Медыцына канстатуе вялікія расходы на вяртанне наркаманаў да жыцця.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 14 студзеня галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Канаразаў, у 2014 годзе ва ўстановы аховы здароўя для аказання высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі пасля перадазіроўкі псіхаактыўнымі рэчывамі быў дастаўлены 1.351 чалавек (у 2013 годзе — 759). Усе яны знаходзіліся ў аддзяленнях рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі. Кошт для дзяржавы аднаго ложка-дня ў гэтых аддзяленнях складае прыкладна 2 млн. рублёў. «У нармальных умовах гэтыя грошы маглі б пераарыентоўвацца для аказання медыцынскай дапамогі асобам, якія пакутуюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні і іншыя хваробы», — сказаў Канаразаў.

У 2014 годзе, паводле яго слоў, былі выкананы 10.822 агляды на факт ужывання наркотыкаў (9.049). «Гэта гаворыць аб прыхаванай эпідэміі наркаўжывання», — канстатаваў спецыяліст. Адзін агляд каштуе 350—400 тысяч рублёў.

«Дзяржава траціць неймаверныя фінансавыя сродкі для стрымання згубнай з'явы», — падкрэсліў Канаразаў.

Ён таксама адзначыў станоўчую дынаміку ў гэтым працэсе. У параўнанні з 2013 годам скарацілася колькасць асоб, якія знаходзяцца на наркалагічным уліку з дыягназам «наркаманія» (з 1.427 да 1.267). «Новыя дызайнерскія наркотыкі, да якіх адносяцца і курыльныя сумесі, у класічным разуменні не з'яўляюцца чыстымі наркотыкамі. Гэта нешта накшталт атруты. У людзей, якія спрабавалі іх ужываць і ўжываюць, цячэнне захворвання не даходзіць да стану залежнасці», — сказаў Канаразаў.

Колькасць асоб, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку (ужывалі адзін-два разы псіхаактыўнае рэчыва), на пачатак 2014 года склала 5.555; год таму — 5.331. «Гэта станоўчая дынаміка», — сказаў спецыяліст.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што калі ў 2014 годзе ад перадазіроўкі наркотыкамі памерлі 32 чалавекі, то колькасць загінулых ад атручэння алкаголем большая за гэту лічбу ў 30 разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0