Аднойчы мне ўжо давялося пісаць пра тэатар імя Янкі Купалы, і я шчыра спадзяваўся, што мне больш ніколі не давядзецца гэтага рабіць.


Проста таму, што я яго надта люблю. Я думаў, у прастаце душэўнай, што акторам трупы, у якой гралі вялікія Платонаў і Глебаў, Маўчанаў і Ўладамірскі, Станюта і Макарава, не давядзецца тлумачыць, што беларуская мова — гэта ня толькі лексыка ці артаграфія, але і фанэтыка, а вымаўленьне зацьвярдзелага, як я памятаю са школьнай лаўкі, гуку «Ч» як «Ч`» у беларускай мове катэгарычна забароненае. Я верыў, што сцэна, на якой ставіў свае спэктаклі вялікі Саньнікаў, заслугоўвае лепшага відовішча, чым пастаўлены слупам Плюшкін-Мілаванаў, якому дазволена вымавіць каля паловы дзясятка рэплікаў. Патлумачыўшы ўсё гэта ў рэцэнзіі на відавочна слабы спэктакль, якім я палічыў «Чычыкава», я вычакаў паўзу і вырашыў схадзіць у Купалаўскі. Але спачатку падышоў да афішы.

Тое, што я прачытаў на афішы, мяне ўзрушыла. Хвілін дзесяць я праціраў акуляры, спадзеючыся, што запацелае шкло проста не дазваляе мне спасьцігнуць сапраўдны сэнс напісанага. Напісана ж было проста: «Карла Гальдоні. Слуга двух гаспадароў. Пераклад з расейскай Анатоля Бутэвіча».

Не, паважаныя чытачы! Я разумею, што многія з вас маюць усе падставы мяне не любіць. Дапускаю, што сярод гэтай катэгорыі ёсьць супрацоўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, можа быць — і супрацоўнікі Купалаўскага. Але нават гэтыя рабы Мэльпамэны ня маюць маральнага права даводзіць няшчаснага філёляга да сардэчнага крызісу! Ці няхай аплочваюць мне маральныя выдаткі і візыт да мануальнага тэрапэўта па поўнай праграме!

Кожны выпускнік філфаку пацьвердзіць, што нябожчык Карла Гальдоні НІКОЛІ НЕ ПІСАЎ ПА-РАСЕЙСКУ! І для таго, каб ягоныя героі — у тым ліку і славуты Труфальдзіна — загаварылі на мове Аляхновіча, п’есу Гальдоні трэба перакласьці З ІТАЛЬЯНСКАЙ! А Анатоль Іванавіч Бутэвіч, вельмі прыстойны чалавек, што любіць сваю краіну, сваю культуру, італьянскай мовы ня ведае, у чым шчыра прызнаўся ўсім нам.

Але тады назавіце свой спэктакль як заўгодна іначай. Гэта можа лічыцца «перапрацоўкай». «Аўтарскай варыяцыяй». «П’есай па матывах» — крыху меней літаральнасьці, крыху болей фантазіі, і «піпл схавае»: ён жа, піпл гэты самы, упэўнены, што тэлевэрсія «Труфальдзіна з Бэргама» з Канстанцінам Райкіным і Натальляй Гундаравай — таксама Гальдоні, хаця п’еса вялікага вэнэцыянца напісаная прозай, і вершаваны «пераклад» абазначае сур’ёзнае адхіленьне ад задумы. Але гэта было б нашмат большай праўдай, чым тое, што напісана на афішы галоўнага тэатру Рэспублікі Беларусь і зьвернута да мінакоў галоўнага праспэкту яе сталіцы. Бо «ПЕРАКЛАД ЗЬ ПЕРАКЛАДУ НА РАСЕЙСКУЮ» абазначае, што гэта — што заўгодна, але не пераклад Гальдоні, і што ў краіне няма пісьменьнікаў, якія б ведалі італьянскую мову.

Стоп-стоп, спадарства! Ёсьць у нас такія пісьменьнікі! Цудоўныя перакладчыкі ёсьць! Той жа Лявон Баршчэўскі, скажам! Па-мойму, сярод моваў, вядомых спадару Лявону, ня толькі нямецкая (Гётэ) з францускай (Апалінэр) і грэцкай (Эсхіл), але і італьянская. Вось няхай бы яму міністэрства наша і замовіла адпаведны пераклад. Дарэчы, там яшчэ нехта Скарынкін лічыцца, за свайго Дантэ нават нечым там італьянскім уганараваны. Вось і ён няхай перакладае — калі, канечне, ён перакладаў Дантэ, а не Лазінскага. Або Аксана Данільчык з БДУ, якая на перакладах з італьянскай спэцыялізуецца. Урэшце, адзін з рэдактараў газэты, якую вы чытаеце, таксама ў вольныя хвіліны перакладаў Пірандэла і Эка, і ён бы замову Мінкульту, напэўна, таксама палічыў бы за гонар. А Анатоль Іванавіч няхай перакладае Нямцэвіча і Багамольца — з польскай мовы, якой, наколькі я разумею, гэты паважаны перакладчык Станіслава Лема мусіць валодаць больш-менш прыстойна. І ня трэба яго няславіць, даючы яму замовы, якія не адпавядалі б ягонай натуры, талентам і ведам.

Я пішу пра гэта зусім не для таго, каб кінуць камень у агарод спадара Бутэвіча. Якраз Бутэвіч, хутчэй за ўсё, вінаваты менш за іншых. Я ўяўляю сабе, як ён адмаўляўся, калі яму прапанавалі зрабіць гэты, дазвольце сказаць, пераклад. Як ён пакутаваў, уяўляючы сабе зласьлівасьць калегаў-перакладчыкаў: бачыш ты, італьянец знайшоўся! Але папрасілі, паабяцалі заплаціць... Трэба ж жыць на нешта пісьменьніку, які не спадзяецца на несьмяротнасьць, падобную да несьмяротнасьці Гальдоні!

А вось вінаватыя якраз тыя, хто падставіў шаноўнага Анатоля Іванавіча.

Па-першае, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру спадар Раеўскі. Былыя заслугі не даюць мандат зьдзяйсьненьня глупстваў пры ўсеагульным маўклівым ухваленьні. Дэманстрацыя відавочнай непавагі да гледачоў уласнага тэатру — глупства. Калі ня горш. Калі гэта ня сьведчаньне таго, што мастацкага кіраўніка рэпутацыя даверанай яму ўстановы ўжо папросту не хвалюе.

Па-другое, вінаваты намесьнік міністра культуры, які курыруе тэатры. Міністраў у нас прэзыдэнт прызначае. Яны — людзі ня творчыя, а палітычныя, таму можна прызначыць шкляра, і будзьце ўдзячныя, што вам яшчэ партача не падсунулі. А вось намесьнікамі міністраў павінныя быць — і гэта практыкуецца ва ўсім сьвеце, уключаючы Расею і Нямеччыну, як ні дзіўна, — прафэсіяналы. Розьніцу паміж ПЕРАКЛАДАМ і ПЕРАРОБКАЙ (ПЕРАКАЗАМ, ВАРЫЯЦЫЯМІ і г. д.) яны павінныя разумець. А калі не разумеюць, то няхай едуць на гуту памочнікамі шкловыдзімальшчыкаў. Там праца шкодная, небясьпечная, а раптам яны хаця б чаму-небудзь і навучацца. І будуць ведаць, што кожнаму належыць займацца сваёй непасрэднай справай. У тым ліку і перакладчыкам. Гальдоні мусіць перакладаць чалавек, што валодае італьянскай. Гэта БЯССПРЭЧНАЯ ІСЬЦІНА.

І толькі ў тым выпадку, калі гэтым двум вышэйназваным спадарам чарговае «купалаўскае» «бязладзьдзе» дарма пройдзе, вінаватым будзе міністар. Таму што не выконвае сваёй наўпростай функцыі — не кіруе культурай, а спакойна назірае, як яна ідзе пад адхон пры маўклівым пакусваньні спадаром Раеўскім сваёй жа ўласнай барады. А дэградацыя галоўнага тэатру краіны — службовае злачынства чалавека, што адказвае за гэтую самую культуру.

І апошняе.

Я абяцаю спадару Раеўскаму, што з 1 студзеня і да канца сэзону я паспрабую пабачыць усе п’есы, што ідуць у ягоным тэатры, і шчыра сказаць чытачам, што я пра іх думаю.

Аляксандар Фядута

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0