Гэтае інтэрвію каштавала ксяндзу Гжэгажу Худаку месца ў Беларусі.

- Як здарылася, што ксёндз Гжэгаж Худак апынуўся на Беларусі?

- Я тут ужо 14 гадоў. Пачалося з сэмінарскай практыкі, якую я праходзіў у ксяндза Ляскоўскага ў Гомелі. І, відаць, суджана мне была роля сьвятара-падарожніка, раз ужо тут я застаўся.

- А чаму ксёндз застаўся?

– Бо зразумеў, як шмат магу тут зрабіць, абвяшчаючы вучэньне Хрыста. Калі я прыехаў першы раз у Беларусь, убачыў пустэльню. У маральным і рэлігійным сэнсе. Гэта рабіла ўражаньне нават не паганскага жыцьця, а проста антыхрысьціянскага.

- У чым гэта выяўлялася?

- Нуда, змрок, безвыходнасьць. Грэх, які зьнішчае тут чалавека да такой ступені, што той ня ў стане ні працаваць, ні жыць. Уцёкі ў п'янства і распусту - гэта тут спрэс і скрозь увайшло ў норму. Мужчыны пасьля сарака бяруць сабе палюбоўніц-падлеткаў, і ніхто гэтаму не зьдзіўляецца. Наркотыкі, аборты, СНІД - гэта, па сутнасьці, паўсюдная карціна штодзённага жыцьця.

- Ксёндз становіцца на амбону і пагражае пальцам?

- А што гэта дало б? Я проста размаўляю з людзьмі. І сёньня, пасьля чатырнаццаці гадоў я больш схільны іх апраўдваць, чым асуджаць. Гэта ня іх віна, што жывуць такім чынам; яны папросту ня ўмеюць інакш. Ніхто не паказаў ім іншы шлях. Гэта трагічныя ахвяры сыстэмы, якая не дае ім нічога, акрамя ўражаньня безвыходнасьці. Неяк маладыя людзі так і сказалі мне: Мы ўжо ні ў што ня верым. Нас заўсёды вучылі, што ёсьць адна партыя, адзін правадыр, адно шчасьце. Аказалася, гэта хлусьня. Цяпер прыходзіце вы і кажаце, што ёсьць адзін Бог і адна праўда. А калі акажацца, што вы таксама маніце?

- Якіх людзей тут ксёндз сустракае?

- Адарваных ад свайго роду, ад сваіх каранёў, але пры гэтым зычлівых, гасьцінных і адкрытых. Застрашаных. Трэба шмат часу, каб іх зразумець. Баяцца ўвайсьці ў касьцёл; Бог для іх – гэта пагроза, бо Яго Слова расчыняе праўду, а тут жа за праўду загінула столькі народу. Побач з касьцёлам было габрэйскае гета, у адзін дзень расстралялі ўсіх. Крык стаяў на ўвесь горад. Такога крыку павек не забудзеш, сказала мне старая жанчына. Застаецца ў чалавеку. Разам са страхам.

- А усё ж удалося ксяндзу атрымаць зваротна Рэчыцкі касьцёл і сабраць вакол яго вернікаў?

- Гэта доўгая гісторыя. Касьцёл быў асьвячаны ў 1903 годзе, але з 1968 па 1992 быў у ім рэстаран "Стары Замак”. Пасьля распаду СССР, калі Гарбачоў пачаў бароцца з п'янствам, забягалаўку пераназвалі ў вітамінны бар для дзяцей. Калі скончылася ўлада Гарбачова, у касьцёл зноў вярнулася гарэлка, бо бар вітамінны памянялі на бар начны.

- Цяжка прадставіць сабе больш кур'ёзную сытуацыю!

- Тут гэта нікога не дзівіла. Але знайшліся 10 бабуль, якія заўпарціліся, што касьцёл зноў будзе касьцёлам. У 1992 годзе мы пачаліся дамагацца яго аднаўленьня. Аказалася, аднак, што ўся бюракратычная дарога ня вельмі прасоўвае ўсё гэта наперад. Ну і бабулі ў 1998 пачалі па-свойму змагацца за касьцёл. У адну добрую нядзельку параненьку пайшлі ў бар, селі за столік, паставілі крыжык, запалілі сьвечку і давайся маліцца над ружанцам. Адразу жа прыехала міліцыя, выкінулі бабулек з бара, яны давай маліцца знадворку.

-Сьмела.

-Сьмела і разумна. Як пачаліся допыты, то яны ведалі, што нічога ня трэба падпісваць, і гэта іх выратавала. У наступную нядзельку яны зноў пайшлі ў бар, а зь імі ўжо чалавек 40. Прыехалі дзьве патрульныя машыны. Хтосьці загадаў разагнаць іх газам. І выліўся скандал, нават вялікі скандал, бо дзеяньні ўлад былі неадпаведныя выпадку. Яны папросту перабралі. зацікавілася гэтым пракуратура, а ў выніку зьмяніўся фронт па пытаньні касьцёлу: мэр гораду пачаў з намі размаўляць. І, нарэшце, мы атрымалі назад свой касьцёл. Цяпер працягваецца яго аднаўленьне, бо ў тыя гады, калі быў тут рэстаран і бар, касьцёл збуцьвеў.

- Наколькі вялікі сёньня прыход?

- Я маю кантакт з 500 асобамі, якія заявілі, што зьяўляюцца каталікамі. З гэтай групы 60 чалавек прыходзяць у наш касьцёл у Рэчыцы.

- Якое паўсядзённае жыцьцё гэтых людзей?

- Іншае. Больш шэрае, сьціплае. Маленькія кватэры, як у нас у сацыялістычных мікрараёнах у Польшчы, толькі ў яшчэ горшым стане і стылі. Асабліва дакучае адсутнасьць вэнтыляцыі ў прыбіральнях, можна прадставіць, што гэта не занадта камфартабельна. Дадайце да гэтага тонкія трубы каналізацыі: туалетную паперу не выкідваюць ва ўнітаз, а побач. Што ж... ня вельмі прыемна гэта пахне. Галоўнае ж, што ў людзях зьнішчылі запатрабаваньне на прыгажосьць, эстэтычны густ. Прыгажосьць ратуе, сказаў Дастаеўскі, але калі руйнуецца яе стваральнік, Бог, яна губляе сэнс. Але калі бачаць, што можна інакш, хораша, ахвотна гэта падхопліваюць.

- Ксёндз паказвае ім, што можна інакш?

- Галоўнай выявай праз убраньне касьцёлу, нейкую гармонію, якую я імкнуся стварыць. Я запрашаю да сабе на каляды, рыхтую прыём. Хораша накрываю стол, падаю закускі, талеркі зь першай, другую... Людзі зьдзіўленыя, бо ў іх усё адразу выстаўляюць на стол; гэта паказ нейкага багацьця, такі сапраўдны пачастунак. А я ім тлумачу, што хораша - ня значыць шмат і дорага. Ня трэба вешаць дываноў на сьцяну, але можна яе пафарбаваць беленька. Так таньней, прасьцей і прыгажэй.

- Cьвяты таксама больш багатыя, чым прыгожыя?

- Атмасфэры сьвятаў тут ня вельмі відаць. У Вялікдзень людзі падносяць стравы на асвячэньне ў поліэтыленавых пакетах. Два галоўныя сьвяты ў Беларусі гэта, зрэшты, Новы год і Дзень жанчынаў. Толькі потым Вялікдзень і Каляды. Добра што яшчэ ня Дзень нараджэньня Леніна...

-А як выглядае гэты вялікі Жаночы дзень?

– Доўжыцца цэлыя два дні: 8 і 9 сакавіка. Ніхто не працуе. Усё п'юць за шчасьце дамаў. Гэтая вялікая падзея, трубіць аб тым радыё і тэлебачаньне. Кветкі, пажаданьні, проста вялікае дзяржаўнае сьвята.

- Як у нас гадоў 40 таму...

- У нас ніколі не было так, як там. Пасьля распаду СССР пачалося паездкі на захад. Нешта пачало зьмяняцца, людзі спадзяваліся на іншае жыцьцё. Але пасьля 1994 году ўсё спынілася. Моладзь расчаравалася, убачыла, што ў іх няма шанцаў расправіць крылы. Ідуць вучыцца, потым іх накіроўваюць на працу.

-Няма беспрацоўя?

- А адкуль! Там 2%-нае беспрацоўе, усе недзе працуюць. Падмятаюць вуліцы, сядзяць у музэях.

- Гэта бадай і някепска. Хоць хапае на жыцьцё.

- Яны кажуць так: мы не жывём, мы "выжываем”. Дрэнная праца, дрэнная зарплата. Але ня гэта самае дрэннае. Самае дрэннае гэта тое, што ў тых людзях сядзіць усярэдзіне. Там цяжка знайсьці сям'ю, у якой хтосьці ня быў бы рэпрэсаваным, або ня быў у Афганістане, не забіў чалавека. Тыя, якія забівалі, — ненармалёвыя, страшна пакутуюць. Ёсьць у Рэчыцы такі чалавек, рэдка калі ня выпіўшы. Кажа: я забіваў і мне гэта спадабалася. Дзяржава сказала, што можна забіваць, а як я вярнуўся дахаты, аказалася, што ўсё гэта няпраўда. Як з гэтым жыць, пытае, калі няма прабачэньня? Гэтыя людзі - гэта ахвяры, я схіляюся над імі зь вялікай пакорай.

-Гэтай пакоры навучылі ксяндза 14 гадоў у Беларусі?

- Спадзяюся, што навучылі. Сёньня я ведаю, што аб ні аб кім нельга сказаць напэўна, што ён дрэнны, дурны або несумленны. Нікога нельга выкрасьляць. Трэба проста зразумець. Калісьці прыехаў да нас архітэктар габрэйскага паходжаньня. Калі яго спыталі, як яму тут падабаецца, адказаў: тут людзі жывуць як у гета. Нібы яны ў пастаяннай небясьпецы. Таму і распуста, і п’янства, уцёкі ў задавальненьне. Людзі ідуць ва-банк, каб яшчэ што-небудзь ад гэтага жыцьця ўзяць. Носяць трэнікі, жанчыны апранаюцца так, што вуліца паходзіць на софт порна. Кожны прагне каханьня, спрабуе яе як-небудзь займець: купіць, выкрасьці, выгандляваць. За любы кошт. Нават коштам СНІД.

-Вы размаўляеце аб гэтым?

- Яны не жадаюць аб гэтым размаўляць, яшчэ больш засмучаць гэтае сваё шэрае жыцьцё. А якая ў іх альтэрнатыва? Рэчыца - гэта чарнобыльская зона, яны ведаюць, што могуць памерці раней за іншых, хоць няма ніякіх афіцыйных дадзеных аб заражэньні. Што я магу зрабіць? Я магу ім дапамагчы здабыць сябе ў гэтай рэчаіснасьці. Знайсці надзею, веру, проста сэнс жыцьця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?