З-за дэвальвацыі беларускага рубля аўтамабільнае паліва ў доларавым эквіваленце патаннела на чвэрць, сведчыць праведзенае БелаПАН параўнанне цэн.

Апошні раз канцэрн «Белнафтахім» павышаў цэны 1 кастрычніка 2014 года, прывязаўшы цану бензіну Аі-92-К5-Еўра да амерыканскай валюты: 1 літр — 1 долар. Пры афіцыйным курсе на гэты дзень 10.590 рублёў кошт гэтай маркі бензіну быў устаноўлены на ўзроўні 10.600 рублёў. Бензін Аі-95 стаў каштаваць тады 11.400 рублёў (1,08 долара), дызпаліва (самае таннае) — 11.500 (1,09), «Нармаль-80» — 9.550 (0,90).

Прымяненне індэксацыі рознічных цэн у залежнасці ад курсу долара да беларускага рубля «дазволіць спалучаць дзяржаўнае і рыначнае рэгуляванне цэн і наблізіць дзеючы ў Рэспубліцы Беларусь механізм цэнаўтварэння на аўтамабільнае паліва да сусветнай практыкі», гаварылася ў абгрунтаванні «Белнафтахіма».

Новы механізм «дасць магчымасць нафтаперапрацоўчым заводам больш аператыўна рэагаваць на змяненні кошту нафтавай сыравіны, якую беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць у Расійскай Федэрацыі па перадаплаце толькі за валюту». «Узровень цаны 1 літра індыкатыўнай маркі бензіну Аі-92-К5-Еўра, раўназначны 1 долару, дазволіць забяспечваць мінімальную эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчых заводаў Рэспублікі Беларусь і магчымасць для іх далейшай мадэрнізацыі», — зазначалася ў прэс-рэлізе.

На 13 студзеня 2015 года афіцыйны курс долара складае 14.310 рублёў. Такім чынам, кошт бензіну Аі-92-К5-Еўра знізіўся да 0,74 долара (на 26%), Аі-95 — да 0,80 (на 25,9%), дызпаліва — таксама да 0,80 (на 26,7%), «Нармаля-80» — да 0,67 (на 25,6%).

Між тым беларускі бензін па-ранейшаму даражэйшы за расійскі, які значна патаннеў у доларавым эквіваленце ў выніку двухразовай дэвальвацыі грашовай адзінкі РФ. Кошт Аі-95 вышэйшы ў сярэднім на 40,4%, Аі-92 — на 42,3%, дызпаліва — на 48,1%. Нямала беларускіх аўтаўладальнікаў з прыгранічных раёнаў зараз запраўляюцца ў Расіі, хоць раней было наадварот.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, 13 студзеня аўтамабільнае паліва ў Беларусі падаражэе, але не ў адпаведнасці з узроўнем дэвальвацыі рубля, а на 4—5%. Тым не менш гэта яшчэ больш павялічыць розніцу ў цане на АЗС дзвюх краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?