Фота: dw.de

Фота: dw.de

Беларусь можа зрабіць першы крок да бязвізавага рэжыму, калі адпусціць палітзняволеных у час саміту Усходняга партнёрства, што адбудзецца ў маі ў Рызе, патлумачылі першыя персоны Латвіі, дзяржавы-старшыні Еўрапейскага саюзу ў першым паўгоддзі 2015 года. Пра гэта паведамляе EUObserver.

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў пра «новыя перспектывы» у справе бязвізавага рэжыму з Беларуссю. Пачатак «візавай лібералізацыі», сцвярджае ён, будзе адрасаваны і да праблем з грамадзянскімі свабодамі.

Дзяржаўны сакратар латвійскага Міністэрства замежных спраў Андрэйс Пілдзяговічс пацвердзіў: вызваленне палітвязняў з’яўляецца ключавым для пазітыўнага вырашэння па візах. «Мы не будзем пераглядаць сваю пазіцыю па палітзняволеных. Яны павінны быць вызваленыя, тры чалавекі зараз застаюцца за кратамі (паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» шасцёра – НН). Мы будзем працягваць ціснуць на Беларусь па іх вызваленні, тое ж тычыцца правоў меншасцяў», – заявіў Пілдзяговічс.

«Спадзяюся, мы пабачым прагрэс да мая. На еўрапейскім узроўні ў нас было 20 год нулявога прагрэсу – гэта горш за спячку»,

– дадаў ён.

Ён адзначыў, што ў сувязі з расійскай агрэсіяй ва Ўкраіне Беларусь стала больш зацікаўленай у лепшых адносінах з Еўропай, асабліва ў эканамічнай кааперацыі.

Беларусь хоча быць прадстаўленая на майскім саміце ў Рызе на найвышэйшым узроўні, заявіў Юрыс Поіканс, латвійскі дыпламат, адказны за праграму Усходняга партнёрства. Ён намякнуў на магчымую прысутнасць на саміце Лукашэнкі. Паводле яго слоў, у параўнанні з адносінамі Беларусь-ЕС двухгадовай даўніны, кантакты з Беларуссю сталі «больш інтэнсіўнымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?