Беларускі шансанье Віктар Каліна з’ездзіў у Данецк, каб падтрымаць байцоў «ДНР» і «ЛНР». На Данбасе ён даваў канцэрты, вазіў дапамогу, а таксама фоткаўся з пісталетамі на фоне надпісу «Смерць бандэрлогам».

Мы патэлефанавалі спеваку ў Расію, каб ён выклаў сваю пазіцыю і падзяліўся ўражаннямі ад паездкі.

«Наша Ніва»: Шмат шуму нарабілі фатаздымкі з Данецка, дзе вы падтрымалі байцоў «ДНР». Чаму паехалі туды?

Віктар Каліна: У мяне ідэя паехаць у Данецк з’явілася ад самага пачатку, калі там пачалі разгортвацца падзеі, ад красавіка мінулага года. У мяне блізкія сябры ў Маскве вельмі неабыякавыя да таго, што адбываецца ў «Наваросіі». У іх ёсць сябра Віктар Сіваконенка, які трэніруецца ў Маскве, чэмпіён свету па рукапашным баі (я таксама рукапашнік – гэта нас аб’ядноўвае). Ёсць дэпутат парламента «Данецкай народнай рэспублікі», камандзір падраздзялення «Беркут», які мае пяты дан па рукапашным баі. Я вельмі хацеў трапіць туды яшчэ летам, але мяне катэгарычна не пускалі, бо там ішлі жорсткія актыўныя дзеянні. Проста баяліся за маё жыццё, ведаючы мой характар. Мы з сябрамі вырашылі стварыць фонд «Беркут», у першую чаргу для байцоў «Беркута», для іх сем’яў. Мы сабралі цэлую фуру, 24 тоны прадуктаў, камуфляжу, адзення, буржуек. Ні пад якімі сцягамі гэта не ішло. Мы самі працягнулі фуру праз мяжу. Сябрамі, урадам «ДНР» было арганізавана некалькі канцэртаў у гарадах і батальёнах.

«НН»: Канцэрты прайшлі з поспехам?

ВК: Яны не маглі прайсці не з поспехам. Калі да мяне падышоў адзін уплывовы чалавек, то сказаў, што наша справа вельмі важная. Бо мы прывезлі фуру тавараў, а ў байцоў на перадавой часам няма цыгарэтаў. Ён кажа: «Мы кормім ваеннапалонных па поўнай праграме, а нашы байцы галадаюць часам». Але тое, што ён убачыў у вачах людзей на канцэрце, — гэта нашмат важней за прадукты.

Мяне павезлі ў шпіталь МУС у цэнтры Данецка. Шмат раненых, патухлыя вочы, у кагосьці няма рукі, у кагосьці вока. Цяжкае відовішча. Яны цяжка збіраліся ў актавую залу на канцэрт, мне нават падалося, што з неахвотай. Але песня за песняй, вершы, і ў іх з’явіўся агонь у вачах. Я дарыў дыскі.

«НН»: Што за людзей Вы там бачылі?

ВК: Абсалютна розных. Там уся Расія. Людзі з Сібіры, з Каўказа. Ёсць канкрэтна кантрактнікі і наёмнікі, суперпрафесіяналы, якія ўсё жыццё ваююць. Але большасць — гэта людзі, што не маюць грошы нават на цыгарэты. Яны ваююць, бо адстойваюць свой «рускі свет». Гэтыя людзі хочуць захаваць рускую мову, тэлебачанне па-руску, школу. Яны ўсе кажуць, што не хочуць адлучацца ад Украіны, яны гэтага не хацелі ад пачатку. Але пасля таго, як разбурылі нашы гарады, шляхоў назад няма.

Але самае цікавае. Яны ж ваююць не з укропамі і ўкраінцамі. Яны ваююць з нацыяналістамі. Я спытаўся, а бандэраўцы ў вашым разуменні – гэта ўкраінцы? Віктар, ты ж дарослы чалавек, а задаеш такія пытанні. Не, канечне.

«НН»: Вы ж страціце сваю аўдыторыю ва Украіне.

ВК: Цяпер многія артысты спяваюць ва Украіне «Героям слава» і ціснуць рукі нацыяналістам. Я люблю Украіну, у мяне там было каля 15 канцэртаў на год. Я іх страціў, страціў вялікія грошы. Найбуйнейшая ўкраінская кампанія, што прасоўвала мяне ў гэтай краіне, разарвала са мной кантракт. Мае сацыяльныя сеткі пакінула каля 2,5 тысяч чалавек з Украіны. Сумна. Я ж не заклікаю да звяржэння ніякага ладу. Я проста супраць фашызму і нацызму. Я шмат чаго пабачыў сваімі вачыма. Канечне, там шмат марадзёраў, якія прыкрываюцца арміяй «Наваросіі» і рабуюць людзей. Але пры мне паказвалі кадры, як гэтых людзей вылічваюць і расстрэльваць на месцы. Але гэта лыжка дзёгцю.

Ёсць украінская армія і прызыўнікі, якія ідуць абараняць радзіму. Ёсць афіцэры, якія прысягалі Украіне, я іх паважаю. Мне спадабалася гуманнае стаўленне да палонных. Іх ніхто не б’е, не цкуе. У іх ёсць цыгарэты, іх кормяць. Канечне, больш жорстка ставяцца да «Правага сектару», але яны рэдка трапляюць, бо іх адразу ліквідуюць. Яны не змагаюцца з Украінай.

«НН»: Вас не засмучае, што Беларусь не падтрымлівае «ДНР» і «ЛНР»?

ВК: У мяне жонка расіянка, у мяне сын беларус, але грамадзянін Расіі, я сам беларус. У мяне нават думкі не было памяняць грамадзянства. Я ганаруся тым, што беларус. Я жыву ў Калінавай Даліне, у мяне аграсядзіба «Беларускае падвор’е». Гэта 120 кіламетраў ад мяжы. Паміж Смаленскам і Ярцавым. Мяне імкнуліся называць на канцэртах «расійскі спявак», але я заўсёды папраўляў, што я беларус.

А не падтрымалі хто? Я бачыў афіцэра ў Данецку, які расказваў, што дапытваў беларускага ваеннапалоннага, з нейкага беларускага батальёна. Аказваецца, вельмі шмат беларускіх нацыяналістаў сфарміравалі цэлы батальён. Яны вельмі жорсткія самі па сабе. Той палонны казаў, што яны вельмі даўно праходзяць навучанне ва Украіне, па 5—7 гадоў у лагерах Заходняй Украіне. Ён казаў, што вельмі хутка сваю праўду прынясуць у Беларусь. Вось чаго трэба баяцца нашым сілавікам. Не дай Бог гэта толькі здарыцца. Гэта будзе самы страшны кашмар, які можна толькі сабе ўявіць.

Я не ў складзе баявых атрадаў, я не заклікаю са сцэны ісці на Кіеў. Я проста кажу: «Трымайцеся, здароўя, веры вам». Яны змагаюцца за сваю зямлю, за свой свет. Гэта іх выбар, іх лёс.

Я працаваў не на камеру. Юрый Віктаравіч Сіваконенка, чалавек які нас прымаў, казаў, каб я не выкладваў фоткі ў інтэрнэт, каб мне горш не было. Я яму кажу: «Баця, я такі чалавек, мне надта позна пераабувацца, на гэтым не зробіш вялікага піяру, нават будуць праблемы, але я хачу паказаць сваю пазіцыю».

А фотка з пісталетамі на фоне надпіса «Смерць бандэрлогам», то я сказаў, што «бандэрлогі» – гэта фашысты, бандэраўцы, нацыяналісты, а не салдаты Украіны.

«НН»: А не баіцеся, што Еўропа забароніць уезд на сваю тэрыторыю?

ВК: Я не быў у Еўропе 7 гадоў. Нічога страшнага, калі не пабуду яшчэ 7 гадоў. У мяне ёсць Азія, ёсць Калінава Даліна, ёсць вялікая-вялікая Расія, Байкал, Алтай, Петрапаўлаўск-Камчацкі. Але ж я не ваяваў, не знаходзіўся ў баявых батальёнах. Мой выбар – не людзей забіваць, а падтрымаць ахвяр.

«НН»: Ідэі для новых песняў нарадзіліся?

ВК: Так, тры-чатыры песні. Я нават выклаў прыпеў на сваім сайце. «И целый мир кричит вам в след за вас мужчины за вас защитники! Солдаты! Офицеры! Пусть покорятся на земле вам все вершины Здоровья Вам! Добра, и веры! Вы защитники новой России добровольцы, оплот, ополчение дай вам бог нескончаемой силы лишь Россия имеет значение» [захаваныя правапіс і пунктуацыя арыгіналу – «НН»]. У канцы студзеня – пачатку лютага нас зноў чакаюць у Данецку, хоць там адбываецца падцягванне ўкраінскага войска.

«НН»: Апошняе пытанне. Дык Вы разглядаеце Данбас як чый? Украінскі, рускі? Незалежную тэрыторыю?

ВК: Я пытаўся гэта ў байцоў. А што, калі заўтра Расія вас шпурне, калі вы станеце разменнай картай? Усе кажуць, што нам няма куды ісці, куды бегчы. Мы будзем ісці да канца. Мы толькі за незалежнасць, нават калі нас не падтрымае ў будучыні Расія. Гэта гаварылася з такімі пачуццямі, што ў мяне мурашкі ішлі па скуры, гэта не найграеш. А я хацеў бы бачыць там мір. Канечне, найлепш было, каб гэта была федэральная дзяржава ў складзе Украіны са сваімі законамі, мовай. Гэта было б самае правільнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?