Раніцай 7 студзеня супрацоўнікі міліцыі не прапускалі вернікаў да кафедральнага Свята-Духавага сабора ў Мінску, паведаміла актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валерыя Чарнаморцава, якая таксама прыйшла ў гэтую раніцу ў храм.
Міліцыянеры растлумачылі, што шукаюць бомбу, паведамляе прэс-служба аргкамітэта БХД. Пасля завяршэння агляду тэрыторыі храма яны дазволілі прайсці да царквы спачатку святару, а затым і іншым вернікам.
Аднак Валерыю Чарнаморцаву так і не пусцілі ў сабор, паколькі на ёй быў павязаны бел-чырвона-белы шалік. Міліцыянеры прыгразілі, што затрымаюць актывістку. Чарнаморцава зняла шалік і схавала яго ў сумку, аднак усё адно не змагла трапіць у храм.
Афіцыйнага пацвярджэння інцыдэнту з пошукам бомбы каля галоўнага сабора сталіцы раніцай 7 студзеня ў ГУУС не было атрымана. Затое на сайце БелТА з'явілася інфармацыя, што сёння Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор наведаў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем…