У чацвер, 8 студзеня (14:30), у судзе Першамайскага раёна Мінска адбудзецца разгляд скаргі праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэнне міліцыі на яе высылку з краіны.

Нагадаем, 5 лістапада 2014-га Першамайскі РУУС прадпісаў Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь, забараніўшы ёй наведваць краіну ў бліжэйшыя тры гады. Абскарджанне рашэння прадугледжвае прыпыненне прадпісання аб высылцы на тры месяцы. На абскарджанне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый даецца месяц.

28 лістапада мінулага года праваабаронца абскардзіла рашэнне ў ГУУС Мінгарвыканкама, што дазволіла ёй на 30 дзён падоўжыць рэгістрацыю на часовае знаходжанне ў Беларусі. 12 снежня сталічная міліцыя адмовіла ў задавальненні скаргі.

Танкачова з'яўляецца грамадзянкай Расеі, але жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і сталую працу. На працягу 20 гадоў яна і кіраваны ёй Цэнтр прававой трансфармацыі аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.

Сем тысяч подпісаў, сабраныя грамадскімі актывістамі пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны, на рашэнне ўладаў не паўплывалі. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў непрапарцыйнай і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай дзейнасцю праваабаронцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?