У Гродне выберуць новае месца для музея Васіля Быкава. Даручэнне падтрымаць грамадскую ініцыятыву сёння ў час асабістага прыёму грамадзян даў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

На прыём да старшыні прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці з просьбай падтрымаць ідэю аб выдзяленні асобнага будынка для музея імя В.Быкава і надання яму статусу дзяржаўнага.

Сёння ў Гродне дзейнічае невялікі музей на грамадскіх пачатках. Яго стварылі актывісты Гродзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сіл. Гэта невялікі пакой у офісным будынку па вул.Савецкая, які не прыстасаваны для наведвання экскурсійнымі групамі.

У той жа час у горадзе над Нёманам пісьменнік правёў 25 гадоў жыцця і напісаў «Альпійскую баладу», «Жураўліны крык» і многія іншыя вядомыя творы, таму тут лагічна папулярызаваць асобу пісьменніка. Тым больш што ў Гродне захаваны цэлы пакой экспанатаў для музея, пачынаючы ад рукапісаў, завяршаючы прадметамі ўжытку Быкава. У рэалізацыі ідэі гатовы таксама прыняць удзел сын і родныя народнага пісьменніка.

На думку ініцыятараў, такі літаратурны музей пры належным падыходзе стане грамадскім здабыткам і яшчэ адной адметнай мясцінай горада, зрабіўшы больш разнастайнай турыстычную праграму.

Владзімір Краўцоў падтрымаў ідэю аб папулярызацыі музея славутага пісьменніка. Найлепшым рашэннем, на думку прадстаўнікоў грамадскасці, было б выдзяленне для гэтых мэт асобнага памяшкання. Краўцоў даў даручэнні вывучыць музейную калекцыю, а таксама прапрацаваць усе магчымыя варыянты для размяшчэння музея і форму яго далейшага існавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?