Наваполацкія праваахоўныя органы спаймалі злодзеяў, якія пранікалі ў кватэры цераз… электралічыльнікі. Недальнабачнасьцю архітэктараў прыдзьвінскія ліхадзеі карыстаюцца не ўпершыню.

Злодзеі выцягвалі шчыт, на якім мацаваліся лічыльнікі, зь нішы, прабівалі танюткую перагародку й праз атрыманую дзірку забіраліся ў кватэру. Агулам на рахунку трох злодзеяў — каля трыццаці гэткіх злачынстваў. Арудавала група на тэрыторыі Наваполацку й Полацку ад леташняга лета. Злавілі іх 26 сьнежня на гарачым, калі яны выходзілі з пад’езду па вуліцы Маладзёжнай.

Некалькі гадоў таму ў Наваполацку ўжо была спайманая злачынная «бырагада», якая рабавала кватэры ў гэткі самы спосаб. Як расказаў начальнік крымінальнага вышуку наваполацкага ГАУС Аляксандар Лубчонак, затрыманым, кожны зь якіх ужо быў раней судзімы за злачынствы, зьвязаныя з замахам на маёмасьць грамадзян, пагражае ад пяці да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі.

Праваахоўныя органы лічаць, што гэткія злачынствы сталі магчымымі з‑за хібаў, дапушчаных праектавальнікамі будынкаў. Цяпер жыхары такіх кватэр пасьпешліва ставяць свае жытлы на сыгналізацыю альбо ўмацоўваюць мэталічнымі лістамі сьцены, у нішах якіх разьмешчаныя лічыльнікі.

Паводле: Натальля Партоліна, «Народныя навіны Віцебска»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0