Да канца студзеня ў Беларусі не чакаецца вялікага ўздыму захворвання на грып, заявіла 9 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе, вядучы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова.

Паводле яе слоў, нягледзячы на тое што Беларусь знаходзіцца «ў так званым эпідэмічным перыядзе», захворванне на грып у краіне на нізкім узроўні — на гэта паўплывалі школьныя канікулы, а таксама сесія і наступныя канікулы ў студэнтаў, якія перашкаджаюць распаўсюджванню інфекцыі ў дзіцячых і студэнцкіх калектывах.

«Практычна да канца студзеня мы можам адчуваць сябе больш-менш спакойна адносна грыпу», — падкрэсліла Грыбкова.

Як адзначыла спецыяліст, у Еўропе сітуацыя з распаўсюджваннем грыпу «таксама спакойная». «Узроўні захворвання не перавышаюць парогавых значэнняў, хаця пачынае павялічвацца частата выяўлення вірусаў грыпу, але, зноў жа, спарадычных — гэта адзінкавыя выпадкі, не звязаныя адзін з адным», — сказала яна.

Паводле слоў намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, звычайна з кастрычніка па май у Беларусі назіраецца сезон захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, і ў найбліжэйшы час сітуацыя можа абвастрыцца. 

«Больш слотнае надвор'е, якое цяпер наступае, спрыяе таму, што людзі часцей пачнуць звяртацца да ўрача, бо вірусы ў гэты перыяд актывізуюцца і адбываецца больш цесны кантакт людзей адзін з адным. Чалавек, які кашляе, чхае, перадае вакол сябе вірус на адлегласці трох метраў», — адзначыла Карабан. 

Пры гэтым яна выказала надзею, што гэтай зімой, як і ў апошнія некалькі гадоў, эпідэміі грыпу ў Беларусі не будзе.

«На сёння ўзровень захворвання, які мы назіраем з 1 кастрычніка, дастаткова нізкі, і сёлета ў нас вакцынавана амаль 42% насельніцтва», — патлумачыла Карабан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?