Манумэнт у гонар бітвы.
Здымак globus.tut.by

Сёлета спаўняецца 300 гадоў падзеям на Слаўгарадчыне, калі войскі Пятра І пабілі шведаў. Гэту бітву рускія называюць «маці Палтаўскай перамогі».

Перамога рускіх, катастрофа шведаў

Лясная — вёска ў дзесятку кіламетраў ад раённага цэнтра Слаўгарад. Праўда, горад у 1708 годзе, калі адбылася гістарычная бітва, называўся Прапоем альбо Прапойскам. І толькі ў 1945 годзе пасьля са слоў Іосіфа Сталіна пра «слаўны горад» старажыную назву памянялі.

У бітву загінулі 1111 рускіх і больш за восем тысяч шведаў. У сучасных шведскіх выданнях тая бітва называецца «катастрофай пры Лясной». Рускія хавалі толькі сваіх, а шведы засталіся ляжаць, прысыпаныя снегам. Нездарма ў акрузе ў тую зіму была эпідэмія шаленства.

Паводле загада Пятра І, адразу пасля перамогі драўляную царкву ў Лясной пабудавалі салдаты‑пераможцы за некалькі дзён. Яна стала царквой‑вандроўніцай: мясцовы памешчык праз 40 гадоў перавёз будыніну ў іншы раён, а ў пачатку ХХ стагоддзя вярнулі. Праўда, хутка царкву разбурылі бальшавікі. Застаўся толькі адзін абшарпаны абраз з іконастаса, які ў цемры пад фартухам прынесла ў сваю хату і хавала дзесяткі гадоў мясцовая жыхарка.

Сто гадоў таму, да 200‑годдзя бітвы, у Лясной усталявалі помнік, а потым пабудавалі новую цагляную царкву — Свята‑Пятра‑Паўлаўскі храм, у выглядзе крамлёўскай вежы з купалам‑цыбулінкай і мазаічным абразам Казанскай Божай маці, традыцыйным рускім вайсковым абразам, над галоўным уваходам.

Ляснянскі храм‑помнік

За саветамі царква была калгасным складам, і адкрывалася на непрацяглы час у нямецкую акупацыю. Пасля вайны там адкрыўся музей бітвы, але расказваюць, што сапраўдныя экспанаты з цягам часу замяняліся на муляжы. У 1990‑я царкву аддалі вернікам, а пасля пажару, які здарыўся пяць гадоў таму, яе ўсё ніяк не могуць прывесці ў парадак.

Будаўнічыя лясы цяпер стаяць без справы: рабочыя пакідалі інструменты і плітку, калі летась скончыліся грошы на рэстаўрацыю. Але мяркуецца, што да юбілею царкву нарэшце адрамантуюць.

Працы будзе зашмат. Напрыклад, сучасныя спецыялісты не могуць разабрацца, як сто гадоў таму ацяпляўся будынак. Там былі печкі і сістэма дымаходаў, але аднавіць яе не могуць. У царкве халадней, чым звонку, і людзі выходзяць на прыступкі грэцца.

Настаяцель храма Георгій Сакалоў расказвае цікавыя гісторыі. Напрыклад, пра абразы. Вось свячны абраз вёскі Жалезінка, які перадала ў царкву адна з апошніх жыхарак вёскі. Бабуля ўпэўнена, што абраз Святога Мікалая Цудатворцы дапамог яе сям’і ўратавацца ў вайну ад немцаў, якія без літасці расстрэльвалі сялянскія хованкі ў лясах.

У будучым мясцовыя ўлады разлічваюць на развіццё турызма. У царкве ёсць выстава, прысвечаная падзеям і асобам у гісторыі Лясной. Можна падняцца па старой жалезнай вінтавой лесвіцы на званіцу і зверху аглядаць месца, дзе адбылася гістарычная бітва.

Юбілейныя клопаты

28 верасня (гэта дата бітвы па старым стылі) ў Лясной запланаваны вялікія ўрачыстасці. Ужо цяпер вядома, што ў іх будзе браць удзел расійская дэлегацыя. Нібыта бюджэт Саюзнай дзяржавы выдаткоўвае сродкі на падрыхтоўку да юбілею. А вось са шведамі пакуль незразумела: апошнім разам іх бачылі ў Лясной ў 2001 годзе — гісторыкі прыязджалі на экскурсію.

Між тым, да юбілею бітвы мяркуецца ўпарадкаваць і рускія, і шведскія пахаванні. А на памяць нашчадкам пасадзяць Сад сяброўства і згоды. Але для мясцовых жыхароў ( іх ў вёсцы каля 400) важней за ўсе ўрачыстасці навядзенне парадку ў вёсцы.

— На нашай зямлі біліся чужынцы — рускія ды шведы, — гавораць у Лясной. — Нашы продкі пацярпелі ад той бойкі, дык няхай хоць мы атрымаем ад гэтага якія добрасці.

Сёлета Лясная павінна быць добраўпарадкавана і набыць статус аграгарадка. Напрыклад, своесаблівым помнікам 250‑годдзю бітвы сталі два цагляныя двухпавярховыя дамы, якія на той момант былі ўзорам сучаснага домабудавання. Праўда, там няма каналізацыі і ацяпляюцца яны печкамі. Цяпер, праз 50 гадоў, іх адрамантуюць і зробяць цёплыя прыбіральні.

Да 300‑гадовага юбілею бітвы ў Лясной пабудуюць новыя домікі, тут з’явяцца сучасныя дом культуры і спартыўны клуб. Адрамантуюць, заасфальтуюць і навядуць парадак. Праўда, да гэтага часу яшчэ нават праекты не гатовыя — так што ўлады і жыхары Лясной рыхтуюцца да летняга аўралу.

Сяргей Гутарэвіч, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0