«Я не чакала, што ўчарашняя трагедыя так аб’яднае французаў. Пра яе размаўляюць у кожным кутку, у метро круцяць рэкламу «Шарлі» будзе жыць», мусульмане хвалююцца пра тое, што тэракт вісіць на іх чорным ценем», — дзеліцца ўражаннямі адна з беларусак, якая вучыцца ў Парыжы.

«Тэракт у Францыі з’яднаў сваёй трагедыяй краіны і людзей. Вы ведалі, што забіты Мішэль Рэно, былы дырэктар кабінета мэра горада Клермон-Феран, быў актыўным прыхільнікам развіцця адносін Францыя-Беларусь і лічыўся вялікім сябрам горада Гомеля? Ён стаў аўтарам ідэі прысваення імя Блеза Паскаля Гімназіі №46 горада Гомеля. Як бачыце, трагедыя бліжэйшая да нас, чым можа падавацца».

«Наша Ніва» звязалася з беларусамі з Парыжа і паразмаўляла з імі пра агульную атмасферу ў краіне пасля тэракта. Яшчэ адна з беларусак, магістрантка па еўрапейскім праве, пагутарыла з намі пра праблему іміграцыі, пытанні іслама і Францыю як сацыяльную дзяржаву.

НН: Я ніколі не была ў Парыжы, і таму, калі нехта з сяброў вяртаецца адтуль з вандроўкі, я пачынаю дапытваць пра культуру і жыццё гэтага горада. Звычайна першае, што я чую гэта: «Там скрозь мусульмане!» Таму я хачу запытацца, наколькі іслам пранікае ў штодзённае жыццё Парыжа?

Пры Арыстыдзе Брыяне [неаднаразовы прэм'ер-міністр краіны] ў 1905 г. у Францыі адбылося аддзяленне царквы ад дзяржавы. Францыя — гэта свецкая дзяржава, пабудаваная на прынцыпах хрысціянскай маралі. Аднак некаторым прадстаўнікам французскага грамадства даводзіцца неаднаразова нагадваць, што Францыя — гэта калыска правоў чалавека, краіна свабод.

У 2004 г. быў прыняты закон пра свецкасць ў школе, які забараняе нашэнне рэлігійнай сімволікі, якая б кідалася ў вочы. Закон пра свецкасць быў прыняты для стварэння спрыяльных умоў для развіцця свабоднай асобы, здольнай самастойна вызначаць свае рэлігійныя погляды.

Некаторых французаў нават не хрысцяць пры нараджэнні, каб не навязваць ім рэлігійныя погляды завочна ў несвядомым узросце.

У 2011 г. быў прыняты закон, які забараняе нашэнне нікаба і паранджы, якая перашкаджае ідэнтыфікацыі асобы. У французскай оперы аднойчы здарыўся інцыдэнт, падчас якога ў зале танцоры ўбачылі жанчыну з цалкам пакрытым тварам. Падчас антракту ахоўнікі папрасілі яе або зняць вэлюм, альбо пакінуць залу.

НН: То бок тэму іслама кранаюць у вас досыць асцярожна?

Пытанне пра іслам — гэта вельмі небяспечная тэма, бо праблема не ў ісламе, а ў яго радыкальнай праяве. І галоўная небяспека цяпер — пачаць супрацьпастаўляць французаў-хрысціян французам-мусульманам. Гэта чарговая нагода для канфлікту і расколу грамадства. Французы вельмі акуратна выкарыстоўваюць гэтыя тэрміны. Нідзе ў французскіх СМІ няма спасылак на вінаватасць мусульман, як катэгорыі. СМІ і афіцыйныя асобы кажуць аб тэрарызме і фундаментальным ісламе і падкрэсліваюць, што ўдзел мусульман у акцыях па ўсёй Францыі толькі вітаецца.

НН: Ці часта ўвогуле здараюцца канфлікты паміж французамі і імігрантамі?

Бывае і такое. Але праблема не ў рэлігіі, а ў галечы. Так супала, што імігрантам заўсёды складаней уладкавацца, знайсці працу, адаптавацца. Таму вінаваты не іслам, а хутчэй той факт, што Францыя — гэта не амерыканскі кацёл, які пераварыць усіх і кожнага і зробіць з яго амерыканца.

НН: Пытанне Парыжа і імігрантаў — вечная тэма. Як самі французы ставяцца да іх?

Імігранты? А вы ведаеце, што падазраваныя ў тэракце — гэта французы алжырскага паходжання? І гаворка не толькі пра арганізатараў тэракта, але і астатніх так званых мігрантаў. Дык вось многія з іх не імігранты, яны французы. Мне ўжо неаднаразова рабілі заўвагі сябры, калі я неграў называла неграмі (гэта абраза), а арабаў арабамі. Мяне заўсёды выпраўлялі: не, яны французы, у іх французскі пашпарт, яны грамадзяне Еўрасаюза, яны могуць галасаваць і балатавацца.

НН: Наколькі ў Францыі спрыяльныя ўмовы для імігрантаў?

Францыя — гэта сацыяльная дзяржава. Дык вось, наша беларуская сацыяльная мадэль нервова курыць у баку. Таму што ў Францыі мне — імігранту — адразу ж па прыездзе далі 50% дапамогу на пакрыццё кошту здымнага жылля. Вядома, французам гэта не вельмі падабаецца, што замежнікі могуць так лёгка атрымаць доступ да іх сацыяльных бенефітаў. Да таго ж, падаткі тут вельмі высокія.

НН: Што тычыцца атмасферы ў горадзе. Пра што размаўляюць парыжане, у якім настроі выходзяць на вуліцы?

Некаторыя пазбягаюць выходзіць, тым больш на шматлюдныя акцыі. Іншыя ж, наадварот, хочуць паказаць, што тэрарыстам не ўдалося дасягнуць сваёй мэты і запалохаць Францыю. Таму па ўсёй Францыі прайшлі шматлікія акцыі ў падтрымку «Шарлі Эбдо».

НН: Калі ідзе абмеркаванне здарэння, то ў якім кірунку?

Трэба гарантаваць свабоду слова і нельга змешваць ісламізм і іслам.

НН: Пасля тэракта ў мінскім метро беларусы паказалі выдатную самаарганізацыю, а як у французаў з салідарнасцю?

У Францыі ўчора тут жа па ўсёй краіне прайшлі шматтысячныя акцыі ў падтрымку «Шарлі Эбдо». Я нешта не ўзгадаю, каб пасля тэракту ў Мінску было нешта падобнае, тым больш па ўсёй краіне.

Учора здаўся паліцыі самы малодшы з трох падазраваных. Дык ягоныя аднакласнікі у яго падтрымку надрукавалі твіты аб яго невінаватасці, дзе сведчылі, што падчас тэракта ён быў на занятках.

Я згодная, што падчас тэракту ў Мінску сацсеткі не былі так распаўсюджаныя, але ў нас асабліва ніхто не заступаўся за вінаватых/невінаватых у тэракце, не было масавых акцый падтрымкі. Пры пераездзе ў Францыю я думала, што ўсе французы самазакаханыя індывідуалісты і дапамогі звонку чакаць не давядзецца. Але ўсё аказалася інакш. У Мінску ў свой час вельмі напакутавалася з жыллём і з адаптацыяй. І вельмі многія знаёмыя нібыта і хваляваліся, але асабліва ніхто не спяшаўся праявіць шырыню сваёй беларускай душы і хоць чым-небудзь дапамагчы. У Францыі мае аднагрупнікі былі гатовыя вадзіць мяне за ручку і тлумачыць, куды пайсці, як што правільна зрабіць.

Вядома, усё залежыць ад людзей, але беларуская салідарнасць мяжуе са шкадаваннем. Мы дапамагаем слабаму, таму, каго шкада. Наша салідарнасць пасіўная, яна адрозніваецца ад салідарнасці ў дзеянні. Наша салідарнасць — гэта пасядзець пасуперажываць, пагаварыць пра духоўнае і напрыканцы прыняць тое, што, на наш погляд, змяніць нельга.

НН: А ці адрозніваецца рэакцыя французскай улады ў цяжкія часы?

У нас уладам ўласціва, перш за ўсё, выявіць сілу, то бок запалохаць, паабяцаць, што ўсіх тут жа зловяць і забяспечаць страшным і непазбежным пакараннем, а толькі потым падумаць пра пацярпелых. То бок праз пакаранне яны самасцвярджаюцца.

У Францыі ўлада адразу ж выказвае спачуванне сем'ям загінулых, а таксама ўсім французам. І той факт, што яна звяртаецца да ўсіх французаў — гэта вельмі важна. Улады імкнуцца сваімі дзеяннямі і зваротамі паказаць, што толькі адзіная Францыя з яе абранымі кіраўнікамі можа супрацьстаяць такім зверствам. У гэтым адрозненне ад Беларусі, дзе як што — адразу робіцца акцэнт на тым, што народ дрэнны, ну або частка народа дрэнная, а ўлада зараз прыйдзе і разбярэцца.

НН: Як вы лічыце, гэты тэракт паўплывае на погляды парыжан на імігрантаў і той жа самы іслам? Наколькі гэта здарэнне ўмацуе пазіцыі Марын Лё Пэн?

Мішэль Уэльбэк, вядомы французскі пісьменнік, напісаў кнігу «Пакора», у якой кажа пра тое, што ў 2020 г. да ўлады ў Францыі прыйдзе прэзідэнт-мусульманін, які пераможа на выбарах кіраўніка крайніх правых Марын Лё Пэн. Я ўпэўнена, што такое не адбудзецца. І наўрад ці Лё Пен прыйдзе да ўлады, але я амаль перакананая, што да ўлады прыйдуць правыя. Можа быць, нават Сарказі.

Погляды парыжан асабліва не зменяцца. Прагаласуюць за правых. Ды і ўсё. Сарказі і без таго не вельмі адстае ад Алянда. Але вось у якой-небудзь глухой і забітай правінцыі погляды вельмі зменяцца. І без таго маленькія заможныя правінцыйныя гарады галасуюць за крайніх правых, каб пачысціць Францыю. А пасля таго, што адбылося, і пагатоў.

Правінцыйныя французы любяць прыгожа жыць, цярпець не могуць узрушэнняў. Яны хочуць піць віно з сырам, любавацца заходам сонца над Лавандавымі палямі і ездзіць у адпачынак у Гвадэлупу, Марцініку або Рэюньён, у свае ж заморскія тэрыторыі. Таму на наступных выбарах яны прагаласуюць за таго, хто зможа ім гэта забяспечыць. Хапіла з іх і аднаполых шлюбаў. Не ўсе могуць з гэтым змірыцца, кажуць, што гэта не іх мараль.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?