Многа ўвагі на CES 2015 надавалася разумным гадзіннікам і фітнэс-напульснікам. Але разумныя гаджэты могуць несці не толькі забаўляльныя і спартовыя функцыі.
Quell — нэйрастымулятар, што здымае хранічныя болі ад дэгенератыўных змен у суставах. Ён асаблівым чынам мацуецца на целе і ўздзейнічае на нервовыя канчаткі. Гаджэт ацэняць тыя, хто церпіць ад наступстваў дыябету, фібраміялгіі, ішыялгіі і іншых хвароб.
Абмяжоўвае час выкарыстання толькі акумулятар — падзарадка спатрэбіцца праз 40 гадзін. Quell можа звязвацца з iPhone па Bluetooth, каб перадаваць звесткі аб эфектыўнасці тэрапіі і рабіць адмысловыя налады лекавання.
У продаж у ЗША Quell паступіць увесну, цана складзе 250 даляраў.
Гаджэт дазволены Упраўленнем па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) да ўжывання без рэцэпту.