Час ад часу ў мяне пытаюцца: чаму «Камертон»? У пытанні адчуваецца, а калі і наўпрост чую, папрок у нясціпласці. Маўляў, ці не зашмат бярэ на сябе аўтар, прэтэндуючы на абсалютны слых, на неабвержную бездакорнасць думак і абагульненне пачуццяў?

Насамрэч усё значна прасцей.

…Ужо і не памятаю, хто прапанаваў з’ездзіць у вёску па самагон і сала. Хутчэй за ўсё я сам. Бо на чым яшчэ было ехаць акрамя як на бацькавым «масквічыку»? Тым больш што да Новага года заставалася якіясь 5—6 гадзінаў, і паспець на нашу студэнцкую складчыну іншым чынам было немагчыма.

Што да вёскі, то і назву яе не памятаю, і скажы хто зараз знайсці яе, не знайду. Памятаю толькі, што ў кірунку Паперні, а потым яшчэ кудысь убок, агулам кіламетраў 30 ад Мінска. Ці 40…

Снежань на той год выпаў амаль як сёлетні— марозны і маласнежны. Не тое, што восень, калі пад халодным, бесперапынным, з ветрам, дажджом поркаліся ў пошуку падгнілых бульбін у гразкіх барознах. Да хаты дабіраліся ледзь жывыя, гаспадар, здаецца Пятро, наліваў у жалезную конаўку, адну на трох, пякучай каламутнай вадкасці, кожнаму па глытку, а Ганна, гэта памятаю дакладна, ужо ладзіла яешню з леташняй скваркай…

Цяпло бегла па сасудах, і, павячэраўшы, мы адразу валіліся на шырокі сяннік, раскладзены па падлозе. Хата, аб адным пакоі, яшчэ будавалася. Ні ложкаў, ні канапаў не было — толькі печ ды падлога. Пятро, Ганна… Па тагачасным уражанні гадоў недзе за 70, мо нават і болей. Але кожную ноч праз паўсон толькі і чулася з печы валтузня і бясконцае: «Ды адчапіся ты… хлопцаў пабудзіш…» Ага, пабудзіш…

Пятро, дарэчы, быў без нагі, але кульгаў на драўляным пратэзе даволі спрытна. Дзе згубіў нагу, ды і ўвогуле пра жыццё, ніколі не распавядаў. Ды і цікавіцца падавалася непрыстойным.

Згубіў і згубіў. Аднойчы толькі, калі мы заспрачаліся пра культ асобы, пра Сталіна і Хрушчова, зірнуў з-пад сівізны слязістымі вачыма: «Кіньце, мальцы, што вы пра тое ведаеце…» Нам бы даведацца, чаму ён на старасці будавацца пачаў, ці была і куды падзелася ягоная родная хата. А мы ўсё Хрушчоў, Сталін, культ асобы…

…Самагону Пятро наліў ад душы, у вялікую, мо літры на тры, бутлю. Адрэзаў кавалак сала, Ганна наклала кіслай капусты. На развітанне глынулі па глытку, усё з той жа жалезнай конаўкі. Абняліся, павіншаваліся з надыходзячым… Я глянуў на гадзіннік — шчэ гадзіны тры, паспею…

Недзе праз паўгадзіны распачалася завіруха, першая на тую зіму. Снег заляпляў шкло, фары сляпілі ўжо мае ўласныя вочы… 

Усё ж добрае было аўто — «Масквіч-402»! Жалеза добрае, шведскае… 16 гадоў па ўсіх рыбацкіх мясцінах ад’ездзіў, як прадавалі, бацька, стрымліваючы слязу, усё ляпаў яго па даху: «Як званочак… як званочак…»

 «Званочак» трошкі вільнуў задам, споўз у кювет і мякка лёг на правы бок. Кювет не кювет, так, равок. Не, усё ж кювет, самому выбрацца немагчыма. Мо хто паедзе, дурням заўжды шанцуе… Не пашанцавала. Добра, хоць паліва амаль бак і печка спраўная…

Хвілін за пяць да дванаццаці я дастаў з бардачка кілішак, наліў з Пятровай бутлі і ўключыў радыё. Прамаўляў, здаецца, Левітан: «С Новым 1961-м годом, дорогие товарищи! С новым счастьем!»

…Ужо трошкі прыснуў, калі раптам пачулася: «Уладзімір Алоўнікаў, «Песня аб Радзіме». Спявае дзіцячы хор Мінскай музычнай школы-дзесяцігодкі».

Я расплюшчыў вочы, заглушыў рухавік. Завіруха скончылася, і ўсё навокал сталася белым. Усё, наколькі хапае далягляду, іскрыцца ў ззянні маладзіка, што мусіць ужо адольваць першую квадру. І нібыта з нябёс ліецца мелодыя: «Радзiма-а мая дарага-а-я…»

Няўжо Сярожа? Так, я чую, гэта ён. Мабыць, стары запіс, мо нават з дэкады, недзе там уплецены і мой голас…

Я зноў заплюшчваю вочы. І бачу канцэртную залу з высокімі, у прыгожых пераплётах, вокнамі, што глядзяць на плошчу Свабоды, чорны раяль з адкінутым векам і Мікалая Фёдаравіча Маслава — ледзь прыўзнятай рукой заклікае да цішыні. Секунды на тое, каб услухацца ў цішыню, і раптам яна поўніцца высокім меладычным гукам, нібыта пачынае гучаць паветра, пранікае не толькі ў слых, у лёгкія, але і ў душу. Так Мікалай Фёдаравіч распачынае рэпетыцыю нашага хора — лёгкім ударам металічнай палачкі па такім жа металічным прадмеце, падобным на тоўсты двухзубы відэлец. Мы ўжо ведаем, што прадмет завецца камертонам, а гук, які здабываецца з яго, нотай ля…

Кароткі ўзмах, і…

…1955 год, сцэна Вялікага тэатра, хлопчыкі ў белых кашулях і чорных, пашытых на заказ, штанах з шавіёту, дзяўчынкі з бантамі і ў белых фартухах. І усе з чырвонымі піянерскімі гальштукамі. І ўсе ўглядаюцца ў пазалочаную пячору цэнтральнай ложы, нібыта там, у загадкавай цемры, Сталін… І так шчыра, ані ноткі фальшывасці, усе спяваюць «Радзіму…».

А саліруе Сярожа Мінчонак — бялявы хлопчык, мо гадкоў дзесяць, з зайздросным, надзвычай дзівосным, крынічным голасам…

І вось гэты голас ізноў ліецца з нябёс. Разам са святлом маладзіка, што ўжо адольвае першую квадру.

…Не злічыць, колькі месячных квадраў прайшло, а штогод, калі на гадзінніку дванаццаць, узгадваю, як сустракаў 1961-ы — сам-насам з Прасторай і Часам. І з Сярожам Мінчонкам.

Ад тае пары ні яго, ні пра яго я не чуў. Акрамя таго, што, па звестках, у яго зламаўся голас.

Шмат чаго зламалася з таго, у што свята верылася. Але камертон захаваўся: «Красуйся і ў шчасці жыві…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?