-за спробаў Януковіча памірыцца з супернікамі.

На досвітку 20 лютага, у чацвер, праеўрапейскі пратэстны рух кантраляваў усяго некалькі сотняў квадратных метраў у цэнтры Кіева, піша газета. Раніцай у той жа дзень град куль разбіў дзясяткі пратэстоўцаў.

Гэта кровапраліцце выклікала шок, які да вечара справакаваў масавы сыход саюзнікаў Януковіча ў Радзе ў іншы лагер, а самога Януковіча заахвоціў уступіць у перамовы з трыма апазыцыянерамі, піша газета.

«Менавіта тады пачалі паступаць званкі ад афіцэраў-сілавікоў, кажа адзін з дэпутатаў-апазіцыянераў Сяргей Пашынскі», — піша газета. Афіцэры прасілі даць ім эскорт, каб яны маглі пакінуць Кіеў, дзе вуліцы былі запруджаныя раз'юшанымі пратэстоўцамі.

У інтэрв'ю газеце афіцэры сілавых структур сказалі, што іх устрывожыў заклік расследаваць забойства пратэстоўцаў, які ўтрымліваўся ў мірным пагадненні. Яны асцерагаліся, што Януковіч гатовы кінуць на волю лёсу тых самых людзей, якія яго ахоўвалі.

Днём 21 лютага Кіеў пакінула падраздзяленне «Беркута» з Сумскай вобласці.

В.а яго камандзіра, які папрасіў называць яго проста «Уладзімір», сказаў, што 21 лютага ўсю раніцу спрабаваў датэлефанавацца да свайго начальства ў МУС Украіны, каб атрымаць ўказанні, але тэлефоны не адказвалі.

У выніку Уладзімір датэлефанаваўся нейкаму чыноўніку сярэдняга звяна ў МУС. «Атрымаўшы параду з'ехаць, бо «ўсё начальства бяжыць», Уладзімір звязаўся з Пашынскім і папрасіў эскорт для выезду з горада», — піша газета. Ён растлумачыў, што яму не загадалі з'язджаць, а проста сказалі, што ён і яго падначаленыя могуць з'ехаць, калі пажадаюць.

Аляксандр Хадакоўскі ў лютым камандаваў падраздзяленнем элітнага спецназу «Альфа», ахоўваючы штаб-кватэру ўнутранай разведкі Украіны.

«Мы пачалі разумець, што цэнтральнага ўрада не будзе, што ён развальваецца», — успамінаў Хадакоўскі ў нядаўнім інтэрв'ю ў Данецку, дзе цяпер камандуе батальёнам узброеных прарасійскіх сепаратыстаў.

У элітных падраздзяленнях міліцыі «змянялася атмасфера», сказаў Хадакоўскі. «Усе зразумелі, што ўрад не збіраецца прымаць рашучыя меры. Мы зразумелі, што нас абвінавацяць ва ўсіх злачынствах, якія мы здзейснім, калі будзем чысціць плошчу, пры апошнім дыханьні старога ўрада», - растлумачыў ён.

Акрамя таго, сілавыя структуры панікавалі з-за чутак, заахвочваюцца самімі прысутнымі. Сцвярджалася, што ў Кіеў вязуць сотні адзінак агнястрэльнай зброі, захопленых 18 лютага у Львове.

Заходнія дыпламаты, у тым ліку пасол ЗША Джэфры Р. Пает, асцерагаліся: калі гэта зброя апынецца ў Кіеве, то пратэстны рух, які пачаўся як мірны, ператворыцца ў збройны і хутка згубіць гэтыя сімпатыі.

Увечары 20 лютага, калі прадстаўнікі еўрапейскіх краін вялі з Януковічам перамовы аб перамір'і, Пает і некалькі еўрапейскіх пасланнікаў сустрэліся з Андрэем Парубием, кіраўніком сіл бяспекі пратэстоўцаў [камендант Еўрамайдану].

«Мы яму сказалі: «Не дазваляйце, каб гэта зброя трапіла ў Кіеў. Калі яна прыбудзе, гэта цалкам зменіць сітуацыю», — успамінае Пает.

Парубій ў нядаўнім інтэрв'ю адмаўляў, што гэта зброя наогул дабралася да Кіева, але дадаў, што перспектыва яе траплення ў сталіцу, магчыма, стала магутным інструментам націску і на Януковіча, і на еўрапейскія ўрады.

«Я іх перасцярог, што калі заходнія ўрады не прымуць больш цвёрдых мер супраць Януковіча, увесь працэс можа прыняць вельмі пагрозлівы размах», — сказаў Парубій.

Андрэй Цярэшчанка, камандзір «Беркута» з Данецка, які тады знаходзіўся разам са сваімі падначаленымі ў будынку Кабінета міністраў у Кіеве, сказаў: 21 лютага, прыкладна ў 14 гадзін, яму патэлефанаваў намеснік міністра ўнутраных спраў Віктар Дубовік і загадаў пакінуць горад. Паводле слоў Цярэшчанкі, Дубовік звязаў яго з Пашынскім, а той суправадзіў Цярэшчанку і яго падначаленых да гарадской ускраіны.

Пашынскі кажа, што арганізаваў эскорты для таго, каб горад пакінулі больш за 5000 вайскоўцаў сілавых падраздзяленняў. Паводле яго слоў, ён не ведае, адкуль першапачаткова паступіў загад аб адступленні.

Іна Багаслоўская, былая саюзніца Януковіча, сказала, што адступленне сілавікоў было рэакцыяй на рэзалюцыю Рады, якая ўвечары ў чацвер «загадала ўсяму складу ўнутраных войскаў і ўсёй міліцыі вярнуцца ў казармы» (фармулёўка газеты). Паводле яе слоў, Януковіч не меў іншага выбару, акрамя як загадаць сілавікам сысці з вуліц.

Па словах набліжаных, у пятніцу, 21 лютага, калі прэзідэнцкая адміністрацыя і рэзідэнцыя перасталі ахоўвацца, Януковіч вырашыў, што яму лепш пакінуць Кіеў, прынамсі, на некалькі дзён.

«Калі ахова вакол прэзідэнцкай адміністрацыі была знятая, яму давялося з'ехаць», — распавёў Міхаіл Добкін, які ў той час быў губернатарам Харкаўскай вобласці. У пятніцу ўвечары Януковіч вырашыў знайсці прытулак у сталіцы вобласці, Харкаве.

«Ён патэлефанаваў і сказаў: «Я прыеду сёння ці заўтра»,— успамінае Добкін, дадаючы, што Януковіч прадставіў гэтую паездку на ўсход як чарговы візіт з інспекцыяй і адчайна спрабаваў зрабіць выгляд, што «ён нікуды не бяжыць». Каб захаваць твар, ён папрасіў Добкіна «выбраць некалькі заводаў для наведвання».

Добкін паспрабаваў арганізаваць візіт на Харкаўскі завод «Турбаатам», але яго дырэктар, які раней з радасцю прыняў бы прэзідэнта, цяпер не хацеў мець нічога агульнага з Януковічам. Як сказаў Добкін, дырэктар нават адмовіўся пагаварыць з ім па тэлефоне.

Калі Добкін сустрэў прэзідэнта ў аэрапорце Харкава пасля апоўначы, той, здавалася, не панікаваў, або нават не ўсведамляў ўсёй сур'ёзнасці сітуацыі.

«Яму здавалася, што гэта часовыя цяжкасці», — успамінае Добкін, апісваючы прэзідэнта як «чалавека з іншай планеты», які верыў, што здзелка пры пасярэдніцтве Еўропы магла б даць уцячы з годнасцю ў канцы года.

Па словах Добкіна, Януковіч не разумеў, што пагадненне аб датэрміновых выбарах і іншых саступках не гарантуе яго шчаслівай будучыні, а хутчэй з'яўляецца сігналам саюзнікам пра тое, што пара пераходзіць на другі бок.

«Калі лідар перастае быць лідарам, усе, хто яго акружае, адыходзяць ад яго, — сказаў Добкін. — Такое правіла». І дадаў: «Прадаць своечасова — гэта не здрада, а прадбачанне».

Гвалт, які ўзрушыў Кіеў за некалькі дзён да ад'езду Януковіча, нечакана спынілася, як толькі ён пакінуў горад. Раніцай у суботу, 22 лютага, пратэстоўцы, здзіўленыя адсутнасцю паліцыі на вуліцах, занялі будынак прэзідэнцкай адміністрацыі, рэзідэнцыю Януковіча і іншыя раней непрыступныя будынкі. Яны спакойна ўвайшлі ў іх праз галоўныя ўваходы.

Праз некалькі гадзін, у меланхалічным тэлевізійным звароце з Харкава — апошнім перад уцёкамі ў Расію — Януковіч настойваў на тым, што ён застаецца прэзідэнтам краіны, распавядаў пра напад на яго машыну і пра здраду перабежчыкаў.

«Яны здраднікі, - сказаў ён. — Я не хачу казаць пра іх. Я не хачу называць імёнаў. Няхай гэта застанецца на іх сумленні і ў іх адказнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?