«Некалі мне стукнула ў галаву, каб перамагчы Лукашэнку трэба прайсьці ягоную дарогу, таму паступіў у Горкі». Гутарка зь лідэрам прадпрымальніцкіх пратэстаў.

Алесь Таўстыка крыху спазьняецца на інтэрвію. У гэты час мяне з Андрэем Лянкевічам чаем з цукеркамі частуе ягоная жонка Натальля. На ўкраінскім тэлеканале «Інтэр» ідзе нейкая перадача пра тое, як зьнішчалі аднаасобнікаў у Савецкім Саюзе, пра «спэкулянтаў і таргашоў». Пераглядваемся і ўсьміхаемся, здаецца, больш актуальнай перадачы знайсьці ў тэлераскладзе проста немагчыма. Натальля кажа, што раскулачылі і Алесевага дзеда, якога пасьля яшчэ й саслалі. Зноў углядаемся ў экран. Празь нейкі час зьяўляецца і сам Алесь Таўстыка, толькі з марозу. Моцны поціск рукі і прыязная ўсьмешка.

«Наша Ніва»: Раскажыце троху пра сябе, ня так і шмат пра Вас вядома?

Алесь Таўстыка: Я нарадзіўся ў мястэчку Крывічы Мядзельскага раёну. Я з шматдзетнай сям’і. Бацька выпіваў, сямейны цяжар несла маці. Галоўную ролю ў маім выхаваньні ў маленстве адыгралі бабуля і дзядуля. У школе быў нават кіраўніком савету атраду піянэрскай арганізацыі. У камсамол зь першага разу не прынялі за нейкія мае погляды. Памятаю, што яшчэ ў школе пры маім удзеле адбылася невялікая рэвалюцыя, калі пераканалі настаўнікаў, што мы таксама людзі і нельга ламаць указкі на нашых сьпінах. Вывучаў ангельскую мову для паступленьня ў ін’яз, удзельнічаў у школьных алімпіядах па ангельскай мове. Марыў быць перакладчыкам на караблі, бо нехта сказаў, што яны шмат атрымліваюць. Удзельнічаў у рэканструкцыі Крывіцкай царквы. Пасьля гэтай працы нешта ў маім жыцьці зьмянілася. Зьвярнуўся да бабулі, каб яна звадзіла мяне ў царкву. Быў такі сьвятар Пётра Кузьмічоў, які пазьней пасябраваў з айцом Аляксандрам Надсанам, ён вельмі паўплываў на мяне. Удзельнічаў у першых крыжовых хадах у Менску. Потым пайшоў у войска. Давялося панасіць бесказырку на флоце ў Таліне. Даслужваў ужо ў Менску.

«НН»: Дык пасьля службы Вы пайшлі некуды вучыцца?

АТ: Вырашыў, што вучыцца можна пасьпець заўсёды, а трэба жаніцца. Знайшоў сабе дзяўчыну, сёлета ўжо пятнаццаць гадоў як мы разам з жонкай. Спачатку Натальля пайшла вучыцца ў наргас, я за яе нават здаваў іспыты па беларускай мове. Пасьля ўжо я скончыў завочна Горацкую акадэмію, факультэт эканомікі і кіраваньня. Там сама, дзе некалі вучыўся Лукашэнка. Ведаеце, некалі мне стукнула ў галаву, каб перамагчы Лукашэнку трэба прайсьці ягоную дарогу, таму паступіў менавіта туды. Давялося пачытаць ягоныя курсавыя і дыплёмныя работы: «дзесяць трактарыстаў павінны мець у жонках дзесяць даярак, жыць на сваім хутары і працаваць на карысьць дзяржавы».

«НН»: А прадпрымальніцтвам калі заняліся?

АТ: Трэба было за нешта жыць. Мне сустрэўся мічман, зь якім я служыў, ён і прапанаваў заняцца «бізнэсам». Адкрываўся стадыён «Лякаматыў», які толькі‑толькі пачынаў працаваць. Я набываў на Чэрвеньскім рынку ў алкашоў ржавыя ражковыя ключы, адчышчаў, фарбаваў і перапрадаваў. У той час быў вялізны попыт на інструмэнты, бо машын тады накуплялі шмат. Хадзілі па розных магазінчыках, шукалі «тармазуху», якую пасьля таксама перапрадавалі. Бізнэс, ведаеце, знаходзіць сваё асяродзьдзе, дзе яго можна хутчэй разьвіваць.

«НН»: А на сёньняшні дзень, што уяўляе Ваш бізнэс?

АТ:Пасьля, як кажуць: «Не ўкладайце ў акцыі рэсурсы, укладаеце іх у адрасы ІР‑ і ІТ». У Беларусь тады толькі пачыналі прыходзіць кампутары. На гэтым пачаў троху зарабляць грошай, будаваўся. Сёньня я працягваю займацца кампутарамі, гандлюю ў Ждановічах. Працую адзін. Можна было наняць рабочых, але тады я ўвесь час буду мучацца сумненьнямі ці зробяць яны за мяне справу. Прызнаюся, што працаваць цяпер стала цяжэй. Скажам, у 2000 годзе арэнднае месца каштавала 15 даляраў, падаткі былі — 50. Сёньня толькі арэнднае месца — 100 даляраў.

«НН»: Галоўнае патрабаваньне прадпрымальнікаў — адмена ўказу прэзыдэнта № 760, які не дазваляе дробным гандлярам мець наёмных рабочых. Здаецца, што Вас гэты ўказ не закранае, дык дзеля чаго тады ўвязаліся ў змаганьне за правы прадпрымальнікаў?

АТ: Мне часта задаюць гэтае пытаньне. Гэты ўказ не закранае мяне сёньня, але я ня ведаю, што будзе заўтра. Мы патрабуем прыняцьця закону аб малым і сярэднім бізнэсе. У мяне не стаіць пытаньне, каб разбагацець на мільярд. Дайце мне толькі нармальна працаваць, больш я нічога не хачу. Проста заўтра ці пасьлязаўтра зачыняць усіх індывідуальных прадпрымальнікаў і нічога з гэтым ужо не паробіш. Трэба дабівацца свайго цяпер. Я не перарэгістраваўся ў ЧУПа, бо ня бачу ў гэтым сэнсу. Ад назвы нічога, апроч колькасьці падаткаў, не памяняецца.

«НН»: Дык як Вы сталі адным зь лідэрам прадпрымальніцкага руху?

АТ: Ня ведаю. Трэба запытаць у крыві. Проста не люблю няпраўду і несправядлівасьць. Чыноўнікі не займаюцца эканомікай, а толькі душаць прадпрымальнікаў падаткамі. Пасьля нашых першых страйкаў была створаная рабочая група з удзелам чыноўнікаў, дык яны працавалі, як супрацоўнікі КДБ ці сьледчыя: куды езьдзіце? колькі возіце? на якія сумы? Я казаў Туру: «Дайце нам выступіць на тэлебачаньні». Адказу ніякага.

«НН»: А сысьці з рынку ня хочаце?

АТ: Пакуль не. Насамрэч дзякуючы прадпрымальніцтву выявіў у сабе нейкія лідэрскія якасьці. Можа, гэта і дзякуючы нейкаму напорству, нават калі стамляесься, то ўшчуваеш сябе, што гультай, што трэба працаваць, бо гэтага патрабуюць людзі. Дзеля такіх людзей я і буду працаваць. Прыйдзе час — можа і сыду з гэтага. Але нават калі я сыду на нейкае прадпрыемства, то і там буду змагацца за правы людзей, такі ўжо ў мяне характар.

«НН»: Ці будзе нейкі плён ад новага страйку прадпрымальнікаў?

АТ: Вынік ужо ёсьць. Калі ў Магілёве, Віцебску і іншых гарадах людзі будуць выходзяць і кажуць сваім гарадзкім кіраўнікам, што ў прадпрымальнікаў немагчымыя для працы ўмовы, то сэнс будзе, я перакананы.

«НН»: Колькі працэнтаў прадпрымальнікаў ад Новага году ня выйшлі на працу?

АТ: Я маю зьвесткі толькі па Менску. У Ждановічах з трох тысяч кропак працуе толькі трыста. Гарантавана кажу, што палова зь іх нават не зьяўляецца прадпрымальнікамі, напрыклад, гандляры мабільнымі тэлефонамі. У другой палове скажу, што там працуюць не прадпрымальнікі, а наёмныя рабочыя. Дзіва, што падаткавікі не правяраюць гэтыя кропкі. Аўтамабільны і будаўнічы рынкі таксама не працуюць. Алесь Макаеў таксама паведаміў, што не працуе «Паркінг». Хутчэй за ўсё, што працуе толькі «Biggz», дзе ўсе ў цяпле.

«НН»: А калі Вы не даб’ецеся свайго, то 15 студзеня зноў выйдзеце на працу?

АТ: Будзем працаваць зь людзьмі, каб данесьці да ўсіх інфармацыю, што з 1 лютага зноў пачынаць страйк і ня сплачваць падаткаў.

«НН»: Але ці пойдуць на гэта прадпрымальнікі, бо ад гэтага губляюцца вялікія грошы?

АТ: Усе кажуць пра грошы. Ня варта на іх так часта акцэнтаваць увагу. Мы губляем ня грошы, а сумленьне і будучыню. Мы згубім абавязкова нейкія прыбыткі, час, смачную ежу, не набудзем нейкія рэчы, але гэтым мы і не даможамся новага закону. Часта нават чыноўнікі кажуць, што ў аснове эканомікі дзяржавы ляжыць прыватны бізнэс. Калі прадпрымальнікаў увесь час ціснуць падаткамі, то гэта значыць, што кіраўнікі ўсёй гэтай бюракратычнай машыны зусім неадукаваныя людзі. Яны ня толькі ня ўмеюць кіраваць машынай, але і ў мэханіцы нічога не разумеюць. У такога кіроўцы трэба забіраць правы і адправіць на «вольныя хлябы».

«НН»: Пры агульнай праблеме прадпрымальнікі ўсё адно не зьяўляюцца маналітнай сілай. Чаму?

АТ: Саюз прадпрымальнікаў Беларусі — гэта людзі, якія ніколі не былі дробнымі гандлярамі. У іх буйны бізнэс — фуры зь півам ці нешта яшчэ. Яны кажуць, што ўжо знаходзяцца на іншым узроўні і ня хочуць мець з намі нічога супольнага. Як гэта так? Некалі яны былі з намі, а цяпер ужо — не. Дзіўна. Дасягнуць дамоўленасьць з Анатолем Шумчанкам удалося, ён падтрымаў нас.

«НН»: На сваіх мітынгах прадпрымальнікі высоўваюць толькі эканамічныя лёзунгі, ці палітычныя таксама?

АТ: Я асабіста лічу, што абавязкова павінны. Ня зьменіцца ўнутраная палітыка краіны, то пра якое разьвіцьцё прадпрымальніцтва можна гаварыць тады?

«НН»: А самі сысьці ў палітыку ня хочаце?

АТ: На парлямэнцкіх выбарах я буду дапамагаць Алесю Лагвінцу. У выбарах павінна ўдзельнічаць сапраўдная каманда, а не адзін чалавек. Я гатовы пайсьці ў палітыку. Насамрэч палітыцы трэба дзесьці вучыцца. Я вельмі ўдзячны лёсу, што мне даводзіцца вучыцца ў Школе палітычных дасьледаваньняў пры Радзе Эўропы. Спадзяюся яе скончыць. Трэба шмат чытаць і ведаць, каб ісьці ў палітыку. Я б запытаўся ў Віктара Ганчара, як ісьці ў палітыку. Запытаўся б у дэпутата Станкевіча, як потым не прадаць краіну [дэпутат у Вярхоўны Савет 12‑га скліканьня ад Мядзельскай акругі, родам з Крывічоў]. Што трэба перш піярыць: законы і ўказы, ці ўсё ж краіну і людзей?

«НН»: Можа і прэзыдэнцкія амбіцыі маеце?

АТ: Раскажу адну гісторыю з жыцьця. Мы былі з жонкай у Жыровіцкім манастыры. Тады яшчэ жыў айцец Мітрафан, гэта сьвятар, які прадказваў людзям іхныя лёсы, да яго шмат зьвярталіся па дапамогу. Мая жонка Натальля запыталася ў айца Мітрафана, а што мне з мужа рабіць? Сьвятар сказаў, што нічога ня трэба: «Ён ведае, што робіць». Я ведаю, што мне ніхто ня зможа перашкодзіць. Я не хачу быць прэзыдэнтам, я хачу, каб людзям проста добра жылося. Прэзыдэнцкія амбіцыі? Пабачым, я нічога не хачу загадваць наперад.

***

Алесь Таўстыка нарадзіўся ў 1973 г. у мястэчку Крывічы (Мядзельшчына). Прадпрымальнік. Жыве ў Менску. Гадуе двух дзяцей — сына Антося і дачку Кацярыну.

Гутарыў Зьміцер Панкавец, фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0