Так Якуб Колас у трылогіі «На ростанях» называў Ядвісю, у якую быў закаханы малады настаўнік Лабановіч. Дзякуючы публікацыі пра лёс Ядвігі Бахенскай, якая была правобразам гераіні, удалося адшукаць яе ўнікальнае фота — якраз з таго часу, калі Ядвіга натхняла маладога настаўніка Міцкевіча — будучага Якуба Коласа. На публікацыю ў «НН» адгукнуліся нашчадкі сваякоў Канстанціна Бахенскага, мужа Ядвігі.

У сямейным архіве масквіча Міхаіла Кузьміча, бабуля якога была сястрой Канстанціна, захаваўся «акурат такі» фотаздымак.

На ім маладая Ядвіга стаіць побач з мужам. Хоць на фота і адсутнічае дата, можна ўпэўнена назваць год — 1906. Ядвіга і Канстанцін ажаніліся ў студзені 1906, а ў студзені 1907 у іх нарадзіўся сын. На здымку маладая пара яшчэ без дзяцей, але ў абаіх на руках пярсцёнкі, а значыць, фота зроблена ўжо пасля шлюбу.

Цяпер можна дакладна назваць таксама дату і месца Ядвісінага вяселля.

Нашчадкам Бахенскіх удалося расшукаць у беларускіх архівах запіс аб шлюбе: «29 студзеня 1906 года ў Лунінецкай рыма-каталіцкай капліцы Пінскага прыходу ўзялі шлюб мешчанін г. Пружаны Гродзенскай губерні Канстанцін-Леанард Бахенскі, халасты 29 гадоў, і дваранка Слонімскага павета Гродзенскай губерні Ядвіга-Луцыя Баранцэвіч, дзяўчына 17 гадоў».

Як захаваўся гэты фотаздымак і як ён трапіў у Маскву? Найбольш верагодна, што фота спачатку належала маці Канстанціна — Соф’і, якая жыла ў Лунінцы.

Пасля яе смерці ў 1916 г. сямейныя здымкі дасталіся маладшой дачцэ Алене, сям’я якой таксама жыла ў Лунінцы. Пасля смерці маці Алена пераязджае ў Гомель, куды перавялі яе мужа, інжынера-чыгуначніка Васіля Кузьміча.

Алена Кузьміч (Бахенская)

Алена Кузьміч (Бахенская)

Наступныя дваццаць гадоў Кузьмічы пражывуць ў Гомелі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія выпалі на долю гэтай сям’і ў савецкай дзяржаве і небяспеку, якія неслі «буржуазныя» фотаздымкі, Алена рупліва захоўвала сямейны архіў.

У 1936 годзе сям’я Кузьмічоў аказалася ў Свярдлоўску. З чым быў звязаны такі далёкі пераезд, высветліць не ўдалося.

Фотаздымак апынуўся ў Расіі і захоўваўся ў Алены да яе смерці ў 1979 годзе. Праз два гады Міхаіл Кузьміч, унук Алены, пераязджаючы са Свярдлоўска ў Маскву, забраў фота з сабой.

Стары здымак, які з той пары захоўваецца ў сямейным архіве Міхаіла Кузьміча, не быў, на жаль, падпісаны. А таму і не было абсалютнай пэўнасці, што маладая жанчына на фота — менавіта Ядвіга. Спецыяльная партрэтная экспертыза, праведзеная гэтай восенню, пацвердзіла тоеснасць асобы на здымку з тым фота Ядвігі, якое раней друкавалася ў «НН».

Здымак маладой Ядвісі, трошкі старэйшай ад той, якую пакахаў малады вясковы настаўнік, публікуецца ўпершыню.

***

Сяргей Кузняцоў  нар. у 1982 у Гродне. Юрыст, палітолаг. Жыве ў Варшаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0