Зборная Крыма не патрапіла на чэмпіянат Еўропы па футболе сярод каманд, непрызнаных Міжнароднай федэрацыяй футбольных асацыяцый (ФІФА). Пра гэта паведамляе weakteams.ws.
Арганізатары спаборніцтваў выбралі 11 удзельнікаў, а 12-ы вызначаўся галасаваннем. У ім зборныя Крыма і Манака прайгралі Паданіі — зборнай абласцей поўначы Італіі.
Турнір пройдзе летам 2015 на востраве Мэн пад эгідай Канфедэрацыі незалежных футбольных асацыяцый (ConIFA). Акрамя Паданіі і зборнай гаспадароў чэмпіянату, у матчах прымуць удзел зборныя Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Нагорнага Карабаха, Аксітаніі, Лапландыі, графства Ніца, Паўночнага Кіпра, Франконіі, венграў-секееў і цыган.
У 2014 годзе ў шведскім Эстэрсундзе адбыўся першы чэмпіянат свету сярод непрызнаных зборных. У фінале графства Ніца абыграла востраў Мэн (0:0 у асноўны час, 5:4 у серыі пенальці).