Паводле інфармацыі членаў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», Генеральная пракуратура Беларусі праводзіць праверку наконт выканання прадпісання аб ліквідацыі парушэння заканадаўства на тэрыторыі паблізу ўрочышча Курапаты, накіраванага ў Мінаблвыканкам яшчэ у канцы 2012 года.

Аб гэтым на прэс-канферэнцыі 12 студзеня ў Мінску паведаміў журналіст і член ініцыятывы Марат Гаравы.

Нагадаем, тады Генпракуратура ўбачыла парушэнне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў тым, што некалькі гадоў таму СТАА «БелРэстІнвест» пабудавала паблізу Курапатаў чатыры будынкі запланаванага ў гэтым месцы забаўляльнага комплексу, які раней насіў назву «Бульбаш-хол». Гэтыя будынкі, як пацвердзілі прадстаўнікі грамадскасці і дзяржорганы, аказаліся узведзенымі ў зацверджанай Міністэрствам культуры ахоўнай зоне Курапатаў, прызнаных помнікам міжнароднага значэння. Нягледзячы на тое што Генпракуратура прадпісала ў месячны тэрмін ліквідаваць само парушэнне, а таксама прычыны і ўмовы, якія гэтаму садзейнічаюць, праз два гады спрэчныя аб'екты знаходзяцца на ранейшым месцы.

1 снежня мінулага года Міністэрства культуры прыняло пастанову «Аб зацвярджэнні праекта зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій (1930—1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)», якая адмяніла ранейшую схему ахоўных зон і ўстанавіла новую.

Гэтым дакументам, акрамя іншага, тэрыторыя, на якой былі пабудаваны спрэчныя аб'екты, выведзена з ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Паводле слоў Гаравога, 4 снежня 2014 года члены ініцыятывы па абароне Курапатаў накіравалі ў Генпракуратуру заяву, у якой нагадалі, што 24 месяцы таму гэтым органам было вынесена згаданае прадпісанне, якое дагэтуль не выканана. «Мы просім вас правесці праверку і распачаць крымінальную справу супраць тых, хто не выканаў ваша прадпісанне», — працытаваў грамадзянскі актывіст тэкст накіраванага ў пракуратуру дакумента.

Ён дадаў, што, паводле інфармацыі крыніц, пракуратура ўжо выклікала шэраг людзей для дачы растлумачэнняў па фактах, выкладзеных у гэтай заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?